Мацей пачаў фоткаць планшэтам, ледзь не наскокваючы на гранітную пліту. Толькі спытаў нашу Арыядну, што з багавейлівасцю папраўляла кветкі, штучныя і жывыя, якіх было багата на магіле:
- А чаму такі малюнак?
- Гэта сам Люцыян Станіслававіч распарадзіўся. Жонка ж раней за яго памерла, дык на двох і падрыхтаваў месца. От бедаваў ён па ёй, ажно счарнеў...
- А хто яна была, Яўгенія Міхайлаўна? - я старанна адганяла падазрэнні, што пагражалі змяшаць рэал і трызненні.
- Таксама дактарыца, родам адсюль. Разам з мужам працавала ў дыспансеры. Дом, у якім яны з Люцыянам Станіслававічам жылі, яшчэ яе прадзед будаваў. Яўгенія Міхайлаўна ад раку памёрла. Доктар Корвус да апошняга спадзяваўся выратаваць.
Арыядна Мартынаўна скрушна ўздыхнула.
- Толькі ад смерці яшчэ ніхто не адкупіўся. Яўгенія Міхайлаўна апошнія гады так пакутвала, так пакутвала... Муж яе ўжо і ў бальніцу не аддаваў, сам лячыў. Каб не ягонае лячэнне, яна б гады на тры раней памерла. Марына, суседка, расказвала, што тая ўжо і прасілася ў яго - адпусці, не мучай мяне і не мучайся сам...
Сярод кветак ляжалі самыя дзіўныя рэчы: плюшавы мядзведзік, наскрозь вымаклы, кніжка ў мяккай вокладцы, старонкі пажаўцелі і пайшлі хвалямі... Ззялі два апельсіны... Блішчэў танны спартыўны кубак з дзвюма скурчанымі ў бегу фігуркамі, нават маленькі глобус павярнуўся да нас дзвюма Амерыкамі.
- А гэта пацыенты пакідаюць, якім Люцыян Станіслававіч дапамог! - заўважыла маё здзіўленне Арыядна. - Кубак Генка калісь прынёс. Ягонай матцы ў Мінску, у бальніцы, сказалі - сын ніколі хадзіць не будзе. А Люцыян Станіслававіч на ногі паставіў... Ды так, што Генка ў дзясятым класе раённыя спаборніцтвы па бегу на доўгія дыстанцыі выйграў. А там кніжка Артура Пагранчука. Паэт, у мінскім выдавецтве працуе. Доктару Корвусу нізку вершаў прысвяціў.
- Фетышызм нейкі... - прамармытала я. А Мацей нечакана рэзка азваўся:
- Не варта асуджаць людзей, якія хочуць матэрыялізаваць сваю ўдзячнасць на адрас таго, каму дзячыць запозна.
Скажыце, які спачувальны...
- А... як Яўгенія Міхайлаўна выглядала? Чаму яе партрэта няма? Нават у доме ніякіх яе фотаздымкаў.
Я ніяк не магла пазбавіцца ад здагадкі, падказанай фанфікам “Ордэн захавальнікаў”, наконт асобы Корвусавай жонкі.
Бібліятэкарка задумалася:
- Мусіць, Люцыяну Станіслававічу было цяжка глядзець на яе выявы, вось і схаваў. А выглядала Яўгенія Міхайлаўна...
Арыядна кінула зацікаўлены позірк на мяне.
- Ды вось як вы! Кажуць, у маладосці і валасы ў яе былі, як у вас, рудаватыя. Яна зусім рана ссівела. А так - вы вельмі падобныя... Мы думалі, што вы стрыечная ўнучка Яўгеніі Міхайлаўны, пакуль Марына не расказала, што гэта ваш загінулы муж быў унучатым пляменнікам Люцыяна Станіслававіча.
Мацей скончыў фоткаць і выпрастаўся.
- А як сам доктар памёр?
Арыядна паправіла пасму сівых валасоў, што выбілася з-пад берэціка.
- Дакладна невядома.
Мацей здзіўлена хмыкнуў:
- Як гэта - невядома? А што медэксперты ў заключэнні напісалі?
Арыядна разгублена глядзела на нас светлымі блізарукімі вачыма праз тоўстыя акуляры.
- Хіба вы не ведаеце? Гэта, так бы мовіць, сімвалічная магіла...
- Што?
Мне зрабілася вусцішна: няправільныя нябожчыкі працягвалі містычнае шэсце па маіх нервах...
- Люцыян Станіслававіч да апошняга быў рухавы, моцны, хоць і хударлявы. Часта хадзіў вунь туды, збіраць зёлкі...
Арыядна махнула рукой у бок адхону, дзе за рэчкай туманілася поле, парослае хмызамі, а ў далечы сінела крапасная сцяна лесу...