— А калі котка з’есць?
— Гэта можа. Тады пайшлі, а Улляна прыбярэ, пакуль нас няма.
Яны выйшлі з пакоя, пакінуўшы яе адну. Дзяўчына заслала ложак, сцерла крошкі на століку і прымасцілася зноў каля каміна. Доўга сядзела так, закрыўшы вочы рукамі, пакуль не пачула над сабой голас Параскі.
— Чаго такая спалатнелая? Захварэла мо? Я некалькі дзён за табой назіраю. Што з табой, ясачка?
Улляна маўчала, але Параска прысела каля яе і чакала. Нарэшце дзяўчына не вытрымала і расплакалася.
— Што мне рабіць, цётачка, я цяжкая.
Тут старая ўсё і зразумела.
— Божачка ты мой, — пачала бедаваць яна, — не зберагла я цябе, дзіцятка. Бачыла ж, што нядобра ён на цябе глядзіць, як воўк на ягня.Яна прыгарнула дзяўчыну да сябе і пачала гладзіць яе галаву.
— Паплач, птушачка мая, лягчэй стане. Ой, старая дурніца. Ведала ж, што такое можа стацца. Ой, горачка нам з табой.
— Цётачка, я яму сказала, што дзіця будзе.
Старая ўздыхнула.
— А панічу з гэтага бяда невялікая. Усё адно з табой не ажэніцца. Не ў свае сані не садзіся, дзіця. Што ён сказаў табе?
— Грошай даў і загадаў да варажбіткі ісці, каб дапамагла скінуць.
— А ты хадзіла?
Улляна заплакала яшчэ больш.
— Баюся!
Старая схіліла галаву і ўздыхнула.
— Нікуды не трэба ісці. Адвар зраблю, яно само выйдзе. Вазьму грэх на душу, каб тваю не загубіць. Нікому больш не гаварыла?
Улляна адмоўна пакруціла галавой.
— То добра, бо сама ведаеш, што за забойства дзіцяці цябе таксама не пашкадуюць. Зараз ідзі ў людскую, чакай мяне там да вечара і нічога не еш. Што маўчыш?
— У людскую не пайду.
— От дзеўка! Ну тады знікні з вачэй, а калі сцямнее, то прыходзь у маю каморку!
Увечары Параска доўга варыла нешта ў чыгуне, потым астудзіла, выліла ў гладыш і пашаптала над вадой. Непрыемны пах, ад якога цягнула на ваніты, стаяў у каморы. Адвар гэты не толькі смярдзеў, але і меў да таго ж брыдкі цёмна-зялёны, як балотная ціна, колер. Улляна з агідай глядзела на келіх, які працягнула ёй старая.
— Нельга так з лекамі, — сказала жанчына. — Калі ты іх не будзеш шанаваць — не дапамогуць. Пі!
Дзяўчына ўзяла келіх, але рукі дрыжэлі, і яна выпусціла яго. Параска плюнула і пачала выціраць падлогу анучай.
— Чаго тут баяцца? — злавала яна на дурное дзяўчо. — Думаеш нарадзіць крапіўніка? Дзіця ўсё жыццё пакутаваць будзе, бо ніхто яго за чалавека не палічыць.
Старая вымыла рукі і адцадзіла адвар, які застаўся на дне, у новы келіх.
— Добра, што не ўсё выліла. Калі б зноў прыйшлося варыць, то зёлак бы не хапіла. А ну, бяры і моцна трымай!
Улляна праглынула слёзы і выпіла адвар. Параска паглядзела на яе з жал ем, узяла пусты келіх і загадала:
— Цяпер ідзі і кладзіся. Ноч паспіш, а пасля пабачым. Калі ў жываце забаліць, то не звяртай увагі і не ўставай з ложка. Горш будзе.