Неадольнае пачуццё наканаванасці, якую не ў стане была змяніць і аспрэчыць, здалося занадта жорсткім. Раптам стала шкада бацьку і не хацелася расставацца з Марцінам. Але і іншая думка заляцела ў галаву. Яна зноў стала каля люстэрка і выпнула жывоцік. Усмешка з’явілася на твары маладой шляхцянкі. На момант дзяўчына заплюшчыла вочы, але сумелася, засаромелася свайго выбрыку і закрылатвар далонямі. У пакой прасунула галаву Глэся, каб сказаць, што бацька загадаў збірацца.
— Прынясі маю новую сукенку і пакліч служак, — загадала ёй гаспадыня.
— То ж хіба я не спраўлюся? — пакрыўдзілася тая, але не пасмела аслухацца.
Калі Катажына апранулася, то падышла да століка, адчыніла замкнёную на ключ шуфляду і выцягнула адтуль маленькі куфэрачак. У ім ляжалі старыя срэбныя завушніцы і ланцужок з кулонам, якія належылі яе маці.
— Дапамажы мне!
Служка кінулася да пані, асцярожна ўзяла ўпрыгожанні і вохкнула:
— Што за прыгажосць, панначка! А які ўзор выбіты! Гэта ж трэба: сплеценыя кветкі шыпшыны.
Катажына нічога не адказала, а паказала на дзверы:
— Скажы бацьку, што я сабралася.
На двары ў гэты час мітусілася чэлядзь, іржалі коні і чуўся сабачы брэх. Пан Юзаф аддаваў апошнія загады, хадзіў з важным выглядам і пакрыкваў на халопаў. Часам ён зрываўся на самых нетаропкіх і лупіў іх пугай, якую трымаў у левай руцэ. Нарэшце ўсе паселі ў фурманкі, і гаспадар загадаў ехаць. Катажына стрымала хваляванне ў сэрцы і заплюшчыла вочы, зрабіўшы выгляд, што задрамала. Так яна хацела пазбегнуць непатрэбнай размовы з мачахай, якая звычайна бесперапынна малаціла ў дарозе языком. З бацькам таксама не хацелася весці размовы, бо і так доўга гаварылі ўчора, таму так і сядзела, змружыўшы вочы і схіліўшы галаву на плячо Марціну.
Па прыездзе іх віталі залпамі, а на ганак выскачыў сам гаспадар. Паны расцалаваліся і пакрочылі да вялікай залы, дзе ўжо сабраліся госці. Яны доўга пра нешта гаманілі, нават часам узнімалі голас, але хутка сцішваліся і працягвалі гаворку спакойна. Катажына, якая адразу апынулася ў кампаніі дзяўчат, краем вока назірала за панамі. Ёй раптам стала зразумела, чаму іх фамілія была запрошаная сюды ў якасці ганаровых гасцей, а бацька так нерваваўся перад ад’ездам. Раптам ёй стала агідна, але ўсё ж схіліла галаву і стрымала слёзы.
Усіх запрасілі да стала, і Жывіцкі пачаў застолле, выпіўшы за здароўе ўсіх прысутных, пачынаючы з больш знатных і паважаных. Самым жаданым госцем гаспадар назваў пана Юзафа, што, канечне, прыйшлося даспадобы апошняму. Пасля падышла чарга астатніх. Менш вяльможных шляхціцаў ён проста назваў па чарзе, не падымаючы кожны раз келіх, а ўзняў і выпіў, калі сказаў пра ўсіх. Некаторых нават не памятаў па прозвішчы, таму адзначаў позіркам. За кожным госцем стаялі слугі якія падлівалі віно ў келіхі, часам не абмінаючы ўвагай і сябе. Жанчыны пакутвалі ад таго звычаю, бо не кожная кабета магла выпіць столькі, колькі лезла ў глоткі яснавяльможным. Жанчыны вылівалі віно ў талеркі або пад стол, што прыводзіла да казусаў, бо пры гэтым маглі пацярпець чые-небудзь порткі ці сукенка. Але зухаватыя слугі ў той жа момант зноўку напаўнялі келіхі для чарговага тосту.
Было відаць, што пан Жывіцкі стараўся, хацеў паказаць сваё багацце і тое колькі грошай было заплочана за баль. Тры пакоі былі заняты гасцямі, стаялі сталы для гульні ў карты, а служкі сноўдалі туды-сюды і бесперапынна нешта падносілі. Свечкі асвятлялі ўсе куты, паўсюль былі развешаны карціны, ляжалі дываны і грымела музыка. Гаспадар задаволена пазіраў на гасцей, сачыў за іх тварамі, а пасля падняўся і абвясціў для ўсіх, што будзе піць за самага дарагога госця.
— Пан Юзаф, калі нам ужо радніцца, то ведай, мой даражэнькі, — ты і твая сям’я будзеце самымі чаканымі ў маёй сядзібе. Добраму госцю брамы самі адчыняюцца.
Нямцэвіч, расчулены, палез цалавацца да гаспадара, а прысутныя абмяняліся шматзначнымі позіркамі. Цяпер усім стала зразумела, хто з’яўляецца нарачонай Станіслава, бо да гэтага ўсё трымалі ў сакрэце, абяцаючы, што на балі кожны зможа задаволіць сваю цікавасць. Катажына адчула, як больш чым сотня вачэй утаропілася ў яе. Некаторыя свідравалі вачыма з зайздрасцю, іншыя проста з цікавасці. Не абышлося без злосных позіркаў закаханых паненак і сябровак маладога шляхцюка, па якіх можна было зразумець іх расчараванне і крыўду. "Божа, дай мне моцы вытрымаць", — падумала яна і схіліла галаву. А будучыя родзічы тым часам увайшлі ў азарт.
—Усіх запрашаем на вяселле! — крычаў пан Юзаф.
— І яно будзе найпышнейшым! Ніхто не зраўняецца! — дадаў Жывіцкі.
Твары прысутных трохі скрывіліся, але ніхто не стаў пярэчыць. Зараўлі трубы,
барабаны і пачулася нават страляніна. Госці падняліся і пачалі крычаць, праслаўляючы будучых маладых.
— Няхай будучы жаніх вып’е з чаравічка нявесты! — крыкнуў нейкі пан з сівой чупрынай.
Яго падтрымалі госці, і ўсе погляды звярнуліся да Станіслава. Ён надзьмуўся, але падняўся і падышоў да Катажыны. З непрыхаванай фанабэрлівасцю зняў чаравічак і паглядзеў на нарачоную. Яму падалі гарэлкі, і паніч з аднага маху выпіў. Па зале пранёсся адабральны рогат паноў і хіхіканне паненак. Катажына адвяла позірк, але Станіслаў схапіў яе за руку і вывеў на сярэдзіну залы. І тады абвясцілі танцы. Прыгожая музыка напоўніла пакоі, і госці пусціліся ў скокі. Маладыя паненкі аж свяціліся, стралялі вочкамі, а кавалеры так і слаліся лістом. Пасля быў менуэт, які ўваходзіў у моду, затым кадрыля, і змянілася гэта ўсё на "сваё" — казачка, "ходжанага" і "гоненага". Старыя ж выбралі карты. Катажына танчыла шмат, але цяпер не заўважала, з кім даводзілася быць у пары. Яе засмучала тое, што адбыўшы першы танец, Станіслаў зрабіў выгляд, нібы не бачыць яе, а пасля наогул некуды знік. Тым часам гаспадар падаў знак, і музыка спынілася. Пан Жывіцкі прапанаваў гасцям ісці на двор глядзець феерверк. Катажына памкнулася да выхаду, і ў гэты момант пачула размову двух служак.
— Гаспадар будзе задаволены: цвярозых сёння не будзе. Паны ўпіліся да свінячага роху. Як гавораць, п’юць, як у бочку льюць. Адзін ужо з лесвіцы скаціўся, а палова ляжыць, як нежывыя.
— Ага. Паны Маляўскі і Рогач морды набілі адзін аднаму. А я бутэльку змог схаваць. Пасля разап’ём, калі ўсё сцішыцца. Заўтра наш пан зноў іх будзе лячыць гарэлкай.
— А то! Зноў раніцай пачнецца баляванне.
— Ды пасля вяселле... Жонкі такіх будуць чакаць, а ім абы выпіць. Паніч заўчора вярнуўся з апошняга балю. Маці запытала, дзе быў, дык той адказаў, што ў касцёле.
— А яна?
— "Ці не ў тым касцёле, дзе чаркі звіняць?" І давай яго па спіне вучыць розуму!
Другі зарагатаў:
— Цяжка будзе панам! Ой, цяжка!
— Ну, глядзі, каб ад пітва пасля не пайшлі за вяселлем хаўтуры, бо не па-чалавечы ж нап’юцца.— А ты што не так п’еш? Табе волю, дык і не...