Баран гаварыў так рашуча, што Паўлінка не наважылася пярэчыць. У спеху яна пачала здымаць сукенку і бялізну. А потым падала іх Аліку праз шырму. Баран выйшаў на двор і, перадаючы рэчы Паўлінчынай матцы, сказаў:
— Бацька Паўкі казаў мне сёння, што яна ніякіх рэчаў не мае… Гэта хіба памылка… — ён кіўнуў галавою на воз. — Абыдземся і без ягонай ласкі… Едзь назад, — сказаў ён фурману.
І воз развярнуўся на вуліцу.
У майстэрні Баран сеў на зэдлік пры варштаце і доўга глядзеў у акно, пра нешта думаючы. Паўка выйшла з кватэры, а праз чвэрць гадзіны вярнулася з вазонам, у якім рос вялікі куст пеларгоніі. Вазон яна паставіла на падаконні.
— Падабаецца кветка? — запытала яна ў Аліка.
— Так… А дзе ты яе ўзяла?
— Прынесла ад сяброўкі… Тут будзе весялей…
— А як называецца?
— Пеларгонія…
— Пеларгонія, — задуменна паўтарыў Баран, а праз хвіліну дадаў: — Півоня і пеларгонія…
— А што за півоня? — не зразумела яго ГІаўця.
— Півоня — гэта ты…
Паўлінка акінула яго здзіўленым позіркам. Ёй была чужая гэтая паэтычнасць у пачуццях, якой Барана адарыла каханне. Для яе ўвага і далікатнасць Аліка былі камічнымі, а сам ён падаваўся ёй недарэчным.
Праз некалькі дзён Баран пачаў жыць з Паўлінкай як з жонкай. У любоўных справах ён быў неабазнаны, амаль наіўны і крыху суровы. Жанчын ён браў холадна, абыякава, нібы ад злосці, што час ад часу мусіць гэта рабіць. З Паўцяй ён разгубіўся. Тое, што яна таксама жанчына — як і кожная іншая, — стала для яго адкрыццём. Кожная ноч з ёю была іншай, кожная ноч давала яму безліч новых адчуванняў. Паўця спрытна выдала сябе за нявінніцу і старалася пераканаць у гэтым Аліка. Баран ёй не паверыў, але гэтае пытанне зусім яго не цікавіла. Ён ставіўся да яе заўсёды добра, лагодна, ветліва, але Паўця з нейкай прычыны яго баялася. Дзяўчына выхавалася ў дробнамяшчанскім асяроддзі і была прызвычаеная да бязглуздай, пустой, бессэнсоўнай балбатні. У той жа час Баран гаварыў наогул мала, акрамя таго, жыццё, поўнае выпрабаванняў і рызыкі, навучыла яго цаніць словы і прамаўляць іх толькі тады, калі яны насамрэч былі патрэбныя. Мора словаў, якімі людзі раскідваюцца, марнуюць час і псуюць характары, многіх робіць языкатымі робатамі… мутнай вадой… Баран, калі не ведаў справы, не ўлазіў у яе абмеркаванне. Калі справу вывучыў, то адразу і дзейнічаў. Гэтая Алікавая рыса турбавала і раздражняла Паўлінку, таму для ўласнага спакою яна ўголас разважала пра кожную дробную справу і цягнула каханка за язык.
— Ведаеш, Алічак, я хачу купіць фіранку на акно. Так прыгожа было б. Хіба не?
— Купі.
Баран не лічыў грошай, якія даваў Паўлінцы на вядзенне гаспадаркі. Памеры выдаткаў зусім яго не цікавілі. Паўця купіла дзве фіранкі, адну з якіх павесіла на акне. Глянуўшы на сваю працу, яна ажно пляснула ў ладкі ад захаплення:
— Ах, як жа цяпер прыгожа! Хіба не? Шкода, што няма другога акна, а то быў бы цуд. Вось дзе бяда!
— Павесь на дзвярах. Яны ж таксама шыбу маюць…
— А можа, і праўду кажаш.
Другая фіранка з’явілася на дзвярах. Паўця была задаволеная. Баран маўчаў. Фіранка на акне, пры якім стаяў шавецкі варштат, была камічнай, забірала шмат святла і перашкаджала ў працы. Але Баран нічога не сказаў.
— Ведаеш, колькі я заплаціла? Га? Амаль задарма ўзяла!
Паўця назвала нейкую суму, пасля чаго Баран глянуў на яе не то іранічна, не то са здзіўленнем. Ён добра арыентаваўся ў коштах і лічыў, што Паўця пераплаціла за фіранкі ўтрая.
«Ашукалі дурніцу», — падумаў ён.
Ён і не здагадваўся, што Паўця заплаціла менавіта столькі, колькі належала, а ў два разы большую суму ўтаіла ад каханка — для сябе.
— Ты не думай, што гэта дорага, — балбатала Паўця. — Гэта ж амаль як карункі. Хіба не?
Баран маўчаў. «Дзіця яшчэ», — думаў ён з чуласцю. А Паўця знаходзіла ўсё новыя патрэбы і, як сарока, сцягвала ў дом розныя брыдкія і бескарысныя рэчы. Кожны раз пры тым, у залежнасці ад апетыту і магчымасці, каб не выклікаць падазрэнняў, на любым набытку яна нешта «зарабляла».
У Аліка ж справы пагоршыліся. Ён згубіў зладзейскую чуйку. З цяжкасцю ён знаходзіў хоць нейкую работу і выконваў яе абы-як. А выдаткі раслі, таму ён пераймаўся і кідаўся на што-кольвек. Яму было цяжэй, бо цяпер ён заўважыў у сабе яшчэ адно новае пачуццё — страх. Ён баяўся трапіць у рукі паліцыі, каб Паўця не засталася адна. Раней ён працаваў асцярожна, але ўпэўнена. Умеў дачакацца самага спрыяльнага моманту і тады без вагання, з дакладнай ацэнкай сітуацыі здзяйсняў самыя цяжкія крадзяжы. Цяпер ён пачаў задумвацца там, дзе трэба было дзейнічаць. І вельмі сур’ёзна рызыкаваў, калі трэба было зрабіць усё вельмі акуратна, не пакідаючы па сабе ніякіх слядоў… Ён быў дасведчаны злодзей і ўсведамляў, у чым тоіцца прычына, але толькі зводзіў бровы на лобе і маўчаў з яшчэ большай упартасцю.
Аднаго разу Алік вярнуўся дадому познім вечарам. Прыехаў фурманкай і ледзь дакульгаў з вуліцы дадому. Паўця ўстрывожылася:
— Алічак, што з табой?