— Зуліся!
Дзяўчына азірнулася.
— Што табе?
— Ты... можа б у царкву схадзіла? То гэта... свечку за здароўе маці паставіла?
Яна спахмурнела.
— За дзеда ставіла, а яно ўсё роўна.
— Ды я не...
— Схаджу, — раззлавалася яна і зачыніла за сабой дзверы.
Маці ляжала нерухома на палацях. Зуліся падышла да печы, адсунула заслонку і выняла чыгунок з вадой. Пазмятаўшы смецце з прыпечка курыным крылом, яна паклікала:
— Матулечка, табе можа што прынесці?
Маці не адказала. Тады дзяўчына падышла да яе і закрычала. Да горла падступіў камяк, і яна адчула, што ногі ўжо не трымаюць. Неяк адолеўшы млосць, дзяўчына выскачыла з хаты. Яна дабегла да дуба і там не вытрымала, упала на калені і пачала вырываць траву, б’ючы рукамі зямлю. Знямогшыся, Зуліся перавалілася на спіну, утаропілася шклянымі вачыма ў небасхіл і знерухомела.
***
Улляна і Людовіка сядзелі каля агню. У каміне патухалі адзін за адным вугельчыкі. Людовіка пазірала на жар і бавілася з ім: то падсоўвала бліжэй ножкі, то прымала і мацала пачырванелыя шчокі халоднымі ручкамі, якія праз хвіліну станавіліся такімі ж гарачымі.
— Давайце, панначка, прычашу ды будзеце апранацца, — сказала Улляна.
Людовіка скрывіла нос і пакруціла галавой.
— Не, не хачу. Я так хадзіць буду.
— Паважныя пані так не робяць.
— Адкуль ведаеш? Ты ж, акрамя нашага маёнтка, нідзе не была.
Улляна паднялася з падлогі і абтрэсла спадніцу.
— Чаму ж. А калі да вас прыязджалі панначкі пагасцяваць? — яна падышла да століка і ўзяла грэбень. — Ды і ваша маці...
— Што мая маці?
— Яна вельмі гожая.
Дзяўчынка ўздыхнула і сказала:
— Ага. Я хацела б быць такой.
— Так яно і ёсць. А калі мне не верыце, то спытайце ў Параскі. Яна ўжо маніць не будзе.
Дзяўчынцы словы прыйшліся даспадобы, але яна не паказала выгляду і паспрабавала перавесці гаворку.
— Уля, а чаму ў мяне ўвесь час рукі халодныя? Вось сядзім каля агню — шчокі чырвоныя ад спякоты, а рукі не.
— Мне бабуля казала, бы сэрца ў такога чалавека гарачае.
— Як то?
— Добрае, значыць, палкае.