Ён ужо не адчуваў болю ў змярцвелым сэрцы, але чорны крот угрызаўся ў вантробы. Прыступы з кожным тыднем рабіліся часцей, і, нарэшце, змучаны стары саступіў настойлівым патрабаванням урача і даў сябе агледзець. Прафесар хмурыўся. Асцярожна падрыхтоўваючы хворага, ён сказаў, што патрэбна аперацыя. Але стары не спалохаўся, ён толькі сумна ўсміхаўся: дзякуй богу, хутка канец! Канец паміранню, набліжаецца добрая смерць. Ён забараніў доктару гаварыць аб гэтым сям'і, папрасіў прызначыць дзень і пачаў рыхтавацца. Апошні раз ён пайшоў да сябе ў кантору (дзе ніхто ўжо не чакаў яго і ўсе глядзелі на яго, як на чужога), сеў яшчэ раз у чорнае скураное крэсла, у якім за трыццаць гадоў, за ўсё сваё жыццё прасядзеў тысячы і тысячы гадзін, папрасіў чэкавую кніжку і запоўніў адзін лісток; чэк ён аддаў ашаломленаму велічынёю сумы старшыні суполкі. Гэтыя грошы прызначаліся на дабрачынныя мэты і догляд яго магілы: ён ухіліўся ад падзякі і паспешна выйшаў; пры гэтым у яго з галавы зляцеў капялюш, але ён нават не захацеў нагнуцца, каб падняць яго. І так, з непакрытаю галавою, з мутнымі вачамі на жоўтым маршчыністым твары, ён паплёўся (прахожыя здзіўлена глядзелі яму ўслед) на могілкі, да магілы бацькоў. Там таксама на яго здзіўлена глядзелі цікаўныя. Ён доўга гаварыў з замшэлымі камянямі, як гавораць з жывымі людзьмі. Можа, ён паведамляў ім аб сваім хуткім прыходзе ці прасіў благаславення? Ніхто не чуў яго слоў, толькі губы варушыліся, шапталі малітвы, і ўсё ніжэй гойдалася і апускалася галава. Каля выхаду яго, добра ўсім вядомага, абступілі жабракі. Ён стаў паспешна выцягваць з кішэняў манеты і паперкі; калі ён усё ўжо раздаў, падышла кульгавая старэнькая, высахлая бабулька і ўмольна працягнула руку. Ён разгублена пашукаў у кішэнях і нічога не знайшоў. Толькі на пальцы яшчэ ціснула штосьці цяжкае і чужое — залаты заручальны пярсцёнак. Нейкі цьмяны ўспамін варухнуўся ў ім, — ён паспешна зняў пярсцёнак і аддаў яго здзіўленай старэнькай.
І вось так, бедны, вычарпаны да дна і адзінокі, стары лёг пад нож хірурга.
Калі стары апрытомнеў пасля наркозу, дактары, з-за цяжкага стану хворага, выклікалі жонку і дачку, ужо паінфармававых пра аперацыю. З цяжкасцю падняліся сіняватыя павекі. «Дзе я?» — пытаўся позірк, скіраваны на белыя сцены чужога пакоя.
І тут дачка ласкава нахілілася над бледным, асунутым тварам. І раптам штосьці ўспыхнула ў патухлых зрэнках. Іскрынка святла загарэлася ў іх: вось жа яна, горача любімая дачка, вось яна, Эрна, ласкавае, цудоўнае дзіця! Павольна, вельмі павольна паварушыліся горка сціснутыя вусны — усмешка, ледзь прыкметная, даўно забытая ўсмешка кранула кончыкі рота. І, узрушаная гэтым слабым, бездапаможным выказваннем, яна нахілілася, каб пацалаваць абяскроўленую бацькаву шчаку.
Але раптам — ці быў то прыкры пах духоў, які абудзіў цьмяны ўспамін, ці ў дрымотным мозгу ажылі даўнія думкі, — твар у хворага, які толькі што ззяў шчасцем, жахліва перакрывіўся; бледныя губы гнеўна сціснуліся, рука пад коўдраю нервова заторгалася, спрабуючы падняцца, быццам хацела адштурхнуць нешта агіднае, усё змучанае цела дрыжала ад хвалявання.
— Прэч!.. Прэч!.. — ледзь чутна, але ўсё ж зразумела лепяталі змярцвелыя вусны. І такая страшэнная агіда і пакутлівае ўсведамленне немагчымасці ўцячы самому адлюстраваліся ў рысах паміраючага, што ўрач заклапочана адвёў жанчын убок.
— Ён трызніць, — шапнуў ён, — лепш пакінуць яго аднаго.
Як толькі жонка і дачка пайшлі, на твары ў хворага з'явіўся ранейшы выраз стомленасці і спакою. Ён яшчэ глуха дыхаў — хрыплае дыханне вышэй і вышэй узнімала грудзі, якія ўбіралі ў сябе паветра, неабходнае для дыхання ўсяму жывому. Але хутка яны стаміліся прымаць гэтую горкую яду чалавека, і калі ўрач прыклаў вуха да сэрца старога, яно ўжо перастала яму балець.
Нябачная калекцыя
Эпізод з часу інфляцыі ў Германіі
На другім прыпынку пасля Дрэздэна ў наша купэ ўвайшоў пажылы пан, ветліва прывітаўся, потым, уважліва паглядзеўшы на мяне, яшчэ раз асобна кіўнуў мне, як добраму знаёмаму. У першы момант я не пазнаў яго, але ледзь толькі ён з лёгенькаю ўсмешкаю назваў сваё прозвішча, я адразу ж успомніў: гэта быў адзін з самых знакамітых берлінскіх антыквараў, да якога я да вайны нярэдка заходзіў, каб паглядзець або купіць старыя кніжкі і аўтографы. Мы крыху пагаварылі аб рознай драбязе. Раптам зусім нечакана ён усклікнуў:
— Я абавязкова павінен расказаць вам, адкуль я еду. За ўсе трыццаць сем гадоў працы я, стары антыквар, ніколі не сустракаў нічога падобнага. Вы, мусіць, ведаеце самі, што цяпер робіцца ў антыкварным гандлі, з таго часу, як вартасць грошай пачала выпарацца, быццам лёгкі газ: новыя багацеі раптам загарэліся жаданнем набываць гатычных мадонаў і першадрукі, карціны і гравюры старажытных майстроў; задаволіць іх попыт немагчыма, так і глядзі, каб не абабралі цябе да ніткі. Дай ім волю — яны выцягнуць запінкі з манжэтаў і забяруць лямпу з пісьмовага стала. Вось чаму расстарацца новага тавару ўсё цяжэй і цяжэй. Прабачце, што я тут назваў таварам свяшчэнныя для нас з вамі мастацкія скарбы, — але гэтае злое племя да таго давяло нас, што цудоўныя гравюры старых венецыянскіх майстроў пачынаеш разглядаць як эквівалент пэўнай колькасці даляраў, а малюнак Гверчына як увасабленне некалькіх сотняў франкаў. Ад гэтых ахопленых маніяй набыцця людзей няма ніякага ратунку. І вось аднаго разу я бачу, што мая лаўка зноў спустошана; і мне, мабыць, лепш будзе зачыніць на вокнах аканіцы — так мне было сорамна бачыць у старой лаўцы — яе яшчэ мой тата атрымаў у спадчыну ад дзеда — адны ўбогія крыхі хламу, які раней нават старызнік з паўночнай часткі Берліна не паклаў бы на сваю каляску.
У такім нялёгкім становішчы мне неяк прыйшла ў галаву думка прагледзець старыя канторскія кнігі. Я разлічваў знайсці ў іх каго-небудзь з былых пакупнікоў, у якіх, можа, удалося б выманіць пару дублікатаў. Але спісы старых кліентаў звычайна, а асабліва ў наш час, нагадваюць нешта накшталт могілак, і я даведаўся з іх мала чаго: большасць былых пакупнікоў памерла або даўно вымушана была прадаць сваю маёмасць з малатка, а ад тых нямногіх, хто ўцалеў, нельга было разлічваць што-небудзь атрымаць. Раптам я натыкнуўся на цэлы пачак лістоў нашага, бадай што, самага старога кліента — я толькі таму зусім забыўся пра яго, што з 1914 года, з самага пачатку сусветнай вайны, ён ні разу не звярнуўся да нас з заказам або з запытаннем. Перапіска яго з намі пачалася — я не перабольшу — гадоў шэсцьдзесят таму назад; ён купляў яшчэ ў таты і дзеда, але за трыццаць сем гадоў маёй самастойнай працы, наколькі мне помніцца, ніколі не наведваў нашай лаўкі. Усё сведчыла пра тое, што гэта быў вельмі незвычайны, старамодны дзівак, адзін з тых намаляваных пэндзлем Менцаля і Шпіцвега тыпаў, рэдкія экземпляры якіх і цяпер яшчэ можна дзе-нідзе сустрэць у невялічкіх правінцыяльных нямецкіх гарадах. Яго вельмі акуратныя лісты былі напісаны каліграфічным почыркам, сумы падкрэслены па лінейцы чырвоным чарнілам, і, каб пазбегнуць памылкі, лічбы паўтараліся двойчы; да таго ж ён заўсёды скарыстоўваў вывернутыя навыварат канверты і чыстыя аркушы паперы, якія заставаліся ад чужых лістоў. Усё гэта сведчыла аб выключнай дробязнасці і фанатычнай скупасці безнадзейнага правінцыяла. Падпісаны гэтыя своеасаблівыя дакументы былі заўсёды акрамя яго імя яшчэ і поўным тытулам: «Саветнік ляснога і эканамічнага ведамства ў адстаўцы, лейтэнант у адстаўцы, кавалер ордэна Жалезнага крыжа першай ступені». Адсюль можна было зрабіць вывад, што калі ён яшчэ жывы, то яму, як ветэрану вайны 1870 года, цяпер сама меней восемдзесят гадоў. Але гэты смешны дзівак-скнара праяўляў незвычайны розум, выдатнае веданне матэрыі і самы далікатны густ, калі справа тычылася калекцыяніравання старых гравюр. Калі я адзін за адным падлічыў усе яго набыткі амаль за шэсцьдзесят гадоў — а за першыя з іх ён плаціў яшчэ зільбергрошамі, — то ўбачыў, што гэты маленькі правінцыял за час, калі за талер можна было купіць цэлы стос гравюр выдатнейшых нямецкіх майстроў, памалу сабраў сабе калекцыю эстампаў, якая смела заняла б самае пачэснае месца сярод шумных калекцый нашых новых багацеяў. Бо нават тое, што ён паспеў за паўстагоддзя набыць за маркі і пфенігі толькі ў нас, каштавала цяпер вялізныя грошы, але ж можна было чакаць, што ён не прапускаў выпадку набыць сёе-тое і на аўкцыёнах, і ў другіх антыквараў. Праўда, з 1914 года мы не атрымалі ад яго ніводнага заказу, але я вельмі добра знаёмы з тым, што робіцца ў гандлі мастацкімі творамі, каб міма мяне маглі прайсці продаж на аўкцыёне ці поўны распродаж вось такой калекцыі. Значыцца, або гэты дзівак чалавек яшчэ жывы, або калекцыя ў руках яго спадчыннікаў.
Справа гэтая зацікавіла мяне, і адразу ж на другі дзень, гэта значыць учора ўвечары, я, нядоўга думаючы, выбраўся ў адзін з самых нязносных правінцыяльных саксонскіх гарадкоў. Калі я паволі ішоў з маленькай чыгуначнай станцыі па галоўнай вуліцы, мне здавалася проста неверагодным, каб дзесьці тут, сярод гэтых пошла-аднолькавых дамкоў з іх мяшчанскім хламам, у адным з гэтых пакойчыкаў мог жыць чалавек, які валодаў бездакорна поўнаю калекцыяю цудоўнейшых афортаў Рэмбранта, гравюр Дзюрэра і Мантэньі. На маё здзіўленне, на пошце, дзе я спытаўся, ці жыве тут саветнік ляснога і эканамічнага ведамства такі-та, мне адказалі, што стары жыве, і яшчэ раніцаю я, крыху хвалюючыся, калі гаварыць шчыра, падаўся да яго.
Я без цяжкасці знайшоў яго кватэру. Яна была на другім паверсе аднаго з тых немудрашчых правінцыяльных дамоў, якія ў шасцідзесятых гадах наспех ляпілі архітэктары-спекулянты. На першым паверсе жыў кравец, на другім злева блішчала металічная шыльдачка з прозвішчам паштмайстра, а справа — фарфоравая таблічка з прозвішчам саветніка ляснога і эканамічнага ведамства. На мой нясмелы званок адразу ж адчыніла старэнькая сівенькая жанчына ў чыстым чорным каптуры. Я падаў ёй сваю візітоўку і спытаўся, ці можна пабачыцца з панам саветнікам. Здзіўлена, з відавочным недаверам паглядзела яна спачатку на мяне, потым на картку: у гэтым глухім кутку, у гэтым старамодным доме з'яўленне чужога чалавека было, відаць, вялізнаю падзеяю. Тым не менш яна ветліва папрасіла мяне пачакаць і пайшла з карткаю ў пакоі; спачатку я пачуў адтуль яе шэпт, і раптам загучаў магутны грукатлівы мужчынскі голас: «А-а! Пан Р. з Берліна!.. З вялікай антыкварнай фірмы... Вельмі рады... Хай праходзіць». І адразу ж старэнькая зноў дробненька патупала да дзвярэй і запрасіла мяне зайсці.
Я зняў паліто і пайшоў. Пасярэдзіне сціпла абстаўленага пакоя стаяў на ўвесь рост стары, але даволі моцнага складу мужчына з густымі вусамі, у паўваеннага крою хатняй куртцы са шнурамі і радасна працягваў мне абедзве рукі. Але гэтаму шырокаму жэсту самай шчырай гасціннасці супярэчыла нейкая дзіўная здранцвеласць ягонае паставы. Ён не зрабіў ні кроку мне насустрач, і, каб паціснуць яго працягнутую руку, я, крыху збянтэжаны такім прыёмам, вымушаны быў падысці да яго ўсутыч. І вось калі я ўжо збіраўся дакрануцца да яго рукі, я раптам заўважыў, што яна нерухома застыла ў паветры і не шукае мае рукі, а толькі чакае. І тут жа мне ўсё стала ясна: гэты чалавек быў сляпы.
Я з дзяцінства ўвесь час адчуваў сябе няёмка, калі аказваўся адзін на адзін са сляпым; ніколі я не мог пазбавіцца пачуцця сораму і збянтэжанасці пры думцы, што вось перада мною стаіць жывы чалавек, які, аднак, успрымае мяне не так, як я яго. Гэтак і цяпер, калі я глядзеў на скіраваныя ў пустату нежывыя вочы пад сівымі натапыранымі густымі брывамі, я вымушаны быў зрабіць пэўнае намаганне, каб справіцца з раптоўным страхам. Аднак сляпы не даў мне часу доўга аддавацца дзіўнаму пачуццю; ледзь толькі мая рука дакранулася да ягонай, ён моцна патрос яе і аднавіў свае гучныя бурныя прывітанні.
— Вось хто папраўдзе рэдкі госць, — усміхаючыся на ўвесь рот, грукатаў ён, — ці ж гэта не дзіва, што ў наш бярлог завітаў важны берлінскі пан?.. Але калі хто-небудзь з паноў антыквараў выбіраецца ў дарогу, трэба трымаць вуха востра. У нас кажуць: «Прыйшлі цыганы — дзверы на замок...» Так, так, я здагадваюся, што вас прывяло сюды... У нашай беднай спустошанай Германіі справы цяпер дрэнь і зусім няма пакупнікоў, і вось паны антыквары ўспомнілі пра сваіх старых кліентаў і адправіліся шукаць аблудных авечак. Баюся толькі, што ў мяне вам не пашанцуе; мы, бедныя старыя пенсіянеры, радыя ўжо і кавалку хлеба на стале. Сённяшнія вашыя шалёныя цэны болей нам не па кішэні... Не, наша песенька спета.
Я паспяшаўся запэўніць старога, што ён няправільна зразумеў мяне, што я прыехаў зусім не дзеля таго, каб штосьці прадаць яму, а проста я быў тут паблізу і скарыстаў зручны выпадак, каб засведчыць сваю пашану шматгадоваму кліенту нашай фірмы і аднаму з буйнейшых нямецкіх калекцыянераў. Ледзь я прамовіў словы «аднаму з буйнейшых нямецкіх калекцыянераў», твар старога цудоўна змяніўся. Ён усё гэтак жа нерухома стаяў выпрастаны пасярод пакоя, але ўвесь быў нейкі прасветлены, і на твары адлюстроўвалася вялікая гордасць; ён павярнуўся ў той бок, дзе, як ён думаў, стаяла жонка, быццам хацеў сказаць ёй: «Вось бачыш!» — і мякка, амаль з ласкаю, голасам, у якім не засталося і следу ад грубаватасці старога ваякі, а чуваць была толькі шчырая радасць, звярнуўся да мяне:
— Далібог, вы вельмі, вельмі міла зрабілі... Але вы не пашкадуеце, што зайшлі да мяне. Вы ўбачыце тое, чаго вам не выдараецца бачыць кожны дзень нават у вашым ганарлівым Берліне... пару рэчаў, цудоўней якіх няма ні ў музеі «Альберціна», ні ў гэтым богам праклятым Парыжы... Так, калі цэлых шэсцьдзесят гадоў займаешся калекцыяніраваннем, то абавязкова знойдзеш такое, што не валяецца на вуліцы. Луіза, дай мне ключ ад шафы!
Але тут здарылася нешта нечаканае: старэнькая, якая дагэтуль моўчкі стаяла каля мужа і з дружалюбнаю ўсмешкаю прыслухоўвалася да нашай размовы, раптам умольна працягнула да мяне абедзве рукі і адмоўна заматала галавою; спачатку я не зразумеў, што значылі гэтыя знакі. Потым толькі яна падышла да мужа і, дакрануўшыся да яго плячэй рукамі, сказала:
— Герварт, ты нават не спытаўся ў госця, ці ёсць у яго цяпер час глядзець тваю калекцыю. Ужо ж скора поўдзень. А пасля абеду табе трэба з гадзіну адпачыць, доктар настойвае на гэтым. Можа, лепей ты пакажаш свае гравюры пасля абеду? А потым мы разам вып'ем кавы. Дый Анна-Мары вернецца, а яна ўсё разумее куды лепей за мяне і дапаможа табе.
І зноў, ледзь толькі яна скончыла гаварыць, цераз галаву старога яна паўтарыла свой настойліва ўмольны жэст. Цяпер я зразумеў: старая хацела, каб я ўхіліўся ад неадкладнага агляду, і я тут жа прыдумаў адгаворку, сказаў, што я вельмі ўсцешаны і буду рады паглядзець яго калекцыю, але мяне чакаюць на абед, і я наўрад ці вызвалюся да трох гадзін.
Стары сярдзіта адвярнуўся, як пакрыўджанае дзіця, у якога забралі самую любімую цацку.
— Канечне, — прабурчаў ён, — панам-берлінцам заўсёды няма калі. Але на гэты раз вам прыйдзецца набрацца цярпення, бо гаворка ідзе не пра якія-небудзь тры-пяць гравюр, а пра дваццаць сем папак, і ўсе яны паўнюткія. Добра, хай будзе ў тры гадзіны; ды глядзіце не спазніцеся, бо іначай мы не справімся.
І зноў яго рука выцягнулася ў пустату насустрач маёй.
— Вось пабачыце, — сказаў ён, — вам будзе з чаго радавацца, а можа, нават і на што злавацца. І чым болей вы будзеце злавацца, тым болей буду рады я. Нічога не зробіш, такія ўжо мы, калекцыянеры: усё сабе і нічога другім! — І ён яшчэ раз моцна патрос маю руку.
Старая праводзіла мяне да дзвярэй. Я ўвесь час адчуваў, што ёй не па сабе; на твары ў яе былі страх і нейкая збянтэжанасць. І вось ужо каля самых дзвярэй яна прыгнечана і ледзь чутна пралепятала:
— Можа... можа, вы дазволіце, каб па вас зайшла мая дачка Анна-Мары? Гэта было б лепей, тут ёсць свае прычыны... Вы абедаеце, мусіць, у гатэлі?
— Канечне, я буду рады, з прыемнасцю, — адказаў я.