Юрка. Прадаўцы рэлігійных цацак, хвалебшчыкі раю і страшыльшчыкі пеклам: папы, рабіны, ксяндзы, пастары, мулы, шаманы, знахары, чараўнікі, шаптухі, манахі, манашкі, выдумшчыкі цудаў.
Саўка. Без Смерці, кажуць яны, няма жыцця, без Смерці яны ўсе — жывыя нябожчыкі. Без Смерці, кажуць яны, божай пугі няма на зямлі. А божая пуга — іх матка карміцелька. Яна дае гэтым дабрадзеям пірагі і мёд, катлеткі і шоўк, маёнткі, віно, золата і ўсялякія радасці і асалоды.
Юрка. Трунаробы, далакопы, спевакі псалмоў, плакальшчыцы, некралогапісцы, саванасшывальшчыкі, хаўтурнікі і розныя іншыя майстры з сусветнай славай па апрацоўцы нябожчыкаў.
Саўка. Смерць — іхняе жыццё, кажуць яны. Адна маленькая табакерачка, кажуць яны, аграбіла іх вялікае жыццё.
Юрка. Дзеці багатых бацькоў.
Саўка. Яны ўвесь час з нецярплівасцю чакаюць смерці бацькоў, часам нават шчыра дапамагаюць у гэтым старому бацьку, любімай мацеры. А цяпер нейкі лясны Заяц, разбойнік і злодзей, адняў у іх спадчыну.
Юрка. Дзеці цароў і каралёў, розныя прынцы і прынцэсы ды іншыя наследнікі кароны і скіпетра.
Саўка. Умаляюць пана Зайца, каб ён выпусціў Смерць толькі на хвілінку, пакуль яны, венцаносныя дзеткі, кінуць атруту ў ежу бацькоў-венцаносцаў...
Юрка. Розныя мільянеры і мільярдэры, каралі найвялікшых на ўсім свеце трэстаў.
Саўка. Яны крычаць у адзін голас, што пан Заяц пасадзіў у табакерку цывілізацыю.
Юрка. Некаторыя хімікі.
Саўка. Яны ўмаляюць яго светласць Зайца, каб снім адсыпаў некалькі шчапоткаў тытуню з табакеркі, у якой сядзіць Смерць — і яны змайструюць з гэтага нешта такое, што зробіць цэлы пераварот у навуцы і тэхніцы.
Юрка. Лісіцы, ваўкі, каршуны, расамахі, ільвы, змеі, гадзюкі, шакалы і шмат іншых драпежнікаў.
Саўка. ...Ім крыві хочацца, а не вадзічкі дажджавой. Свайго ўласнага хваста не пераскочыш,— кажуць яны.
Юрка. Прыслалі пісьмо акулы і шчупакі.
Саўка. Яны пішуць, што ў іх выпадаюць зубы ад ціха-мірнага жыцця. Апрача пяску ды травы, яны не маюць чаго глытаць. Хацелі б ад маркоты памерці, дык няма Смерці.
Юрка. Гэта яшчэ толькі пачатак спіска.
Саўка. У мяне запісана дзве кніжачкі іх розных прэтэнзій да пана Зайца.
— Годзе! — крыкнуў Дзіда-дзед.— Больш слухаць не хачу. У кожнага з іх кішка на паўтара мяшка. А дзіравага мяшка не напоўніш. I ўсе яны прыйшлі да мяне ў лес?
— Хто прыйшоў, а хто прыехаў. Іх тут некалькі тысяч,— сказаў Юрка.
— На ўсім свеце іх набярэцца некалькі мільёнаў,— дадаў Саўка.
Дзіда-дзед, светлай памяці, быў вельмі ўсхваляваны. Доўга ён хадзіў па пакоі моўчкі, у вялікай задумёнасці, цёр сабе лоб, стагнаў, уздыхаў і быў вельмі сумны. Урэшце ён звярнуўся да Саўкі і Юркі з такімі словамі:
— Можа, я сапраўды зрабіў вялікі злаўчынак сваёй табакеркай? Можа, я сапраўды нарушыў вечную раўнавагу на зямлі? Можа, я найвялікшы на свеце разбойнік? Можа, аддаць ім табакерку? Выпусціць палонніцу — і гара з плеч? Што рабіць? Аддаць ім яечка ды яшчэ аблупленае?
Дзіда-дзед схапіўся рукамі за галаву, і вялікія сумненні рвалі на кавалкі яго сэрца. Потым ён звярнуўся да Люсенькі з такімі словамі, якія плылі з глыбіні яго сэрца:
— Ты, Люсенька, нявіннасць і чыстата. Ты, Люсенька, дачка зямлі і сонца. У твае маленечкія ручкі перадаю лёс усяго свету. Як скажаш — так я зраблю.
Люсенька ўтаропіла ў Дзіда-дзеда здзіўленыя васільковыя вочы.
— Скажы, Люсенька, што лепш — жыццё ці смерць? — запытаўся ў яе Дзіда-дзед.
Дзяўчынка ўстрапянулася.
— Не люблю Смерці,— сказала яна.— Смерць ў мяне мамку і татку адняла. Не аддавайся, новы мой татка, мілы мой татка, у рукі Смерці. Не трэба! Не трэба! — і Люсенька ад абурэння тупнула нагой.
Дзяўчынку супакойвалі Юрка і Саўка.