Яна хацела крыкнуць і не магла. А пара змяіных вачэй прыблізілася да ложка новага таткі Люсенькі... Люсенька здагадалася, што гэта злодзей. Ён, мабыць, хоча ўкрасці табакерку ў яе новага таткі. Каб хоць адно слова крыкнуць, самае лёгкае слова...— падумала Люсенька. I дзяўчынка крыкнула на ўсю Дзіда-дзедаўскую хату:
— Ма-а-ма-а-а!!!
Прачнуўся Дзіда-дзед. Ён адразу схапіў рукамі злодзея. Люсенька здагадалася запаліць лучыну. У моцных руках Дзіда-дзеда шыпела і кіпела ад дрызот пані Сарачынская. Яна кусалася, драпалася і крычала. Дзіда-дзед не выпускаў яе з рук ды ўсё пытаўся ў Сарокі:
— Што мне з табою, гадаўка, рабіць? Смерці ж на волі няма. Ні агонь, ні вада, ні сякера цябе не возьмуць. Хіба трымаць цябе ў клетцы, як Смерць у табакерцы? Не! Залішне для мяне клопату.
Сарока ад злосці магла прагаварыць толькі адно:
— Кра-кра-кра. Урэшце Дзіда-дзед сказаў:
— Я ўжо ведаю, што з табой рабіць, і зараз жа зраблю!
Дзіда-дзед пачаў скубці пер'е з крылляў Сарокі. Потым з хваста. Ён гэта рабіў спакойна і акуратна, па аднаму клаў пер'е ў рэшата. Сарока сарамліва апусціла вочы і маўчала. Гэта ж з яе зрывалі вопратку. Калі Дзіда-дзед выскуб апошнія дробныя пер'і і ўзяўся было за пух, Сарока ўзмалілася і так сказала:
— Мне будзе сорамна на ўвесь лес. Пакінь мне, пане Заяц, хоць кашулю...
— Добра! — прамовіў Дзіда-дзед,— пакіну кашулю.
Люсенька хоць дрыжала ад страху, але ўвесь час свяціла лучынай.
Не выпускаючы Сарокі з рук, Дзіда-дзед вынес яе ў сенцы, выкачаў Сароку ў карыце з дзёгцем і выкінуў на двор. Пані Сарачынская выкрыквала страшныя пракляцці, але Дзіда-дзед толькі смяяўся і звярнуўся да Люсенькі:
— Надалей ты мяне ўсё ж ткі не заві мамай, а татам. Я ж не ў спадніцы. А я цябе буду зваць дачушкай. Згодна? Дык чаму ж ты маўчыш? Ты — што? Плачаш?
Люсенька заплакала ўголас:
— Мне Са-са-сарокі шкада-а-а... Дзіда-дзед пагладзіў Люсеньку па галоўцы:
— Не плач, малая-ўдалая, яна ж хацела ўкрасці ў мяне табакерку, выпусціць Смерць на волю і зрабіць маленечкіх дзяцей на ўсім свеце сірацінкамі... Разумееш? Яна хацела асіраціць увесь свет... Разумееш?
— Разумею, але цёці Сарацінскай будзе х-х-хо-ладна і с-с-сорамна голай...
— Глупства! — сказаў' Дзіда-дзед.— Такая зладзейка не сёння, дык заўтра сама б выскубла сабе пер'е, каб украсці ў каго-небудзь новае, прыгажэйшае. Добра ведаю зладзейку!
— Калі так, дык больш плакаць не стану,— сказала Люсёнька і адразу павесялела.
— Здагадваёшся, дачушка, у каго Сарока ўкрадзе ўбранне?
— У каго, татка?
— У прыгожай Павы. Напэўна! Ведаю шмат такіх сарок, што называюць сябе павамі. Ходзяць сарокі павамі па зямлі, круць-верць хвастом і так фанабэрацца, што блізка не падступіся! О-го-го! А дурныя вароны на іх глядзяць, і млеюць, і нізка кланяюцца.
Люсенька здзівілася:
— Ці ж вароны не пазнаюць, што гэта не павы, а сарокі?! Дзіда-дзед засмяяўся:
— На тое ж яны вароны! А я пазнаю іх. Бо як яны не мажуцца рознымі духмянамі, ад іх на тры мілі пахне дзёгцем. Сарочына пер'е, дачушка, выкінь на сметнік. Хай вецер разносіць па ўсяму лесу, каб памяталі іншыя пані Сарачынскія.
Пакуль Люсенька вынесла пер'е, Дзіда-дзед дастаў для яе з печы пірог з мёдам і гарачае малако. Калі Люсенька ела, Дзіда-дзед глядзеў на яе з замілаваннем і сказаў так:
— Каб не ты, дзеўчанё маё, пані Сарачынская ўкрала б нашу табакерку. Сваім крыкам «мама» — ты выратавала ад пагібелі ўвесь свет! Цэлы свет! Разумееш? Еш яшчэ, каток ты мой!
— Дзякую, татка, наелася.
— Калі ты ўжо сыценькая,— сказаў Дзіда-дзед,— дык лезька мне на калені! Вось так... добра... Цяпер запяём з табою так, як мы ўмеем!
Дзіда-дзед заспяваў... А Люсенька падцягвала вераб'іным галаском: