— Ты — ліхадзей!
— Ты — вырадак!
— Літасці не маеш да нешчаслівых!
— Не хочаш нам вярнуць родных з магілы!
— Не хочаш! Не хочаш! Не хочаш!
У паветры пачуўся свіст першага каменя, які ляцеў у Дзіда-дзеда. Пачуўся гуд першых колаў, якімі ўзмахвалі раз'юшаныя бядой і роспаччу людзі.
— Біць будзем разбойніка!
— Заб'ём! Заб'ём!
— Няхай зямлю не паскудзіць!
— Фаршыроўку з зайца зробім!
— З хрэнам мы яго з'ямо!
Людзі забыліся, што цяпер ніхто нікога забіць не можа. Дзіда-дзед таксама на хвіліну забыўся пра гэта і вельмі спалохаўся, калі ў яго паляцелі дзесяткі і сотні каменняў, калі да яго падступаліся адзічалыя людзі з вар'яцкімі вачыма. Дзіда-дзед аглядваўся. Дзе Саўка? Дзе Юрка?
Яны ціхенька змыліся. Нібы іх тут не было. Дзіда-дзед астаўся адзін-адзінюткі... Яму стала сорамна за людзей і крыўдна. Раптам ён успомніў, якая сіла знаходзіцца ў яго за пазухай...
Дзіда-дзед выхапіў з-за пазухі табакерку, наставіў на людзей, як пісталет, і пагрозна сказаў:
— Зараз выпушчу з табакеркі Смерць! Яна вас ўсіх перарэжа, як вы рэзалі цялят! Смерць вам!
Людзі адступілі шчыльнай сцяной назад, падаліся, як хвалі пад ветрам. Вочы ў іх выпучыліся на лоб ад страху. Яны ўцякалі ад Дзіда-дзеда з усіх сіл. Валіліся, як ахмялелыя, узнімаліся ды ўцякалі, скідваючы з сябе лахманы. Яны крычалі, галасілі і раўлі, як недарэзаныя быкі:
— Заяц Смерць выпусціў з табакеркі!
— Смерць! Смерць!
— Смерць... Смерць...
— Во-о-ой... Во-о-ой... Во-эй...
За людзьмі ўзнялося выццё ваўкоў і крыкі птушак. Разам з людзьмі з лесу ўцякалі мядзведзі, лісіцы, вавёркі. Пачуўся тупат чатырохногіх, ламаніна кустоў. Па лесе прайшлі пошчакі ад крыкаў: «Смерць! Смерць! Смерць!»
Уцякалі мышы, яшчаркі, краты і розная іншая дро бязь. Ляцелі з лесу дзівоснымі воблакамі матылькі, камары, мухі, восы, сляпні ды іншыя насякомыя. Паўзлі па зямлі змеі, мурашкі, слімакі, вусені.
Вельмі вялікі быў спалох — як у часе лясных пажараў.
Дзіда-дзед палажыў за пазуху табакерку з палонніцай і назіраў за нечаканым відовішчам.
Усё жывое сунулася ў даль ад лесу, топчучы па дарозе адно аднаго. Жывыя хвалі людзей і жывёл на лугах і птушак у паветры ўсё драбнелі, пакуль не схаваліся недзе там, дзе неба з зямлёй зліваюцца ў адно.
Толькі цяпер Дзіда-дзед зразумеў і адчуў незвычайную сілу сваёй табакеркі. Нельга сказаць, каб ён гэтаму не радаваўся. Па дарозе яшчэ не ўлёгся пыл, здалі яшчэ даносіўся гул і гуд, нібы з-пад зямлі, але лес пачала ўжо агортваць цішыня — ні адной жывой істоты ў ім не засталося, апрача Дзіда-дзеда.
На Дзіда-дзеда напала туга, небывалы смутак. Каб у гэту хвіліну ён угледзеў бы пчолку, і то было б весялей. Што за жыццё аднаму? Дзіда-дзед пачаў хадзіць па лесе ў вялікай задумёкасці ад хваіны да хваіны, ад ішрозы да бярозы, ад куста да куста ў пошуках жывой істоты — хоць бы адзін матылёк застаўся...
Раптам.. пад кустом... ляжыць нехта ці нешта...
Дзіда-дзед пабег туды.
Ляжала маленькая дзяўчынка.