Якія ў яе скулы выразныя, падумаў Дрыжук. Як у царэўны ўсходняй. Шкада такую. Вось бы камандзір яшчэ штосьці расказаў пра яе. Калі Дрыжук пачуў тыя словы пра ворагаў і пра бульбу, ад якой ішла духмяная пара, унутры яго… Чытаць далей?” –
дрогкім голасам запытаўся Міхась Барадаўкін, не падымаючы вачэй.
“А што, яны там усе па-нашаму гавораць?” – спытала нясьмела Лёся.
“Ну да, эта ж нашы людзі”, – рашуча сказаў Міхась Барадаўкін. – “Як жа ім яшчэ гаварыць?”
Лёччык паглядзеў на яго з сумневам, але нічога не сказаў.
“Чытайце”, – дазволіла Лёся.
“Калі Дрыжук пачуў тыя словы пра ворагаў і пра бульбу, ад якой ішла духмяная пара, унутры яго скаланулася нешта – і яму на нейкі момант зрабілася добра: быццам здранцьвелую сьвядомасьць пачалі паколваць тонкія голачкі справядлівасьці. Але патрэбны быў працяг – бо пара ад той варожай бульбы сплывала ў нікуды. Ды камандзір, відаць, вырашыў распальваць у іх прагу помсты невялікімі і строга вызначанымі порцыямі, ён як дровы ў буржуйку засоўваў. Што ж, на тое ён і камандзір.
Колькі ёй гадоў? – задумаўся Дрыжук, употай азіраючыся на гэты маладжавы твар. Сорак? Пяцьдзясят? Яна магла быць яму маці. І раптам Дрыжуку захацелася, так захацелася, што ажно моцы не было, каб гэтая кабета ў яго за сьпінай абняла яго і пацалавала. Як маці цалуе сына. Дрыжука даўно ніхто не цалаваў. Ну, за выключэньнем Сідарава, канечне. Той, як нап’ецца, заўсёды цалавацца лезе. Дрыжук яго ўжо аднойчы папярэджваў: яшчэ раз палезеш, Сідараў, адстралю табе самае дарагое. Сідараў апраўдваўся: маўляў, я ж цябе як роднага.
Вось зараз абярнуцца, падняць вінтоўку – і ў камандзіра. Напавал. А потым парабэлум з кішэні ватоўкі – і ў Сідарава, проста паміж залітых крадзеным самагонам вачэй. І тады дайсьці да лагчынкі, упасьці ў яе разам з гэтай царэўнай, разам з гэтай мамай, і пакласьці галаву ёй на калені, і няхай яна сама, выгладзіўшы яму валасы пад аблавушкай да самых мазгоў, закапае яго тут, у гэтым сьнезе, на якім усе сьляды – як на далоні. Іхны лягер знойдуць, зусім хутка знойдуць. Дык ці ня ўсё роўна…
“Што, Броня?” – зноў загаварыў камандзір, важна пакручваючы кавалерыйскія вусы. – “Пасінела ўся, усё роўна хірург зь цябе ляльку бяз рук бяз ног зробіць, нават калі б мы – я чыста тэарэтычна кажу – нават калі б мы цябе адпусьцілі. Але вайна тэорыяў не прызнае? Правільна, Сідараў?”
“Так точна”, – буркнуў Сідараў, ня зводзячы вачэй з гэтых пятак, зусім ня сініх, а румяных, як шчокі на марозе.
“Вось, і Сідараў пацьвярджае”, – выгукнуў у марознае паветра камандзір. – “А ты падумай, Броня, сама. Калі ў добра працепленай камэндатуры, нашымі дровамі працепленай! – ты, камсамолка, для ворагаў дакумэнцікі перакладала, калі на сваёй гэтай мове паганай калябарацыянізмам зь імі займалася ў цёплых пасьцельках іхных, калі табе футэрачак далі, як прэмію за тое, што ты радзіму прадавала – дык табе здавалася, што няма нідзе ні зімы, ні помсты? Дык пагавары цяпер з народам, адкажы яму, чаму табе так цёпла было? Маўчыш?”
Калі б не вайна, я б з такой ажаніўся, падумаў Сідараў, тыцнуўшы Броню ў ладную, тонкую сьпіну руляй вінтоўкі – ня толькі каб выслужыцца перад камандзірам, хаця і гэта, вядома, таксама, але і каб хоць нечым дакрануцца да яе скуры, такой гладкай, з пушком, што яе хацелася пацалаваць. Мне ўсе зайздросьцілі б. А больш за ўсё я сам бы мучыўся, падумаў са скрухай Сідараў. Бо з такой ажаніцца – потым век ад рэўнасьці паміраць. Не, так ёй і трэба. У лагчынку яе. Хаця лепш бы ў ложак. Я такі раўнівы, падумаў Сідараў, пабачыў бы яе зь нейкім хлюстом, дастаў бы гранату – і… І што гэта Дрыжук наперадзе ўсё азіраецца? Паклаў вока на камсамолачку?
“Ты, Броня, мусіш ведаць, што вінаватая сама!” – зноў узяўся напасьледак выхоўваць палонную камандзір. – “Так ужо сьмяялася ад шчасьця, так залівалася, калі ворагі, фашысты гэтыя ёй – вось сучка малая! Ну не магу проста! – калі ворагі гэтыя ёй лісапет купілі! Прадала радзіму за лісапет! Твой татка дзе? На фронце! Мамка дзе? Мамка радысткай, у Маскве! А ты? Мне расказвалі твае аднагодкі, як ты пад гармонік варожы, так, так, пад губны іх паскудны гармонік песенькі пяяла! А на загуменьні тым часам нашых байцоў расстрэльвалі! Так што памерзьні, памерзьні!”
Камандзір замаўчаў, сьліна ў куточках яго вуснаў ператварылася ў лёд, і ён счысьціў яго, зьняўшы рукавіцы. Заадно і з вусоў. Увесь твар зьледзянеў. Ён паглядзеў на малую, якая крочыла паміж Дрыжуком і Сідаравым, крочыла так марудна, угрузаючы ў сьнезе, што яны натыкаліся на яе. Да лагчыны заставалася зусім трохі. Павярнуць за ельнік, і гатова. Камандзір успомніў сваю дзяўчынку, з вачыма, як тыя васількі. Дзесьці за тысячу кілямэтраў, у эвакуацыі, тая дзяўчынка сядзела і пісала яму пісьмо. Якое гэта было б шчасьце – пасадзіць яе зараз на калені, прыціснуцца да яе калючай шчакой, узяць яе маленькую руку ў сваю…
“Дрыжук!” – крыкнуў камандзір. – “Што, ня бачыш, тут павярнуць трэба! А ты куды прэш, маць тваю?”
Дрыжук спыніўся, пераводзячы дух. Цяжка ісьці па такім сьнезе. Наваліла, як салдат пасьля пабыўкі.
“Сідараў!” – камандзір рашуча пайшоў да ельніку. Ён ужо бачыў камель паваленага дрэва, бачыў лагчыну, да краёў поўную сьнегу. – “Вазьмі яе! На рукі вазьмі, ёлупень!”
Сідараў падхапіў маленькае цела на рукі і панёс у ельнік. Цела крычала і хацела есьці. Сідараў даў яму пасмактаць лядыш са свайго рукава. Дрыжук панура ішоў сьледам, арудуючы вінтоўкай, як кіем.
Неўзабаве яны падышлі да лагчынкі. Камандзір яшчэ раз праверыў арыенціры – ці тое гэта месца. Сідараў аддаў малое Дрыжуку, і той паклаў яго ў сьнег. Яны пастаялі крыху, душачыся папяросамі.
“Зараз”, – сказаў камандзір. – “Зараз”.
Дрыжук нехаця кінуў папяросу ў сьнег.
“Думай пра ворагаў, Хведар”, – параіў камандзір. Дрыжук зьдзіўлена азірнуўся. Камандзір яшчэ ніколі не называў яго так. Ён узяў вінтоўку Сідарава, няўклюдна ўзяў, як гарадзкі за касу бярэцца, і нерашуча ўзьняў яе, думаючы пра тое, што зараз бы чаю. Можна нават бяз цукру”.
Некалькі хвілін Міхась Барадаўкін сядзеў моўчкі. Яму падавалася, што словы яшчэ вісяць у паветры.
А калі ён зноў падняў вочы, дык пабачыў, што гэтыя страшныя дзеці глядзяць на яго зь нянавісьцю.
«Бальной какойта», – паспрабаваў усьміхнуцца Міхась Барадаўкін. – «Хіба можна так? Панапісваюць тут…»
Дзеці прысунуліся яшчэ бліжэй, і Міхась Барадаўкін адчуў, што зараз здарыцца нешта непрыемнае. Але што – ягоная лянівая інтуіцыя прызнавацца не хацела.
«Неадназначнае апавяданьне», – глуха прамовіў Міхась Барадаўкін. – «Вы ўсё зразумелі? Яно ня вельмі дзіцячае. Думаю, такое дзецям вабшчэ нельзя чытаць. Але ж вы самі прасілі!»
Лёся і Лёччык маўчалі. І ў вачах іхных была тая самая нянавісьць.
«Ну, калі выкінуць тое-сёе, лішняе…» – разважліва сказаў Міхась Барадаўкін, – «Дык тады, можа… Добра, што вы завіталі, хоць працу зрабіў».