— Цыц, — той спужаўся, — глядзі, панначка нас слухае.
Яны сціхлі і схілілі галовы перад Катажынай, а дзяўчына пайшла далей.
Раптам яна заўважыла Станіслава, які памкнуўся да яе.
— Мы з вамі, шаноўная спадарыня, так і не паспелі пагаварыць, — зашаптаў ён.
— Яшчэ будзе час, шаноўны, альбо вы некуды спяшаецеся?
Станіслаў раптам папунсавеў і сціснуў кулакі.
— Я б хацеў спачатку ва ўсім разабрацца. Вы павінны ведаць, што спадарыню бачу ў першы раз, але пачуцці так і не... тым больш нашы бацькі так хочуць, і я вымушаны, — апошняе слова ён падкрэсліў, — вымушаны скарыцца, але душа, натура... Шаноўная пані разумее?
— Я заўважыла б, што гэтая партыя, дарагі спадар, не залежыць ад нас абаіх. Як было сказана, гэта вырашылі нашы бацькі, а мы з вамі вымушаны падпарадкоўвацца і паважаць іх намаганні ў імя агульнай славы роду і для гонару Айчыны. Я з такім жа пачуццём вымушана скарыцца перад наканаваннем і прашу ў Пана Бога толькі аднаго — цярпення, каб быць разам з вамі.
Твар Станіслава скрывіўся, і шляхціц не знайшоў нічога лепшага, як мыкнуць у адказ. "Ёлуп, — падумала Катажына, — я змагла даць табе словам аплявуху, а ты і не ведаеш, што сказаць. Ой, маўчы, дурань, разумнейшым будзеш". Яна ўсміхнулася і прамовіла на развітанне:
— Здаецца, пана кліча да сябе бацька. То расстанемся ненадоўга, бывайце, яснавяльможны.
Частка ІІІ
***
У паўцёмным пакоі, які асвятляла адна лучына, за сталом сядзеў чалавек. Яго згаслыя бясколерныя вочы ўтрапёна глядзелі на аркуш паперы ў руках. Цяжкі гэта быў позірк, поўны болю, смутку і адчаю. Чорныя кругі пад вачыма і пакутлівы позірк указвалі на тое, што стары Офенберг жыў апошнія тыдні, а можа нават і дні, ды, самае страшнае, ведаў пра гэта і ўсё разумеў...
Пажоўклы аркуш Сцяпан выняў з патаемнага куфэрачка, дзе ляжалі самыя дарагія для яго рэчы. Яшчэ паўстагоддзя таму гэтак жа ўважліва ён разглядаў той самы чарцёж, але колькі моцы было тады ў целе, колькі жадання здабыць славу і абараніць годнасць дзяржавы. Ён і сябры лічылі, што выбралі шлях найбольш надзейны, які прывядзе да свабоды і рассячэ ланцугі абрыдлай уніі. А што атрымалася? Яны патанулі ў брудзе і крыві, гуляючы па недарэчных правілах "хатняй вайны". Прыйшлі шведы, "пагаспадарылі", за імі расейцы... А далей? Божа, толькі б не горш, хай бы ўсё вярнуць! За што ты так не любіш гэтую зямлю?
На стале гарэла грамніца. Шляхціц яшчэ падумаў, што як на хаўтуры... Так жаласліва мігцеў агеньчык. Ён чамусьці не баяўся смерці, ды і досыць — цяпер час маладым весці рэй. А полымя свечкі ўсё дрыжэла... Слёзы воску падалі на падстаўку і імгненна застывалі, ператвараючыся ў брудна-жоўтыя кроплі. Па кім жа плакаў агарак? Мабыць, жаліўся на свой нядоўгі лёс, ці шкадаваў старога, альбо бедаваў разам з ім аб гармідары, які тварыўся ў дзяржаве і не мог скончыцца добра.
Сцяпан сумна ўсміхнуўся... На пачатку стагоддзя разгарэлася вогнішча хатняй вайны на абшарах няшчаснага краю. Магнаты біліся жорстка, люта. Кажуць, што Бацькаўшчыну не купляюць і не прадаюць, а гэтыя... Офенберг зачыніў куфар і доўга сядзеў задуменны. Колькі давялося пабачыць на свае вочы здрады, угодніцтвады гнілых чалавечых сэрцаў. Гандлявалі пасадамі, маёнткамі з халопамі і нават сумленнем. Пан закрыў твар далонямі, і дзве кроплі пацяклі па шчоках. У змроку дагарала свечка. Як слёзы, сцякаў па агарку воск. Шляхціц паглядзеў на свечку і прамовіў: "Плачаш? То няхай. Хто страціў Бацькаўшчыну, той плача ўсё жыццё".
Яго роздум парушыла пані Тэафілія, якая ўвайшла ў яго кабінет і пачала наракаць:
— Што ты, бацька, зусім ані ў зуб нічога не бярэш, хутка ад ветру звалішся! З пакоя не выходзіш, напаліў тут, хоць сякеру вешай.
— Сціхні! — суха абарваў яе Сцяпан. — Рана мяне зямліцы аддаеш!
— Божухна! Ці ж я пра гэта? Знахарку заўтра да цябе прывяду: вупыр1 да цябе ходзіць. Ён кроў з грудзей п’е, а месца тое потым замазвае, каб нябачна было.
— Паганка! — прыкрыкнуў на яе Сцяпан. — Бога пабойся!
— Барані Божа! Маці так вучыла, людзі кажуць.
Сцяпан паціснуў плячыма.
— Як сабе хочаш.
— Тады схаджу раніцай за бабкай. Адно нядобра: яшчэ ноч так будзеш ляжаць.
— От, знайшла палахліўца, — стары ўжо ўпотай смяяўся з яе.
Тэафілія ўважліва паглядзела на яго і ўздыхнула.
— Не верыш, смяешся. Ну, глядзі тады.
Але ўсё ж прынесла з іншага пакоя свечку і асцярожна накрыла міскай, каб аберагчы мужа ад прывідаў. Яна дапамагла Сцяпану легчы, узяла са стала келіх з недапітымі ім лекамі ды пайшла да сябе. Але той доўга не мог заснуць ад болю ў грудзях. На двары зусім сцямнела, было амаль за поўнач, а яго ўсё не браў сон. Шляхціц варочаўся, цяжка дыхаў і чуў як выў сабака.
— Чакай, не час яшчэ. Хоць тры дзянёчкі дай пажыць, — сіпеў ён.