- Не спяшайцеся, Мацвей Аляксандравіч. А то яшчэ што-небудзь выпадкова можаце сцерці.
Саламярэцкі рэзка вызваліўся, так што фенечка садралася... Краем вока я заўважыла пад ёю доўгі белы шнар, быццам яшчэ адна фенечка, што ўрасла пад скуру. Асэнсоўваць, што адбываецца, не выпадала. Нехта абняў мяне за плечы і вёў да дзвярэй, нашэптваючы на вуха штось надзвычай захапляльнае... Я паспела яшчэ пачуць кінутае мне ў спіну горкае:
- Д-дарэчы, Ірынка, Віталя К-корвуса ніколі не існавала. Сп-пытай пра гэта ў спадара Яўгенія Кап-пытко.
Апошняе, што я ўсвядоміла, аказаўшыся за весніцамі, - са мной Віталь, які не збіраецца нікуды знікаць, а да грудзей я прыціскаю каштоўны трактат. Які ў мяне чамусь ніхто не парупіўся адабраць.
Над балотам да Волатавай пушчы поўз туман, нібыта вялізны прывід неахвотна вяртаўся да сваёй магілы.
Раздзел восьмы. СЦЕНЫ ІЕРЫХОНА
Сайт “Пад знакам Урабораса”.
Назва фанфіка: Ордэн захавальнікаў.
Фандом: арыджынал.
Жанр: агнст.
Памер: максі.
Статус: у працэсе.
Рэйтынг: NC-17.
Катэгорыя: гет.
Аўтар: Grjaznyj ubljudok.
Бета: Kobaabba.
Папярэджанні: асабліва жорсткія сцэны.
Анатацыя: Ты думаў, што ты на дне, але нехта пастукаўся знізу.
Раздзел пяты
Каментары. DoktorHaus: Памылка аўтара - занадта шмат персанажаў на пляцоўцы аднаго раздзела. Немагчы-ма запомніць і выпісаць. Мы так і не пабачылі ксяндза, рабіна і папа, якія ратуюцца ў лепразорыі ад савецкага таталітарнага рэжыму. А дзе адзіны пракажоны? Як аўтар выблытаецца? Пазабівае ўсіх?
Racional: А мне не зразумелая роля магрэткі, пафасна аўтарам перайменаванай у чырвонага дракона. Занадта лабаво, калі вуаля - і гэта і ёсць той недастатковы інгрэдыент для лекаў, што вынаходзіў Корвус з калегамі.
Тор Магутны: Прыемна бачыць, што аўтар улічвае каменты. Сітуацыя з галеннем лагічна апраўдалася. Але сеанс псіхатэрапіі са збіццём доктара - наіў. Каб так посттраўматычны сіндром вылечваўся, псіхатэрапеўты былі б усе шматкроць згвалтаваныя і збітыя.
Fljor Delakur. здаецца, люцыян корвус усё-ткі падобны да снэйпа! grjaznyj ubljudok, рэспект!!!
Проста Локі: Распаўсюджаная памылка: падзеі бачацца спачатку вачыма аднаго персанажу, потым - другога, потым - самога наратара. Калі ўсё ўспрымалася праз забаўнага персанажа, недалёкага Ромку Цвічка, было цікава. Потым аўтар збіўся.
Тор Магутны: А вось тут не пагаджуся. Гэта таксама можа быць аўтарскім прыёмам. Адразу ацэньвае падзеі адзін персанаж, пасля - другі. Аўтар, пешы ісчо!
Трандуіл: хня фанф не панімаю што за пляскі вакол такой хні адмін выдалі фанф Grjaznyj ubljudok
Тор Магутны: Адмін, выдалі адсюль усіх Трандуілаў. Хай трандуіляць пра серыял “Абшчага”.
Fljor Delakur-: Аўтар, не слухай!!! Твой арыджынал проста жэсць!!!!! Хутчэй пішы рэйтынгавую гетную сцэну!!!!!!!!
З плаката паглядаў белазубы калгаснік у заліхвацкай кяпурцы. За ягонай спінай бачыўся прыгожы дом, поле з раўнюткімі барознамі і бярозкамі, якія, здавалася, таксама бадзёра ўсміхаюцца ўсімі чорнымі плямінамі на кары. “Таварышы калгаснікі і калгасніцы перасяляюцца ў КФССР”.
Пад плакатам, на адмысловай драўлянай падстаўцы, красаваліся брашуры “Памятка перасяленцу ў КФССР” і “Рэспубліка зямнога золата”.