Ясь, раздзеты дагала, закрыў далонямі твар. Яго шчокі ўзмакрэлі ад поту. Ён адчуў, што Маруся пачала цалаваць яго ў грудзі ды супакойваць ціхім голасам:
— Не бойся, маленькі… Ты прыгожы як грэчаскі бог… Усё будзе добра… Гэта самая прыемная рэч у свеце…
Праз гадзіну, пасля псіхічных пакутаў, сораму і нейкай балеснай асалоды Ясь ціха ляжаў у ложку каля Марусі. Ён адчуваў пах ейнага цела, яна ж ціхенька смяялася, а потым сказала нібы знясіленым голасам:
— І нічога табе не сталася… А ты так баяўся… Цяпер ты прынамсі стаў мужчынам, ужо не смаркач болей.
Ясь неспадзявана сам для сябе выціснуў скрозь зубы:
— Я і раней быў мужчынам.
Маруся весела засмяялася.
Калі Ясь а восьмай выходзіў з кватэры Марусі, яна правяла яго да дзвярэй, каб зноў па яго выхадзе замкнуцца на крук. Яна абняла яго за шыю голымі, халоднымі цяпер рукамі і спытала:
— Ці спадабалася ж табе чорная кава?.. Што скажаш?..
— Нясмачная, — упэўнена адказаў Ясь.
— Можа, табе яшчэ спадабаецца яе смак. Дабранач.
Удома Ясь старанна вымыўся. Ён адчуваў да сябе агіду. Быў злы на Марусю. Тое, што сёння з ім адбылося і пра што ён даўно сніў і марыў, цяпер здалося яму жудасным, нават ганебным. Яму падавалася, што ён стаў горшым, стаў залежным ад той жанчыны, з якой зрабіў гэтак непрыстойны, неэстэтычны, брудны акт. Праз гэта ён адчуваў да яе крыўду і горыч. Калі ён ужо ляжаў у ложку, а ў ягоны пакой па нешта ўвайшла сястра ў адной кашулі — не такой прыгожай, як у Марусі, — ён узлавана гыркнуў на яе:
— Лазіць голая, як малпа! Не сорамна табе?
— Ты што? Здурнеў? — адказала здзіўленая Гэля.
— Я табе зараз здурнею!
Ясь падскочыў з ложка. Гэля, не чакаючы, што будзе далей, шмыгнула за дзверы.
10
ПІВОНЯ І ПЕЛАРГОНІЯ
Справа ад уваходу ў шавецкую майстэрню Барана буйна квітнеў вялікі куст бэзу. Сакавітыя, свежыя, цяжкія гронкі кветак іскрыліся ранкам у брыльянтавай расе, днём палыхалі ў зелені, а вечарам цяжка згіналіся долу. Гэта была магія вясны, яе сіла і хараство, яе чары… Гэтаксама буйна расквітнела ў сэрцы Барана каханне. Ён цалкам патануў у ім. Пазбавіцца кахання ён мог толькі вырваўшы сваё сэрца. Паўка зрабіла ягонае жыццё неверагодным. У святле кахання нават ейныя недахопы блішчэлі для Барана, як каштоўныя камяні. Яе капрызы і жаданні рабіліся для яго законам.
На другі дзень пасля з’яўлення ў яго Паўлінкі Баран, нічога ёй пра гэта не кажучы, пайшоў да Хурдзіча. Цясляр быў на падворку каля дому і нешта рабіў пры кучы дошак.
— Добры дзень, — прывітаўся Баран.
Хурдзіч нешта яму адбуркнуў, нібы з-пад палкі.
— А чаго вы гэта неяк но ў гуморы? — спакойна запытаў Баран.
— А што мне, танцаваць ці спяваць? Га? — рэзка адказаў Хурдзіч.
Баран прымружыў адно вока і сказаў ціха, спакойна, але ўпэўнена:
— Ты не вызвярайся, стары ёлупень! Я з табой як з нармальным чалавекам размаўляю, дык і будзь чалавекам, а не сабакам, бо я цябе навучу, як трэба з людзьмі размаўляць.
Хурдзіч выпрастаўся, вылупіў вочы і ашаломлена глядзеў Барану ў твар.
— Што-о-о?! — пацягнуў ён нізка і дзіка.
— Тое, што чуў!.. Я табе не Паўлінка… Са мной ты так не пагаворыш… Каб ты не быў ейным бацькам, то я б цябе навучыў яшчэ розуму, ты, фраерская дубіна!
Хурдзіч знямеў. Ён сутаргава сціскаў пальцы ў кулакі і цяжка дыхаў. А Баран казаў далей:
— Такога бацьку то толькі са скуры абдзерці… За што ты, боўдзіла, так яе збіў?