Пах старой паперы і зёлак...
Мацей моўчкі прыцягнуў у залу ноўт і кампактную штуку, якая магла сканаваць, друкаваць і, магчыма, выконваць бальныя танцы. Расклаў на белым карункавым абрусе па падлеткаваму яркія рознакаляровыя флэшкі... Я гэтак жа моўчкі - хоць маўчанне ўжо канкрэтна напружвала - дастала з шуфлядаў рукапісы і лісты Люцыяна Корвуса. Доктар з фотаздымка зноў працяў мяне чамусьці знаёмым позіркам, ад якога замірала сэрца...
Цікава, а ён сам хацеў, каб ягоныя паперы расшыфравалі? Вунь Тэсла спаліў свой архіў, сцвярджаючы, што чалавецтва не гатовае да ягоных вынаходніцтваў. Чытала гіпотэзу, што не Тунгускі метэарыт паклаў тайгу, а эксперымент Тэслы з электрамагнітнымі хвалямі. Віталь калісь, у часе сумесных вандровак, сцвярджаў, што наш Наркевіч-Ёдка па мянушцы “лоўчы маланак” быў не менш магутны за Тэслу і ў сваіх маёнтках на менскай Цнянцы і ў Наднёмане цэлыя палі займаў металічнымі штуковінамі для гульняў з электрычнасцю.
Мацей між тым пачаў штосьці сканаваць, загружаць. А я ціхенька выйшла з дому ў вецер, дождж і шчасце. Таму што на мой мабільнік прыйшла кароткая эсэмэска. Тры літары і клічнік. “Але!”
...Рудая барада калолася, як шчотка для абутку, густое вецце бэзавых кустоў чаплялася за швэдар, а я ледзь магла ўцяміць сэнс словаў.
- Нікому не вер, мне вер... Каралеўна мая...
Па дарозе назад я дарэмна рыхтавала адказ - дзе так затрымалася, Мацей нават галавы не павярнуў. На маніторы ноўта мітусіліся знаёмыя значкі з дзедавага сшытка, а Салома перагаворваўся тым жа нязвыкла злым голасам па гарнітуры айфона.
- Я ведаю, што гэта сакрэтная інфармацыя. Я ўсведамляю, што гэта п-парушэнне. Уся адказнасць на мне, Марго. Т-так, я ведаю, што раблю. Не крычы.
Цікава, што адчувалі тыя прынцэсы, дзеля якіх на рысталішчы біліся рыцары? Ты такая сядзіш у зацягнутай шоўкам ложы, трымаеш спіну выпрастанай, а набеленую фізіяномію - ганарыстай. І хтосьці з гэтых мужыкоў унізе, скрываўлены, потны, злы, смярдзючы - хутка падымецца сюды і атрымае цябе. Ці не было якой-небудзь прынцэсе невымоўна брыдка?
Мне дык дакладна было б. Як і ад Мацеевых гераічных намаганняў прывязаць мяне да сябе.
- Ірынка, т-трэба загрузіць больш малюнкаў. Штосьці не сыходзіцца. Нібыта нейкай ст-таронкі ў сшытку не хапае.
Пальцы Мацея пырхалі над клавіятурай. Канцы фенечак на запясцях матляліся. Я зачапілася вокам за абсечаны мезенец.
- Варта на могілкі схадзіць. Там на помніку доктара, кажуць, якраз такая выява, як у ягоным трактаце, і напісана штось.
Інфармацыю зліў Корвус - ён жа даўно над сшыткам біўся. Але нават намаляваць не браўся, як знайсці помнік у некропалі, дзе захаваліся магілы яшчэ сямнаццатага стагоддзя. Трэба звяртацца да мясцовых...
Цяпер Арыядна Мартынаўна сустрэла нас як дарагіх людзей. Тым больш я прынесла ёй стос грамат і газетных выразак з архіва ейнага куміра. А пачула пра адведванне магілы - ледзь не расплакалася расчулена. Умудрылася яшчэ і напаіць нас кампотам з трускавак і напхаць мне ў кішэні грыбочкаў з цеста - кранальнае правінцыйнае печыва.
Старавежскія могілкі нагадвалі крэпасць, якая ўсур’ёз збіраецца бараніцца. Агароджа з чырвонай цэглы, там-сям пачарнелай. Высокія цёмныя дрэвы шчыльнай сцяной, шаты да шатаў. Пабеленая брама з гербам, ад якога засталася толькі замазаная цэментам пляцоўка і кавалачак геральдычнай лілеі, што вытыркаўся з-пад цэменту. Калі прыгледзецца, па ўсім версе брамы цямнелі сляды ад збітых літар “Никогда не забудем подвиг народа”.
Спадарыня Арыядна па-свойску раскруціла дрот на каваных варотцах брамы і энергічна тузанула іх, нібыта запускала на ўласны падворак.
Ціша, прыцемак і тужлівы спакой... Цёмныя ствалы таполяў, з-за якіх, здавалася, нехта выглядае. Каменныя анёлы са сляпымі вачыма быццам паварочваюць за табой галаву... Палын і дзядоўнік на закінутых магілах нахабна прытуляюцца да іржавай агароджы, быццам тубыльцы з-за плота назіраюць за нежаданымі прыхаднямі. Ды яшчэ і цяжкі туман падымаецца ад зямлі, робячы пейзаж ідэальным для здымкаў містычнага трылера.
Я сто разоў паспела пашкадаваць, што абула не красоўкі, а чорныя скураныя туфлі з раменьчыкамі, якія па-школьнаму перацягвалі ступакі. Трава была мокрай, гліна слізкай. Я спатыкалася аб каменні, што калісьці, можа, роўненька ляжалі на сцежках між магіл, пакуль нябожчыкі не выштурхнулі іх наверх.
Крумкачы і вароны лена абсыпалі нас лаянкай, хаця што ім было да нас. Яны ў густых шатах мелі горад і вырашалі асабістыя справы. Цяпер, падобна, кагось са свайго племя судзілі, а той упарта адмаўляў віну, яшчэ больш злуючы супляменнікаў.
Спадарыня Арыядна адчувала сябе ў гэтым дэкадансным свеце цалкам утульна. Мне падалося, што са многімі магіламі ветла віталася - кіўком галавы, усмешкай, лёгкім ласкавым дакрананнем да парослага мохам каменя.
- У такіх месцах самыя няверуючыя пачынаюць верыць, - амаль весела шчабятала ваяўнічая краязнаўка, да яе ружовага вязанага берэта прыліп брунатны лісток. - Вунь там капліца стаяла, зруйнавалі... А вунь ля той магілы што здарылася...
Бібліятэкарка кіўнула на сучасны помнік з чорнага граніту, які нібыта праштурхаўся на сваё месца між магіл пазамінулага стагоддзя.
- Хавалі адну нашу жанчыну, у рэстаране адміністратарам працавала. Сваякі купілі тут участак, на месцы закінутага пахавання. Ненавіджу гэтый звычай - хаваць нябожчыкаў над нябожчыкамі...
У гэтым я са спадарыняй Ружовы Берэцік была згодная.
- Дык вось, на пахаванне прыехаў сваяк з Мінска, мастак. Калі труну апускалі ў яму, адна вяроўка абарвалася. Мастак кінуўся падтрымаць, паслізнуўся і ўпаў сюды, на агароджу...
Агароджа нагадвала іржавыя дзіды.
- Яму прабіла сэрца... Проста на могілках і памёр.
Твары нябожчыкаў на патрэсканых, пабляклых медальёнах, здавалася, маюць у рысах штось нечалавечае. Раса ператварала павуцінне, што аплятала хмызы і быльнёг, у знізаныя перлінамі карункі, нібыта злодзеі груба здзіралі срабрысты строй са схопленай князёўны і раскідалі паўсюль ашмёткі.
Доктар Корвус спачываў на ўскрайку могілак, над адхонам. Унізе цякла непрыветная ручаіна, зарослая аерам. Здавалася, гэта ў цёмнае цела цмока паўтыкалі зялёныя стрэлы і дзіды. Гранітная пліта была разлічана на дваіх. Люцыян Станіслававіч Корвус, 1911 - 2005, Яўгенія Міхайлаўна Корвус, 1925 - 1989. Ніякіх фотаздымкаў. Затое выгравіраваны надпіс на латыні і тыя незразумелыя загагуліны, што і ў сшытку. І малюнак разлапістай расліны.