– Ты ў мяне дагаворышся, што я пашлю цябе іх пазабіваць, – злосна сказаў Ціт.
Сяргей змоўк, трохі адстаў ад хаўруснікаў, каб не бачылі, умыўся ў канаве, ведаў, што пасля разводдзя вада там звычайна бывае чыстая. Астудзіў твар і рукі, быццам стала трохі лягчэй. Але ў вачах усё стаялі нябожчыкі. Узнікалі іхнія жывыя твары, а потым бачыў іх з раскіданымі рукамі, нерухомых. Не хацелася верыць, што ўсіх забілі на смерць, мо яшчэ хто акрыяе – закралася надзея ў сэрца.
– Вось і нашы стажкі, чакаюць нас, – сказаў Ціт.
Сапраўды, на лугавіне стаяла некалькі стагоў, якіх чамусьці не вывезлі за зіму. Калі пайшлі да іх напрасткі, Сяргей здагадаўся, луг быў сухадольны: сена можна было забраць і вясною. Падышоў да крайняга стога, выграб сена вышэй над зямлёю, каб не спаць разам з мышамі, удыхнуў водар сухой травы, жадаючы перабіць пах крыві, які так і стаяў у горле, улез у бярлог, лацвей улёгся, але доўга не мог заснуць, усё нешта замінала: свярбела цела, калолася сена, папісквалі мышы, а пад канец ночы пачулася воўчае выццё. Недзе ўжо на світанні яму ўсё ж удалося задрамаць, але разбудзіла лёгкае шамаценне дажджу. Кроплі мачылі твар. Міжвольна падумаў: "Няхай Божая раса змые з нас грахі нашы цяжкія. А з другога боку, калі паглядзець, дык кожны сам аплочвае свае ўчынкі. Не рабілі б хутаранцы самі зла, дык мо і па іх не прыйшла б заўчасная і гвалтоўная смерць". Ён апраўдваў сябе і хаўруснікаў, як робіць кожны злачынец, але падсвядома адчуваў, што не так жыве, не тым займаецца. Але хто вінаваты ў тым, што ён вымушаны туляцца па лясах, начаваць разам з мышамі, як жабрак, прасіць у сялян ежы. Калі б яму далі магчымасць жыць па-чалавечы, хіба ён не здолеў бы пракарміць сябе? Эх, каб вярнулася ўсё, як было раней. Працаваў бы ён ад цямна да цямна з радасцю і ахвотаю, рабіў бы адвечную сялянскую працу і быў бы шчаслівы. Але немагчымае тое шчасце з-за ворагаў, якія запалонілі спрэс зямлю, і няма паратунку простаму чалавеку, акрамя як і самому агрызацца ды рабіцца зверам…
Казакі перачакалі ў стагах дождж і рушылі ў лес, дзе на кожнай, яшчэ бязлістай, галінцы віселі зіхоткія кроплі. Відовішча было незвычайна прыгожае. Але гэтыя людзі няздатныя былі заўважыць прыгажосць. Плячамі і рукамі ў час хады яны збівалі расу, якая мачыла ім адзенне і абутак, злавалі, брыдка лаяліся і марылі адысці як мага далей ад гэтых праклятых хутароў, каб раскласці вогнішча, паесці, што знойдзецца ў заплечніках і абсушыцца, адпачыць, а потым зноў рухацца невядома куды і для чаго. Ідэя пра самастойную Украіну, дзе яны будуць жыць вольна, заможна і шчасліва, безумоўна, грэла, але вельмі доўга яны ішлі да яе, і канца гэтаму шляху не відно. Ужо ў таго ці іншага казака часам закрадалася думка: ці можна ваяваць партызанскім спосабам з рэгулярным войскам, якое ўтрымлівае дзяржава, але думкі свае і сумненні выказваць баяліся.
49
У лагер да Парушыны прыскакаў Уладзіслаў Бандарчык на кані з тэрміновым паведамленнем. Руткоўскі сустрэў яго каля сваёй зямлянкі, седзячы на лаўцы, праглядаў газетку "Непадлегласць", якая выдавалася ў Вільні. Пазнавата яна дайшла, выпусцілі яе яшчэ месяц таму, ды ўсё ж было цікава дазнацца, што думае кіраўніцтва ў Варшаве і Лондане пра лясных змагароў. У такі цёплы сонечны дзянёк добра было адпачыць у халадку пад пошум лесу. Госць сеў побач, не адразу кінуўся распавядаць пра навіны, якія прывёз, а пачаў распытваць, як адчуваюць сябе жаўнеры, наколькі забяспечаныя яны боепрысамі ды харчамі.
– Можа, пан Бандарчык, адчыніў цэх па вырабу патронаў? – пасміхнуўся Руткоўскі.
– На жаль, такой магчымасці не маю, але вельмі хутка спатрэбіцца вашая праца, – адказаў Бандарчык.
– Хіба жніво пачынаецца?
– І жніво, і касавіца – усё разам. Пайшлі ў зямлянку, ёсць размова.
Яны ўвайшлі ў памяшканне, селі за стол насупраць адзін аднаго. Госць раптам зацікавіўся картаю, разасланай на стале, і пачаў уважліва яе вывучаць. Парушына зірнуў на Бандарчыка і падумаў: "Чаго цягне ката за хвост? Ёсць справа, дык выкладвай. А мо пачастунку якога чакае, дык звычайна са сваім прыязджаў? У мяне, як на злосць, усе запасы скончыліся…"
Нарэшце Уладзіслаў адарваў вочы ад карты і сказаў:
– Прыкідваў, колькі часу вам спатрэбіцца, каб па нашых дарогах прайсці да Вільні.
– Хіба пан не ведае, што мы ходзім напрасткі, па дарогах нам – нельга.
– Хто ходзіць проста, той дома не начуе.
– У нашым доме пасяліліся ворагі, а мы, як ваўкі, вымушаныя па лесе туляцца, – адказаў Руткоўскі. – Для чаго нам трэба ісці ў Вільню?
– Рыхтуецца аперацыя "Вострая Брама", якую належыць здзейсніць сіламі Віленскай і Навагрудскай акругаў. Трэба захапіць Вільню да прыходу Чырвонай арміі і паказаць Саветам, хто тут ёсць сапраўдны гаспадар.
– Ну-ну, цікава, гэта хто ж прыняў такое рашэнне?
– Вільк быў у Варшаве, генштаб зацвердзіў план. Збіраліся правесці аперацыю дзясятага ліпеня, але ў сувязі з тым, што чырвоныя вельмі хутка рухаюцца на захад, перанеслі на шостае.
– Мы пойдзем з нашымі вінтоўкамі супраць нямецкіх танкаў, гармат і тактычнай авіяцыі? Як гэта сабе Вільк уяўляе?
– План наступу распрацаваны, трэба толькі своечасова падцягнуць атрады да Вільні.
– Ваяваць з рэгулярнымі войскамі, нямецкімі ці савецкімі, мае жаўнеры не ў стане. Мы можам толькі па-партызанску наскочыць на які малалікі атрад, пабіць і збегчы. Такая ў нас тактыка. На іншую мы не здатныя з нашым узбраеннем, якое мы здабывалі з такою цяжкасцю ў нашых ворагаў, гублялі паплечнікаў, пакідалі іхнія магілы па лясах, самі атрымлівалі раны… Ды што казаць, хіба штабныя афіцэры ведаюць пра нашы цяжкасці. Каб яны хоць тыдзень пажылі зімою ў лесе, дык завылі б ваўкамі!
– Хоць вы і партызаны, але існуе вайсковая дысцыпліна, якой павінны падпарадкавацца.
– Не магу я падпарадкавацца бязглуздым загадам. Вільк не возьме Вільню! Гэта будзе поўны правал! Мы страцім усё!
– А што ты будзеш рабіць, калі прыйдуць Саветы?
– Тое, што раблю цяпер. Саветы для мяне такія ж акупанты, як немцы, буду і далей па-партызанску ваяваць з імі.
– Пану маёру трэба мець на ўвазе, што ён будзе адказваць перад трыбуналам за непаслушэнства, – папярэдзіў Бандарчык.
– Той трыбунал лясне разам з Вількам!
– Дык што мне перадаць у Вільню?