Што Бог дае, тое мусім прымаць. І малая ўспаролася следам за дарослымі. У дзіцяці вочкі разумненькія. Халера яго бяры, як будзе, так і будзе. Аўдзей вярнуўся — дык ужо радасць. А нявестка няхай таўчэцца ля печы — мне палёгка...»
Малаша зацікаўлена зірнула на дзяўчынку, якая сядзела за сталом і гартала кніжку, побач з ёю на стале ляжала вялізная прыгожая лялька, падумала: «Бач, якую дарагую цацку малой купілі. Мусіць, добра ў горадзе зараблялі. Песцяць цяпер дзяцей змалку. Маімі лялькамі былі авечкі. Як толькі на ногі стала, пачала іх пасвіць, хустку ягняткам завязвала. Гэта і былі мае лялькі.» Малаша падсела да малой, зазірнула ў кніжку з чорна-белымі малюнкамі, спытала:
— Што гэта ў цябе?
— Буквар, — дзяўчынка паказала вокладку.
— Ты мо чытаці ўмееш?
— Трошкі, трошкі.
— Пачытай.
Дзяўчынка, водзячы пальчыкам па старонцы, прамаўляла па складах словы:
— Ма-ма, ра-ма.
— Дык табе ў школе не будзе чаго рабіці, — сказала старая ў знак пахвалы.
Малая нічога не адказала, а працягвала старанна чытаць.
— Мама, дзе соль? — спытала нявестка ў Малашы.
Старая ажно страпянулася ад гэтага ласкавага «мама» і адказала, паказваючы на паліцу:
— Гондэ.
Нявестка дастала слоік з соллю. Яе трохі здзівіла незнаёмае слова, але яна ўжо і ад Аўдзея чула не раз словы з прыстаўным гукам «г», характэрныя для палескага дыялекту, накшталт «гочы», «гуліца», таму зразумела: «гондэ», азначае «вось тут». У яе ўсходнебеларускай вёсцы часцей у якасці прыстаўнога выкарыстоўваўся гук «в», казалі «вунь», «вочы», «вуліца». Думка прамільгнула і знікла, а маладзіца зноў засяродзілася на сваёй кухарскай справе, хацелася дагадзіць свякрусе, пакарміць яе смачна. Таму гатуючы на сняданак салонікі, варыла іх болей, чым трэба было, задумала зрабіць на абед варэнікі з бульбай у дадатак да крышаноў з грыбамі. Хацела яшчэ спячы трохі піражкоў з капустай, усё ж сёння нядзеля, трэба пацешыць родных чым-небудзь смачненькім. Пакуль тапілася ў печы, яна дастала з чамадана белыя паркалёвыя фіраначкі, якія прывезла з сабою, і павесіла на вокны. Нядобра, каб хата прасвечвалася наскрозь, і суседзі бачылі, што тут робіцца. Адразу ў пакоі стала святлей і прыгажэй. Мусіць, таму свякроў не пярэчыла, толькі ўважліва разглядвала карункі, якія ўпрыгожвалі фіранкі ды сказала сыну:
— Добра, што вярнуліся дамоў. А то сноўдаліся б па свеце, бы Каўбасюкі.
— Хто такія Каўбасюкі? — спытала Таіса ў Аўдзея.
— Жылі тут Міхалка з Хадораю, чацвёра сыноў гадавалі, а зямлі не мелі, зараблялі на жыццё тым, што плялі кельні, прадавалі іх ажно ў Косава. А яшчэ на вяселлях гралі на баяне, скрыпцы ды барабане. Каўбасюкамі іх назвалі, таму што сваіх каўбасаў ніколі не мелі, а толькі на вяселлях ласаваліся, за дзве шчакі набівалі. Цяпер нікога з іх не засталося ў Лядах. Бацькі паўміралі. Старэйшы сын загінуў у Брэсцкай крэпасці ў вайну, другі прыстаў у прымы ў суседнюю вёску, трэці некуды з’ехаў, а чацвёрты краў, дык недзе ў турме сядзіць. Я аднойчы высунуў руку з таўкеняю ў акно, глядзь, а яе ўжо няма: Каўбасюкоў Сымон украў. Прыйдзе на танцы зімою, сваё старое паліто пакіне, а нечае новае надзене і пайшоў, — Аўдзей пасміхнуўся, згадваючы мінулае. — А хата ў іх была дзярном накрытая, у сярэдзіне чорная, закураная, печ без коміна.
Непрыкметна зусім развіднела. Аўдзей падаўся на двор. Маці, прасачыла праз акно, як ён агледзеў пахілы плот, выйшаў на вуліцу, мусіць, параўноўваў свой двор з іншымі. Яна міжвольна залюбавалася сынам. Што і казаць, добрага хлопца выгадавала, да ўсялякае працы здатнага. Яшчэ зусім быў малы, а ўжо вярхом на кані ездзіў. Залезці не здужае, дык да плота каня падвядзе, а стуль ужо ўскараскаецца на спіну жывёліне. З малых гадоў давялося быць яму гаспадаром. Гной вазіў на поле, араў, сеяў, касіў, малаціў, родных і дваюрадных братоў прывучаў да працы. Міжвольна падумала, няхай пабачыць да якога бязладдзя даходзіць хата без гаспадара. Малашы з рукамі, прыгнутымі каўтуном, далёка не ўсё пад сілу. Хоць, безумоўна, слабою сябе не лічыла, панесці на спіне магла б не меней за дужага мужыка, а ў маладосці з канём навыперадкі бегала. Доктар спрабаваў выпрастаць яе рукі, не верыў, што ёсць на свеце такая хвароба — каўтун. А потым выпісаў усё ж нейкіх парашкоў, быццам мог вылечыць хваробу, якую Бог паслаў.
Думкі наплывалі адна за адной. Шчымліва згадала, як кахала яна свайго любага мужа Аўдзея, як упадабала з першага позірку, а ён жа ўзяў яе за зямлю. Можа і не кахаў яе спярша, але пасля заўважала, што раўнаваў, калі яна апранала святочны андарак ды падвязвала беленькі з карункамі фартушок. Старэйшага сына назвала ў ягоны гонар Аўдзеем, хоць кажуць, нельга гэтага рабіць. Адзін з іх не будзе жыць доўга. Так яно і атрымалася. У трыццаць сем гадкоў сканаў Аўдзей-старэйшы ад сухотаў. Пакутліва было глядзець на ягоную нядужасць. Бывала ляжыць Малаша побач з ім на печы, і думае, няхай бы мне палова ягонай хваробы, каб яму было лягчэй. На полі за яго і за сябе спраўлялася. А якое жыццё цяжкае было: дзве сям’і мясціліся ў адной хаціне. Не было, дзе спаць. Аўдзееў брат Саўка меў трое дзяцей, ды сваіх чацвёра, а яшчэ свякруха. Дванаццаць душ у адной халупе! Калі ўсе старэйшыя ішлі на поле, хворы Аўдзей даглядаў малых, карміў і нават пялюшкі мыў. Саўка пачаў будаваць сабе хату, паспеў паставіць зруб яшчэ за польскім часам. Свякруха перайшла да старэйшага сына, бо там было вальней. Сама Малашы і пажыць! Але тут і пачаліся беды. Спачатку памёр Аўдзей, праз год шкарлятына задушыла малодшанькую дачушку Ганначку. І зараз страшна ўспомніць, як задыхалася дзіця на яе вачах, а Малаша нічога не магла зрабіць, нічым дапамагчы. Толькі маліла Бога і туліла да сябе малую. Пад ранне Ганначка аціхла. Гарачае яе цельца пачало астываць. А людзі не маглі адарваць малую ад маці. З тае пары і закляклі яе рукі ў локцях, не разгіналіся, быццам яна да гэтага часу спрабуе ўтрымаць дзіця пры сабе.
Назіраючы за тым, як нявестка завіхаецца ля печы, Малаша прыспешвала яе:
— Годзе, Тая, ўжо таўчыся ля прыпечка. Зачыняй засланку, хутка людзі прыйдуць.
— Якія людзі? — здзівілася Таіса.
— Нашы, — коратка адказала Малаша.
Сапраўды, ледзьве пасля сняданку Таіса паспела прыбраць посуд са стала, як у хату пачалі збірацца людзі: хлопцы, дзяўчаты, вяскоўцы сталага веку. пазаймалі ўсе лавы, услоны і запечак, перакідваліся словамі, лускалі семкі, плявалі проста на падлогу. Стары Кузьма, як толькі ўвайшоў у пакой, адразу заўважыў фіранкі і сказаў:
— Хораша, Малаша, табе нявестка хату ўбрала.
Гаспадыня толькі задаволена ўсміхнулася, дзіва што, ні ў адной вясковай хаце няма гэтакіх панскіх фіранак. Мужчыны гулялі ў карты, курылі, спаборнічалі, выпускаючы дым з рота кольцамі. Стары Кузьма пачаў хваліцца, што займеў золата, і дастаў з кішэні лыжачку з жоўтага металу.
— Гэта медзь, — запярэчыў Антось Самота, — я золата бачыў у Германіі.
— Чыстае золата, — стаяў на сваім Кузьма. — Яно ў цемры будзе блішчаць.
— Давай-тколе праверым, — з запалам сказаў Сеня Голубаў, выхапіў лыжку і палез пад запечак. — Халера яе ведае. Быццам блішчыць, быццам не.