Яны спявалі гэтую песню да самай раніцы. Потым Дзіда-дзед спусціў дзяўчынку з каленяў і сказаў:
— Будзем віцца, плотачка мая, вакол магутнага дуба вечнага жыцця, і ніякія вятры Смерці нам не страшны. Абыдземся без паганіцы. Няхай яна ў табакерцы дрыхне... Няхай наве...
Дзіда-дзед спыніўся на паўслове і давай прыслухоў вацца. Паківаў ён галавой і здзіўлена прамовіў:
— Было ціха як у магіле, а раптам зноў... Выскачы, браток Люсенька, паглядзі, хто там шуміць у лесе.
Люсенька паслухалася і праз пару хвілін ускочыла ў хату збянтэжаная і засопшыся. Яна паведаміла:
— Ой, татка! У лесе, ух, як шмат мамаў і татаў! I ўсе яны сюды ідуць і едуць. Хто пехатой, хто конна, а хто ў карэце. Ух, колькі там дзяцей у капелюшах і шапках! Апранутыя ў чорнае, у сіняе, у шэрае! Аж у вачах мігаціцца — ух! А над іх галозамі — ай-я-яй, прыгожая якая павачка лятае, ды на ўсіх паглядае, ды спявае, спявае: «Табакерка-керка-керка...» Ух, весела як!
Дзіда-дзед стукнуў кулакамі па каленях і з грызотай сказаў:
— Так яно і ёсць! Пані Сарачынская паспела ў адну ноч пераапрануцца ў Паву і сабраць супроць мяне войска... Цікава, чаго гэтыя паночкі ад мяне хочуць?
Выйшаў Дзіда-дзед з дзяўчынкай на двор, паглядзеў на чорныя і шэрыя хвалі разнастайных капелюшоў, плюнуў і звярнуўся да Люсенькі з такімі словамі:
— Гэта не народ, а так сабе, з боку прыпёку! Мог бы я іх пагнаць адразу аж на той канец свету. Аднак яны пазіраюць на мяне такімі вочкамі, нібы я абаранак, і ім хочацца паспрабаваць мяне на смак. Усе яны, як тыя вожыкі, у якіх аднялі ножыкі. Хочуць калоць, рэзаць, а няма чым і няма каго.
Калі шумная людская навала падышла бліжэй, Дзіда-дзед замахаў рукамі, крыкнуў на ўвесь голас:
— Пачакайце, госцікі!
Навала паслухмяна спынілася і сціхла. Пані Сарачынская ў вопратцы Павы схавалася сярод галін высокіх дубоў ля Дзіда-дзедавай хаты.
Да Дзіда-дзеда прыбеглі ўстрывожаныя, запыленыя і ўспацелыя Саўка і Юрка. Завёўшы іх у хату, Дзіда-дзед запытаў:
— Што гэта за народ?
— Не народ, а розны зброд,— сказаў Саўка.
— Адно гора з гэтымі людзьмі,— дадаў Юрка.— Яны моцнай дратвай звязаны са сваёй каралевай Смерцю і прыйшлі сюды вызваляць яе.
— Так, так, так! — пацвердзіў Саўка.
— Звар'яцелі яны, ці што? — здзівіўся Дзіда-дзед. Ён хадзіў туды і сюды па хаце ў вялікім хваляванні. Урэшце ён спыніўся і звярнуўся да Саўкі і Юркі: — У чым усё ж такі справа? Чаму ім так хочацца вызвалення Смерці?
— Мы з Саўкам гэтым цікавіліся,— сказаў Юрка.— Мы з імі гутарылі, пане Заяц, доўгі час. Саўка запісваў гутарку. Па парадку растлумачу пану Зайцу, хто яны, а наш Саўка будзе чытаць з кніжкі іх вымаганні.
Дзед на хвіліну спыніў апавяданне і сказаў унукам:
— Памятайце! Юрка тлумачыць Дзіда-дзеду на памяць, што за людзі, а Саўка чытае з запісной кніжкі, чаму яны хочуць вызвалення Смерці. Цяпер пачынаю:
Юрка. Суддзі, адвакаты, пракуроры, следчыя.
Саўка. Яны скардзяцца, што, паколькі цяпер людзі будуць вечна жыць, заблытаны ўвесь кодэкс законаў і выпаў зусім пункт аб кары смерцю. Крымінальных і іншых злаўчынкаў будзе менш, дык юрыстам астанецца адна толькі праца — пасвіць камароў на балоце.
Юрка. Разбойнікі, галаварэзы, шпіёны, міністры, каты, мяснікі, маладыя медыкі ды іншыя такія дзядзькі.
Саўка. У сувязі з запаланеннем Смерці ў табакерку іх прафесіі страцілі ўсю пышнасць і бляск. Яны астаюцца без працы.
Юрка. Многія з каралеўскіх вайсковых началь нікаў.
Саўка. Без Смерці нельга абараняць бацькаў шчыну. Вымагаем неадкладнага адчынення табакеркі, каб аднавіць хараство ваенных маршаў.
Юрка. Фабрыканты вайсковай зброі, майстры атруты.
Саўка. Лепш, кажуць яны, быць смяротнымі багачамі, чымся неўміручымі беднякамі...