– Хлопцы файныя, – адказаў гаспадар.
Гаспадыня моўчкі стаяла ля печы і насцярожана пазірала з-пад насупленых броваў на прыхадняў, чакала, калі яны нарэшце нажаруцца і пакінуць сям’ю ў спакоі. У чарговы раз талеркі апусцелі, яна паслужніва спытала:
– Мо яшчэ прынесці чаго?
– Досыць, дзякуем, сытыя, – адказаў Камар. – Добрая ў цябе, гаспадыня, капуста ўдалася, а гуркі – не надта.
– Дык ужо ж вясна, колькі яны могуць кіснуць?
– Вядома, вясна-красна… Апранайся, Сцяпан, пакажаш нам дарогу яшчэ на адзін хутар, бо мы туды без правадніка не дойдзем.
Гаспадар усцягнуў на сябе чорныя нагавіцы, на плечы ўскінуў світу, якая вісела пры парозе, на галаву надзеў шапку-васьміклінку з гузікам наверсе, акінуў позіркам хату, паглядам развітаўся з жонкаю.
– Блаславі вас Гасподзь, вы ж майго доўга не затрымлівайце, калі ласка, – папрасіла гаспадыня.
– Нашто ён нам? – адказаў Ціт. – Правядзе і вернецца.
Жанчына, быццам прадчуваючы бяду, раптам усхліпнула.
– Не плач, Маня, – сказаў гаспадар, не палохай дзяцей. – Ты ж бачыш, хлопцы добрыя, павячэралі і пойдуць сваёю дарогаю.
Ён першы выйшаў з хаты ўжо пад жончына галашэнне, за ім пасунуліся казакі. Калі адышлі ад хаты метраў дзвесце, Сцяпан спытаў:
– Куды кіруемся, Ціт?
– Пастой, ёсць у нас да цябе пытанне. Ты дапамагаў партызанам?
– Хлопцы, я нічога не ведаю.
– А людзі кажуць, што дапамагаў.
– Якія людзі? Мы вымушаныя карміць усіх, хто прыходзіць са зброяй і патрабуе ежы. Хіба мог я адмовіць вам, немцам, партызанам?
– Ты нам зубы не загаворвай і не прыкідвайся, што не разумееш, пра што пытаем. Калі не ты, дык хто супрацоўнічаў з чырвонапагоннікамі?
– Хлопцы, кажу шчыра, нічога не ведаю. У мяне дзеці малыя, гаспадарка, ці мне трэба каго закладаць? Самому б ацалець!
– Годзе, ідзі! – абарваў размову Ціт.
– Куды?
– На кудыкіны горы. Ідзі наперадзе, я скажу калі павярнуць, – адказаў Камар.
Сцяпан рушыў уперад. Ціт трохі адстаў і стрэліў яму з пісталета ў патыліцу. Забіты зрабіў па інэрцыі яшчэ два крокі і зваліўся.
– Вось і разлічыліся мы са здраднікамі, – сказаў атаман, засоўваючы пісталет у кішэню курткі, – выканалі свой святы доўг, ачысцілі зямлю ад чырвоных лісліўцаў, якія прадавалі нашых людзей немцам і савецкім партызанам. У гэтым і заключалася наша місія, а цяпер можам адпачыць. Прыкмеціў я тут колькі добрых стажкоў на лузе, думаю, там можна будзе добра выспацца.
У Сяргея увесь час было адчуванне, што ён моцна запэцкаўся, трэба было тэрмінова памыцца. У горле стаяў пах крыві, які ледзь не даводзіў да ванітаў. Ён помніў яго з таго часу, калі ўпершыню бачыў параненага земляка і цягнуў на сабе яго некалькі кіламетраў да лагера.
– Ці можна мне маці адведаць? – спытаў ён у Камара.
– Нельга, не трэба, каб нас у вёсцы бачылі. Няхай думаюць, што гэта партызаны пазабівалі хутаранцаў, – адказаў атаман.
– Дык усё роўна сведкі будуць, хоць бы той жа Панцялей.
– Гэты нічога нікому не скажа, пабаіцца, што людзі здагадаюцца, хто мужыкоў заклаў.
– А жанчыны гэтыя?