- Дзякую, Люцыян Станіслававіч, беражы вас Гасподзь.
Магістр і ягоная былая вучаніца павольна брылі па цёмных прысадах. У густых шатах час ад часу штось шаргатала, нібыта нейкая істота сачыла за людзьмі, пераскокваючы з галінкі на галінку.
- Мне страшна, бо я не ведаю, ці радавацца, што няшчасныя дзеці засталіся жывыя, - глуха прамовіла Яўгенія. - Якое жыццё іх чакае? І іх бедную маці?
- Жыццё - дарунак, які нельга вяртаць, - цвёрда прагаварыў Магістр.
- Упэўнены, што дзяўчынкам дастанецца свая доля любові.
- Але раздзяліць іх немагчыма... - сцвердзіла-спытала Яўгенія.
- Немагчыма, - пацвердзіў Люцыян. - Нават прафесар Візенталь не бярэцца. Без рэнтгену цяжка сказаць, але, падобна, некаторыя важныя ўнутраныя органы ў іх адны на дваіх.
Жанчына пацепнула плячыма.
- Як паказаць дзяцей іх і без таго запалоханай маці? Яна ж сябе абвінаваціць... Не ўберагла... Пакаранне звыш...
- Давайце падумаем пра гэта заўтра... А пакуль што паглядзім на зоры, - нечакана дадаў Корвус. Яўгенія неўразумела азірнулася. Былы настаўнік задраў галаву, прывіднае нябёснае святло залівала ягоны твар, падкрэсліваючы рэзкія цені.
- Памятаеце, Яўгенія, як пасля таго, як мы знайшлі бразготку пракажонага ў раскопе і я спыніў даследаванні, Ордэн захавальнікаў сядзеў ля вогнішча. І мы да раніцы глядзелі на неба і гаварылі пра сузор’і...
Загадчыца шпіталя скептычна хмыкнула, але таксама падняла вочы... Якія ж сёння зоры! І чаму яны так нялітасціва склаліся да тых, хто пад імі гадзіну таму нарадзіўся!
Мусіць, апошнюю горкую фразу доктарка вымавіла ўслых, таму што задуменны Магістр, што стаяў за яе спінай, не адрываючы светлых вачэй ад неба, суцяшальна паклаў рукі на плечы жанчыны.
- Жабраку болей шчасця ад адной мядзянай манеты, чым багацею ад тысячы залатых. Будзе шчасце і ў нашых дзяўчынак.
Двое з Апошняга Прытулку моўчкі стаялі і глядзелі на зоры, не падазраючы, што некаторыя з тых зор даўно памерлі, мала што іх святло ляціць да зямлі.
- Люцыян Станіслававіч, вы зараз дакранаецеся да мяне... у тым самым сэнсе? - раптам весела прашаптала Яўгенія. Корвус адскочыў, быццам ягоныя рукі абдало кіпнем, і спалохана замармытаў, не падымаючы вачэй:
- Прабачце, я... я не хацеў... я проста...
Сухія галінкі трашчалі пад ягонымі чаравікамі.
- Вы, дапусцім, проста хацелі праверыць, ці не падаю я па-ранейшаму ў шоку ад вашага дакранання? Як бачыце, не. Ваша лячэнне дапамагло.
Люцыян адступіў на крок, пазбягаючы глядзець на танклявую постаць у зорным святле.
- Паверце, я проста механічна... Мімаволі...
- Можа, час і вам, Магістр, пазбаўляцца сваіх фобій?
Жэнька раптам зрабіла крок да суразмоўцы, і той з цяжкасцю змусіў сябе застацца на месцы, толькі тузануўся назад.
- Вы мяне дражніце, так?
Голас мужчыны гучаў бы пагрозна, каб не быў разгублены.
- А вас вельмі весела дражніць!
Жанчына раптам кранула шчаку былога настаўніка, лёгка правяла тонкімі пальцамі па ўпартым падбароддзі.
- Вось бачыце... Я сябе пераадолела.
- Рады за вас, - суха прамовіў, як выплюнуў словы, Магістр, развярнуўся і хуткім крокам рушыў у цемру.
- Ды стойце ж вы, рыцар з апушчаным забралам! - са смехам прамовіла Жэнька і подбегам рушыла следам. - Я не буду вас чапаць!