– Пад ногі лепей глядзі.
– Дык не бачна ні халеры! Трэба пераабуцца, выліць ваду з бота.
Сяргей спыніўся, пачакаў хаўрусніка, падтрымаў яго, але той на адной назе не здолеў абуцца, сеў на зямлю. Калі Салавей нарэшце падняўся, Сяргей прапанаваў:
– Трымайся за мяне, бо другі раз шухнеш – дык і з галавою.
– Далёка яшчэ?
– Ды не ўжо. Бачыш, гаць канчаецца, а там, за карчамі, – Цімохаў хутар.
– Ведаеш яго?
– Бачыў колькі разоў ля царквы. Сяляне без ладу па вёсках не ходзяць, сам разумееш, у іх сто работ. Ён сталы мужчына, а я падшыванец быў…
Хутка ў змроку вымаляваўся сілуэт даху самотнай хаты.
– Вось і прыйшлі, – адказаў Сяргей, адчуваючы непрыемнае хваляванне, мо з-за таго, што лічыў: няёмка будзіць людзей поначы. – Пастукай у акно ты.
На стук азвалася жанчына:
– Чаго вам?
– Адчыніце цётка, – сказаў Сяргей, – справа ёсць.
– У вас што справа, што злева – усё аднолькава, гаспадар спіць, кажыце, што трэба?
– Дык гаспадар нам і трэба. Мужчыны яго клічуць да Панцялея Леўчука, сабраліся там, нешта вырашаюць.
– Пачакайце, зараз пабуджу.
Жаночы твар знік за шыбаю, а Сяргей задаволена сказаў:
– Здаецца, угаварылі цётку.
Сапраўды, праз колькі хвілін выйшаў мужчына гадоў сарака з гакам, спытаў:
– Што вам, хлопцы, трэба?
– Клічуць цябе, дзядзька Цімох, мужыкі да Панцялея.
– Чаго гэта раптам? – насцярожыўся гаспадар.
– Не ведаю, нейкая тэрміновая справа.
– А ты чый?
– Антолі Клімчуковай сын, – адказаў Сяргей, як бы правяраючы, ці помняць яго тут.
– Дык казалі, што ты некуды быццам прапаў…
– Было, прападаў, а цяпер знайшоўся. Годзе размовы разводзіць. І не думай, дзядзька, уцякаць, мой аўтамат спраўна працуе, – папярэдзіў Удод Цімоха, нацэльваючы на арыштаванага рулю.
Цімох спрабаваў па дарозе даведацца, дзеля чаго сабраўся гурт у Панцялея, але Сяргей коратка адказаў:
– Сам усё ўбачыш. Я птушка малая, мне арлы пра свае задумы не кажуць.
– Дык вы якія: чырвоныя, белыя ці зялёныя?