— Трэба на зуб паспрабаваць, — прапанаваў Антось.
Хлопец вылез з-пад запечка, перадаў лыжку Антосю, а той паспрабаваў грызці.
— Мусіць, золота. Бачыш, не ўгрыз. Ніякага знаку. Дзе ты ўзяў?
— Дзе ўзяў, там ужо няма.
— Патрасі добра, мо яшчэ што знойдзеш, каб параўнаць.
— Трэба ў бацюшкі спытаць, — прапанавала Малаша. — Ён, напэўна, умее адрозніць золота ад медзі. Гэта мы нічога, акрамя гною, у жыцці не бачылі. Хоць вось мне нябожчык Аўдзей падараваў срэбны пярсцёнак, дык ведаю, што срэбра белае.
Людзі яшчэ доўга спрачаліся наконт золата, пасля завялі гаворку пра скарбы, маўляў, як бы добра было б разбагацець, ды Антось астудзіў іх:
— Разбагацейце, паспрабуйце, дык паедзеце да белых мядзведзяў, як Леўка з Данілам.
І ўсе прыціхлі на момант, думаючы, што не трэба хваліцца багаццем. Забяруць нават за прозвішча ды павязуць на злом галавы. І не толькі за багацце, патрэсці могуць.
— Але ўспомніце, як было з Аксентым. У яго прозвішча Кулак, нехта не разабраў і запісаў яго ў кулакі, — засмяяўся Антось, паказваючы свае роўненькія белыя зубы. — Прыйшлі маёмасць апісваць, а там — галеча.
— Табе з прозвішчам пашанцавала. Адно слова — Самота. Да цябе не прыйдуць, — адзначыла Адарка Сымонкава, хоць мужык яе загінуў на вайне, яе па-ранейшаму вяскоўцы называлі ягоным найменнем.
— У мяне адно багацце — дзеці.
— Не дзіва, дзвюх жонак маючы, — пасміхнулася ўедлівая маладзіца.
— Не выдумляй, адна ў мяне жонка, Антоля, — слаба бараніўся Антось. — А Маня толькі яе сястра, але ж куды ёй падзецца? Гадую ўсіх...
— Кажуць, што малодшая Маніна дачка ад цябе, — не сунімалася Адарка.
— У вас языкі, як мянташкі, вы што заўгодна скажаце, не пачырванееце. Гэта Маніна справа, колькі і з кім заводзіць дзяцей. Я не поп, каб яна мне спавядалася. Кожны за свае грахі сам будзе адказваць, — ужо злосна адказаў Антось, не жадаючы працягваць непрыемную гаворку.
Малаша, каб зняць напружанне, памяняла тэму гутаркі і спытала:
— Кажуць, Стась Лапіцкі прыехаў, не чулі, мо да Нінкі вярнуўся? Як-ніяк, а там жа дачка падрастае?
Малашына сваячка Дамінка адказала:
— Ага, чакай — вернецца! Кажуць, да Бярынчыкавай дачкі пасватаўся.
Жанчыны спачувальна забожкалі, быццам папярэджваючы прысутных тут
дзяўчат, каб не верылі хлопцам. А Малаша ў працяг тэмы завяла прыпеўку:
Я — не Таццяна, я — не Маруся,
Я — не красуня, я не баюся.
Маня-красуня хлопцаў любіла,
За што вы хлопцы Маню набілі?
Людзі зарагаталі. Раптам Вера Клемава высокім і прыгожым голасам, што ажно душы наструніліся ў слухачоў, зацягнула тужлівую песню:
Ой, чыя ж там ніўка,
Чые ж там пакосы?
Чыя ж там дзяўчына