– Я адмаўляюся браць удзел у гэтай авантуры.
– Так і перадам! Але ведайце, пан маёр, з вашага боку гэта здрада нашай агульнай справе, – сказаў Бандарчык, не падаючы руку на развітанне.
Госць імкліва выйшаў з зямлянкі. Руткоўскі раздражнёна зірнуў яму ўслед, і не пайшоў праводзіць, у душы варухнулася сумненне, ці не дарэмна адмовіўся, мо трэба было разам з усімі добраахвотна пакласці галаву пад нямецкую гільятыну? Але ж не, калі Чырвоная армія вызваліць ад немцаў Крэсы, дык Польшчы яна іх ніколі не саступіць, няма чаго сябе цешыць марнымі надзеямі. Маім жаўнерам знойдзецца яшчэ шмат працы пры вызваленні Айчыны. Бадай, пара збіраць рэчы ды перамяшчацца на захад. Усё ідзе да таго, што нам тут месца не будзе. Хаця, безумоўна, можна яшчэ доўга і тут сядзець, але я хачу дамоў, бліжэй да свайго селішча, калі і загіну, дык лягу ў родную зямлю. Трэба пачакаць вынікаў аперацыі, мо раптам здзейсніцца цуд, Вільку ўдасца дабіцца перамогі. Хаця гэта немагчыма! Немагчыма ні ў якім разе...
Думкі Парушыны перарваў Тадзік, які раптам з’явіўся на парозе і спытаў:
– Чаго пан Уладзіслаў прыязджаў?
– Шмат будзеш ведаць, хутка пастарэеш.
– Мусіць, не дадуць нам дажыць да старасці, – спакойна адказаў хлопец.
– Адкуль такі песімізм у маладога чалавека?
– Ад тых магілаў, якія мы параскідалі па лясах…
– Так, гэта сумныя згадкі. Але ж мы на вайне, а не на вясёлай прагулянцы. Вайна патрабуе ахвяраў…
– Дык чым мы лепшыя за тых, што заўчасна палеглі?
– Не лепшыя мы і не горшыя, проста ў кожнага свой лёс, – задуменна адказаў Парушына.
– Хто гэта запланаваў нам такое жыццё, няўжо…
– Не гняві Бога, усё зло ад людзей, апантаных д’яблам, – адказаў Каэтан. – Ідзі, пагрэйся на сонцы і супакойся. Ты мой ад’ютант, я цябе ў крыўду нікому не дам. Ідзі, ідзі, не замінай мне. Трэба тое-сёе абдумаць, узважыць…
Тадзік выйшаў. Руткоўскі застаўся адзін, паглядзеў на карту, раздумваючы. Якім чынам яму лепш было б дабрацца на Беласточчыну, але трэба было пачакаць, чым скончыцца вызваленне Вільні.
Праз тыдзень Бандарчык прывёз новыя звесткі ад Вілька. Ён сядзеў на лаве з апушчанымі плячамі, з рукамі, бязвольна складзенамі на каленях, і гаварыў паніклым голасам:
– Наступленне пачалося ў тры гадзіны ночы шостага ліпеня. На ўсіх напрамках штурму Вільні нашы людзі траплялі пад моцны агонь гітлераўцаў, атакі захлыналіся адна за адной. У выніку шмат забітых і параненых. Вільк усвядоміў безнадзейнасць сітуацыі і аддаў загад на адыход. У той жа дзень Чырвоная армія была ўжо каля Вільні.
– І што далей? Якія планы? – спытаў Парушына.
– Пакуль з галоўнага штаба ў Варшаве ніякіх распараджэнняў не прыйшло, Вільк загадвае жаўнерам Арміі Краёвай заставацца ў ваколіцах Вільні, сканцэнтраваць асноўныя сілы ў Рудніцкай пушчы, часткова падтрымліваць Чырвоную армію ў барацьбе з немцамі, каб заваяваць прызнанне нас Саветамі менавітва як самастойнага дзеючага войска.
– Пустая балбатня! Ніколі Саветы не будуць з намі лічыцца. І справа нават не ў тым, што яны – нашы ворагі! Мы заўсёды будзем непажаданым элементам для іх! Не могуць пасціся ў адным статку ваўкі і авечкі!
– Прынамсі, Вільк абецае не дазволіць раззбраення сваіх жаўнераў і бараніць польскае насельніцтва ў выпадку яго знішчэння савецкаю ўладаю.
– Як можа заяц дужацца з тыграм? – безнадзейна махнуў рукою Парушына. – Трэба рухацца як мага хутчэй на захад, на сваю тэрыторыю, тут нам няма чаго рабіць, Крэсы ўсё роўна будуць забраныя Саветамі!
– Вільк усё ж спадзяецца стварыць на базе Віленскай і Навагрудскай акругаў вайсковы корпус, які будзе самастойна змагацца з немцамі.
– Лухта! Зманлівая ілюзія. Нашаму войску ніякай самастойнасці не дазволяць!
– Сувязны мне казаў, што Вільк мае аптымістычны настрой, збіраецца на перамовы з савецкім камандаваннем, якое, на яго думку, павінна даць згоду на стварэнне самастойнага польскага корпуса. З гэтай прычыны мяркуецца Армію Краёву як падпольную арганізацыю распусціць, яна выканала сваю місію на Крэсах, а стварыць рэгулярнае чыста польскае войска.
– Няўжо Вільк настолькі верыць Саветам, што сваёю галавою зусім не здатны думаць? – абурана спытаў Парушына.
– Безумоўна, ён ім не давярае, але спадзяецца ўрэгуляваць справу найлепшым чынам.
– Ага, каб ваўкі былі сытыя і авечкі цэлыя, – з’едліва адказаў Руткоўскі. – Дарэмна, пан Бандарчык, прыйшоў да мяне? Я ў казкі даўно не веру. У наступны раз мяне тут не застанеш. Пара ісці туды, адкуль прыйшлі.
– Ёсць загад табе, пан Парушына, усё ж такі рухацца да Вільні, каб там выконваць ахоўную функцыю, пакуль будуць весціся перамовы паміж Вількам і савецкім генералам Чарняхоўскім.
– Пайсці туды з цікавасці, каб убачыць наш канчатковы крах?