— Ну, якая? Якая?
— Такая… ну, такая прыгожая і свежая, і ўвогуле… цудоўная…
— Ах, які ж ты мілы! — рассмяялася Маруся. — А ведаеш што!.. Знову кажу «ты»… Давай вып’ем на брудэршафт… Бо казаць на «вы» — гэта страшна нудна… А сам-насам давай будзем казаць сабе заўсёды «ты»… Як сябры… Добра?
— Вядома, — згадзіўся Ясь, нават не разумеючы, пра што вядзецца.
Лобава зноў наліла два кілішкі.
— Гэта робіцца вось так!..
Яна падала Ясю кілішак гарэлкі, пераклала сваю руку праз руку хлопца і міргнула, што можна піць.
— А цяпер трэба пацалавацца, — сказала Маруся, калі яны выпілі.
Жанчына паставіла кілішак на стол, узяла галаву Яся ў далоні і хутка пацалавала яго ў губы.
— Што, смачна?..
— Смачна… — адказаў Ясь, не ведаючы, пра што яго пытае: пра смак пацалунку ці гарэлкі.
— Цяпер я зраблю каву, — сказала Маруся. — Ты любіш чорную каву?
— Я?.. Не ведаю… Ніколі не піў…
— Што?! Ніколі не піў?.. Гэта ж самая цудоўная рэч на свеце!.. Гэта і яшчэ адно… За чорную каву я б душу аддала!
Маруся згатавала на нафтавай машынцы ваду і запарыла каву. Пасля гэтага яна дастала з малой шафкі бутэльку лікёру.
— Гэта сапраўдны кюрасаў. Самы любімы мой лікёр. Чорная кава, лікёр і крохкае пячэнне — гэта для мяне ежа багоў…
Лобава гаварыла, смяялася і рыхтавала ўсё для кавы. Напоўніўшы вялікія, зусім не кававыя філіжанкі гарачай цёмнай вадкасцю, яна падала іх хлопцу і загадала добра пасаладзіць.
— Ведаеш, даражэнькі, кава мае быць чорная, як ноч, гарачая, як пекла, і салодкая, як каханне.
Ясь піў каву, еў пячэнне і з захапленнем глядзеў на Марусю, якая мружылася ад задавальнення, кусаючы пячэнне, і вучыла хлопца, як трэба правільна піць лікёр з кавай. Праўда, тут Маруся парушыла адно сваё правіла, дадаўшы ў філіжанкі амаль столькі ж лікёру, што і кавы. Ясь ужо добра захмялеў. Ён весела рагатаў з Марусіных жартаў і сам не зусім складна расказваў ёй розныя анекдоты і смешныя гісторыі, якіх шмат пачуў ад дзядзькі Жардоня і ад знаёмых з ніжніх і сярэдніх слаёў мяшчанства. Неспадзявана для Марусі ён стаў вельмі дасціпны. Яго пастаянная чуйнасць і асцярога ў адносінах яе зніклі. Ён шчыра весяліўся і зусім не адчуваў аніякай збянтэжанасці.
— Але ж тут і горача! — сказала раптам Маруся. — Ух!.. Ты не будзеш супраць, калі я крыху раздзенуся?
І не чакаючы адказу Яся, яна зняла блузку і спаднічку, застаўшыся толькі ў лёгкай кароткай сподняй кашулі блакітнага колеру. Ясю гэта не падалося дзіўным. Яму было прыемна на яе глядзець. Яна падавалася яму прыўкраснай німфай паветра. А яна і сапраўды была зграбнай, гібкай ды вабнай.
Маруся пругка падбегла да Яся і села яму на калені, абняўшы за шыю.
— Ведаеш што, дурненькі, — сказала Маруся. — Я заўважыла, што ты зусім не ўмееш цалавацца.
— Ну, так… Не ўмею…
Маруся весела пачала вучыць хлопца тэхніцы пацалункаў. Яна заўважыла, што Ясь расхваляваўся, і ёй гэта таксама перадалося. Заняткі рабіліся ўсё больш гарачымі, ажно праз некаторы час і настаўніцы, і вучню заняло дыханне. Ясь адчуў, што ў яго пачалі ляскаць зубы, нібы ад холаду. Маруся змусіла яго ўстаць з месца.
— Табе холадна… мне таксама… Трэба троху паляжаць, сагрэцца і супакоіцца… адпачыць…
Хуткім рухам яна адкінула ўбок край коўдры на ложку і дапамагла Ясю раздзецца.
Хлопец дрыжаў. Калі ён застаўся толькі ў сподняй кашулі, то схапіў яе ўнізе за край, пацягнуў долу і бязрадна прамовіў:
— Я не хачу… Я баюся…
— Чаго?.. Дурненькі… — чамусьці шэптам сказала Маруся.