Хурдзіч ледзь не расказаў. Але ў апошні момант стрымаўся і кінуў дзёрзка, са свістам:
— Чаго ты хочаш?
— Хачу забраць яе рэчы.
— Няма тут аніякіх яе рэчаў! Тут усё маё! А ты тут чаго мне камандуеш? Га? Я зараз паліцыю паклічу!
— Спакойна! Спакойна! — сказаў Баран. — І паліцыяй не надта тут мне хваліся. Бо як я пайду з Паўкай да доктара, а пазней падам на цябе ў суд, то будзе яшчэ горш.
— А што табе да гэтага?
— Мне да гэтага тое, што я ейны жаніх, а як атрымаю метрыку з Вільні, то возьмем шлюб. А цяпер давай яе рэчы…
— Няма тут аніякіх яе рэчаў!
— Добра… То так сабе і запомнім, што Паўка нічога не мае… Усяго найлепшага…
Баран развярнуўся і выйшаў на вуліцу. Хурдзіч кінуў працу на падворку і пайшоў у дом. Ударыў за нешта Юліка і, лаючыся, хадзіў па пакоі. Пасля абеду ён паклікаў жонку і загадаў ёй сабраць Паўчыны рэчы.
— Якія рэчы?! — здзівілася кабета.
— Усе!.. Каб ніводнай ніткі яе тут не засталося.
— Бялізну таксама?
— Усё, я табе кажу! — тупнуў нагой Хурдзіч.
Тым часам Баран вярнуўся дадому і загадаў Паўлінцы ісці з ім у горад. Яны абышлі шмат крамаў, і Баран купіў для Паўкі некалькі камплектаў бялізны, панчох, сукенку і паліто.
— Гэта на пакуль… Потым купім больш і лепшага.
Яны вярнуліся дадому позна, нагружаныя пакункамі. Паўця вельмі цешылася з набыткаў і не пераставала дзякаваць Аліку. Баран пры гэтым штораз болей хмурыўся, стараючыся схаваць сваё задавальненне.
Вечарам пад майстэрню Барана заехала фурманка. Нюра — матка Паўлінкі — злезла з воза і ўвайшла ў будынак. Ацэньваючы, яна акінула зрокам памяшканне і звярнулася да Паўлінкі:
— Я прывезла табе рэчы… Татка прыслаў…
Баран прывітаўся з будучай цёшчай і выйшаў на ганак, пакінуўшы жанчын саміх. На падворку ён пабачыў невялікі воз, на якім быў жалезны ложак, масіўны кош з лазы з навясным замком, матрац і нейкія дробныя клункі.
— Куды выгружаць? — запытаў Барана фурман.
— Пачакай, — адказаў Баран і вярнуўся ў майстэрню.
Калі Баран увайшоў, матка Паўлінкі пачала з ёю развітвацца.
— Фурману заплочана, — сказала яна Барану.
Алік нешта ёй буркнуў у адказ, і жанчына выйшла з кватэры. Баран дагнаў яе і сказаў:
— Пачакайце, калі ласка! Тут ёсць яшчэ адна справа.
Жанчына стала пры возе, а Баран вярнуўся ў дом і ўсхваляваным голасам сказаў Паўлінцы:
— Распранайся… хутка…
— Навошта? — здзівілася дзяўчына.
— Я ім адашлю ўсё іхнае… Ну, давай!..