- А потым я п-проста зразумеў, што гэта ўсё не мае значэння. Што раблю, што не раблю... Хоць са скуры вылузаюся. Гэта як спрабаваць п-прарасціць зерне, у якім няма зародку расліны. Бес-ка-рыс-на...
Жалезны цмок страшэнна загрукатаў, выпаўзаючы з тунеля на святло. З ягонага чэрава вываліўся натоўп. Некаторыя цікаўна на нас азіраліся: нешта такое, адчайнае, было ў застылым твары майго... ну, не зусім майго, айцішніка. Бач, як разьбу сарвала ў чалавека... А проста я ўжо тыдзень не дазваляла яму прыходзіць. І ўвогуле... Так, без дапамогі Мацея нельга выратаваць Віталя... Але ну не магу я зараз быць з іншым. Дазваляць нават датыкацца да сябе. Толькі не цяпер, калі мяне нібы ахутвае так і не забыты за сем гадоў пах мокрай ад дажджу курткі, мроіцца дотык іншых вуснаў... Прабач, Мацейка, але закаханыя - самыя страшныя эгаісты.
Я ўспомніла Юдзіф... Тую, біблейскую, што пайшла ў шацёр да варожага ваяводы Алаферна, каб пасля ночы кахання адсячы яму галаву.
- Давай на вуліцу выйдзем, пагаворым... Ну што ты як маленькі.
І ён пайшоў за мной. Як на вяровачцы. І мне зусім-зусім не было сорамна. І зараз я скажу яму ўсё, як прасіў Віталь...
- Ты здагадаўся, як расшыфроўваць доктараў сшытак?
Мацей недаверліва ўгледзеўся ў мае вочы, можа, думаў, што я жартую. Бог мой. Я яшчэ ніколі не адчувала такой страты пачуцця гумару.
- Ведаеш, неяк настрою ў мяне не было т-той лабудой займацца.
Мы стаялі на праспекце, ля плота з алюмініевых шчытоў, за якімі стукала-грукала будоўля на замежныя грошы. Хутка ў гэтых грувасткіх вуллях усе соты запоўняць грашавітыя па нашых мерках прыхадні. На банеры, прымацаваным да плота, красаваўся праект будучай забудовы, якую наш далёкі продак прыняў бы за загон для цмокаў.
- Калі расшыфруеш, я паеду з табой за мяжу, як ты марыў.
Мацей ускінуў галаву, ягоныя вочы незразумела бліснулі.
- Г-гэта як у казцы, бязглуздае задание для малодшага царскага сына? Вырасціць к-каменнае дрэва, прынесці грэбень русалкі, узараць п-поле на запрэжаных у плуг медзвядзях... Навошта табе тыя запісы? Фармацыяй занялася?
Корвус сказаў - даць праўдападобнае тлумачэнне.
- Ну, лічы бязглуздым заданием. Тым больш самому ж цікава яшчэ нядаўна было. Але... Люцыян Корвус - рэпрэсаваны пры Сталіне. Сядзеў, напэўна ж, з іншымі беларускімі навукоўцамі ды творчай інтэлігенцыяй. Памятаеш, я казала наконт праекта сайта пра ахвяр рэпрэсій? Уяўляеш, колькі важнага дзед Віталя мог зашыфраваць! Імёны катаў і ахвяр, падрабязнасці допытаў...
Салома пацёр нявыспаны твар. Канцы паласатага шаліка біліся ў паветры. Сёння б^іў адзін з самых халодных дзён лета, збольшага спякотнага да адурэння. Вецер штурхаўся, як ахоўнік у вельмі дарагім клубе, куды лезе шантрапа.
- У мяне п-пакуль і здагадак няма наконт шыфру. Ніякай сістэмы...
- А ты скарыстай тую праграму, што вы распрацоўваеце. Як яе... “Агата”?
Спадзяюся, мой голас прагучаў дастаткова абыякава. Але Салома напружыўся:
- Ты ж ніколі не цікавілася маёй п-працай... З чаго ўзяла, што “Агата” можа штосьці расшыфраваць?
Я апусціла вочы.
- Ты сам казаў...
Спазяюся, што і праўда казаў, я ўсе айцішныя размовы прапускала міма вушэй.
Мацей змрочна маўчаў. Ледзь паспеў адхінуцца ад чарговага раварыста - дарожкі для ровараў на новым праспекце парабілі, а пазначыць забыліся. Вось і мяшаюцца пешаходы і ездакі, кожны перакананы, што ў сваім праве.
- “Агата” напэўна дапамагла б. Але я не магу ёй скарыстацца. Я - т- толькі адзін з яе стваральнікаў. Ну, як бы табе пат-тлумачыць... - Мацей паварушыў у паветры пальцамі, нібыта хацеў злавіць нябачную павуцінку.
- П-памятаеш свой улюбёны серыял “Грым”, пра паляўнічых на пярэваратняў? Сем ключоў, на кожным - частка карты, і т-толькі склаўшы ўсе, можна знайсці скарб. Нас не сем, нас чацвёра. Кожны распрацоўваў сваю ч-частку праграмы. А ўсё ўцале ведае т-толькі кіраўніцтва. Ды каб я і ведаў... Гэта ж яшчэ ў стадыі т-тэставання, карпаратыўная таямніца.
У мяне ажно слёзы навярнуліся на вочы ад крыўды - няўжо ўсё ляснецца! І Корвус змушаны будзе хавацца надалей і, каб уберагчы мяне, адмовіцца ад сустрэч...
- Слухай, не трэба мяне грузіць. Ключы, таямніцы... Проста зрабі мне падарунак. І... я з табой паеду.
- У якасці к-каго?
Салома быў амаль жорсткі. Мне аж сталася няўтульна. Ён ніколі не быў жорсткім са мной.
- Ты зрабі, а пасля вырашым.