— Нагуляецца твая мама, дый сама прыйдзе, — адказала Малаша.
— Завязіце мяне да мамы, — скрозь слёзы папрасіла малая.
Ні Алеся, ні баба не звярталі на яе ўвагі. Тады Ліза заплакала ўголас.
— Чаго равеш, як цялушка? — спытала Малаша і перадражніла. — А-а-а.
Ліза заплакала мацней, і тады ўжо і Алеся высалапіла язык і зараўла, перадражньваючы малую. Гэта была тая самая Алеся, якая яшчэ нядаўна вазіла Лізу на санках, разам з ёю размотвала клубкі, навівала цэўкі. Дзяўчынка ажно знямела, гледзячы на Малашу і Алесю, як яны дражняць яе, а потым заплакала на ўсю моц, калі зразумела, што тут ёй ніхто не спачувае, баба Малаша чужая і Алеся — таксама. Яны сядзяць насупраць і здзекуюцца з яе.
Раней, калі яшчэ Ліза жыла ў цёці Полі, і часам плакала ці скардзілася на нешта, ёй стараліся адразу дапамагчы. Цёця шкадавала яе, дзьмухала на выцяты палец, калі малая скардзілася, што баліць жывот, адразу несла да доктара ў суседнюю вёску. Ад адчаю Ліза заплакала яшчэ мацней, размазваючы слёзы па твары.
— Не люблю! Не люблю вас!.. — крыкнула яна, саскочыла з лавы і прыгорблена, бы прыціснутая горам бабулька, пайшла да печы, залезла на яе, усхліпваючы, умасцілася на рыззі і аціхла.
Ліза згадала іншы выпадак. З мамай і татам яны гулялі па горадзе, а потым у яе забалелі ногі, яна стала прасіцца на рукі, а тата сказаў, што яна ўжо вялікая і няхай ідзе сама. Дзяўчынка стамілася і села проста на тратуар. Тата раззлаваўся і злосна сказаў маме, маўляў, няхай пасядзіць, потым сама дагоніць. Аднак мама ўзяла ўсё ж дачку на рукі і трохі паднесла. Лізе стала добра ад матчынай ласкі. І тады яна падумала, што гэта чужы тата, яе родны гэтак не казаў бы. Свайго тату яна помніла мала, ён некуды паехаў і не вяртаўся. Толькі на сцяне вісеў партрэт, дзе ён быў сфатаграфаны з мамаю, яны сядзелі побач, іхнія галовы хінуліся адна да адной. Потым з’явіўся новы тата. Аднойчы ён зняў рамку, разрэзаў партрэт, адрэзаў Лізінага тату і закапаў за гародам над Дняпром. Ліза пачала згадваць дзедаву хату, цёцю Полю, Віцю, старую дзічку і падумала, што некалі яна туды паедзе і будзе заўсёды там жыць. Ніхто яе не будзе абражаць і дражніць. Яна будзе стаяць на гары, глядзець на шырокую і прыгожую раку. А потым па вузкай сцежцы спусціцца ўніз, зрываючы сінія кіславатыя ажыны, якія цягнуцца галінкамі насустрач, міне калодзеж, падбяжыць да самай вады, сядзе ў лодку, прыпнутую да берага. Будзе глядзець на дзівосна прыгожыя белыя і жоўтыя гарлачыкі, на хуткіх вадамерак, якія слізгаюць па вадзе, быццам на каньках, на вялізных стракоз, што кружацца над заваддзю. Пад гэтыя ўспаміны яна заснула да раніцы і не чула, калі вярнуліся бацькі.
8
Ліза бачыла з печы, што касыя сонечныя промні прабіваліся ў акно, каля якога баба Малаша, седзячы на лаве, прала кудзелю, чула, як мама стукала дужкаю вядра, лыжкаю ці чыгунком. Дзяўчынка не спяшала пакідаць сваю высокую, як Алімп, схованку, бо помніла ўчарашнюю крыўду. Хавалася там да сняданку. Потым за сталом без ахвоты жавала салонік, не прамаўляючы ні да каго, пакуль не пачула, што тата збіраецца ехаць купляць сена ў Янавічы.
— Вазьмі і мяне з сабою, — папрасіла яна.
— Добра, вазьму, — адказаў ён.
— А калі паедзем?
— Хутка. Пойдзем на стайню, возьмем каня і паедзем.
Таіса насцярожана паглядзела на малую, нібы ўзважваючы, ці варта пускаць у такую далёкую вандроўку, але не запярэчыла. Ліза хуценька вылезла з-за стала, пачала абувацца. Яна яшчэ дрэнна адрознівала левы чаравік ад правага, але, здаецца, на гэты раз не памылілася, бо ніхто ёй нічога не сказаў пра абутак. Яна чула, як баба Малаша раіла тату прыгледзецца да таго сена, каб было добрае. Вядома, у дарослых свае гаворкі, няхай бы хутчэй яны скончыліся. Ліза надзела зялёнае паліто і каптурык і пайшла ў двор, каб пачакаць там тату. Нарэшце ён выйшаў. Разам яны накіраваліся ў канец вёскі, які быў недалёка, праз пяць хат, а далей дарога дваілася, адзін канец заварочваў да канюшні, а другі кіраваўся якраз у тую вёску, дзе належала купіць сена. Крайняя хата пуставала, там чамусьці ніхто не жыў, а насупраць стаяла нечая клуня. На скрыжаванні расло магутнае дрэва з круглаю верхавінаю. Ліза яго ўбачыла ўпершыню, бо ніколі не хадзіла на гэты край вёскі. Дрэва здалося ёй падобным на дзедаву грушу-дзічку, толькі значна большае.
— Што гэта расце? — спытала яна ў таты.
— Таполя, — адказаў ён.
Аўдзей ішоў шырока і хутка, і Ліза, каб паспець за ім, вымушана была рухацца подбегам, што ажно ўзмакрэла. Доўгі і няўклюдны будынак стайні, накрыты саломай, быў бачны здалёк, з-пад прадранай страхі бялелі рэбры крокваў. Каля варот разлілася вялізная лужына, якая цягнулася ажно ў двор. Тата, абуты ў гумавыя боты, мог лёгка пераадолець гэтую перашкоду, а Ліза ў сваіх чаравічках тут прайсці не магла, таму засталася чакаць на ўскрайку дарогі. Агледзелася. Позірк прыцягнуў поплаў, заліты вадою, яна нават падумала, што гэта нейкае азярцо. За ім радочкам цягнуліся шэрыя хаткі. У небе плылі бухматыя аблокі, якія пад ветрыкам увесь час мянялі абрысы, назіраючы за імі можна было разгледзець ці чалавечы твар, ці пысу якой жывёлы.
Рыжы рахманы конь вывез тату на возе з двара стайні, побач прымасцілася Ліза, і яны рушылі ў дарогу. Чатыры колы дружна каціліся ўперад і везлі вазакоў так хутка, што дзяўчынка ледзьве паспявала агледзець наваколле: старая таполя, голыя бязлістыя дрэвы абапал дарогі на вёску Янавічы, яшчэ адзін поплаў, заліты талаю вадой і круглую, як сподак, сажалку. Ліза чула, што недзе паблізу ёсць возера, скуль аднойчы мужчыны прыносілі рыбу, таму яна спытала:
— Гэта возера?
— Не, гэта балотца, а тая круглая сажалка называецца Цагэльня. Тут даўней капалі гліну для цэглы. Возера знаходзіцца ў тым канцы, за сялом, далекавата адсюль. Яно вельмі вялікае, — адказаў Аўдзей.
Вазок падняўся на ўзгорак — і наперадзе, удалечыні паказаўся вятрак, ён круціў крылы і, здавалася, зараз узляціць над зямлёю. А Ліза глядзела і глядзела на яго, спрабуючы зразумець таямніцу гэтага руху. Усё, што было звязана з палётам, з небам, зачароўвала яе. У тым горадзе, адкуль яны прыехалі да бабы Малашы, яна бачыла ў краме, якая называлася «Дзіцячы свет», зялёныя самалёты з чырвонымі зоркамі на крылах, якія луналі высока пад столлю. Дзяўчынка разумела, што яны не прадаюцца, а існуюць асобна ад той мітусні, якая пануе ўнізе, таму ніколі не прасіла купіць ёй нейкую цацку, бо ў той краме нічога не бачыла, акрамя самалётаў. Разумела: самалёт — не цацка, гэта такая рэч, пра якую можна толькі марыць. Як і тыя недасяжныя самалёты, якія лётаюць у небе. Ліза ездзіла на цягніку, на грузавіках, на возе, але ўжо тады падсвядома ў яе душы нараджалася мара: лётаць на самалёце, кіраваць крылатаю машынаю, як тата канём. Яна мела вялікую ляльку і буквар, які ўжо прачытала не адзін раз, — вось і ўсё багацце ў шасцігадовай дзяўчынкі.
І цяпер, калі Ліза ўбачыла вятрак, зямны і крылаты, ёй зрабілася неяк вельмі ўтульна і хораша. Яна падумала, як бы было добра жыць побач з гэтым млыном і сачыць за ягоным рухам.
Пакуль тата ў чужым двары нагружаў сена на воз, Ліза ўсё любавалася ветраком, потым пераводзіла вочы на высокія аблокі, якія паволі плылі, злучаліся, набывалі дзіўныя абрысы. Дамоў яна вярталася, седзячы высока на сене, а тата ішоў побач і паганяў каня. Зверху было вельмі добра ўсё відаць. Паціху аддалялася чужая вёска з шэрымі хаткамі і пазелянелымі платамі, з высокімі бярозамі на ўскрайку, наперадзе была вялізная купіна старой таполі на скрыжаванні, а далей цягнуліся Ляды, даволі вялікая вёска, стаяла быццам на ўзгорку. Справа ад яе цягнулася сіняя сцяна лесу, а злева было поле, якое таксама ўдалечыні акалялася лесам. Ліза азірала наваколле, запамінала дарогу і думала, што абавязкова прыйдзе, каб зблізку паглядзець на сажалку і балотца, а таксама наведае старую таполю. Ціхая радасць напаўняла сэрца маленькай вандроўніцы. Яна здзіўлялася, якая чыстая і блакітная вада разліта навокал, быццам гэта сама зямля расплюшчыла вочы і глядзіць на незнаёмую дзяўчынку. Сонца шчодра прыгравала і асляпляла, і следу не засталося ў душы ад учарашняй крыўды і слёз, хіба толькі ў памяці засела стрэмкаю адчуванне счужэласці да бабы Малашы і Алесі.
А дома Лізу чакала новая радасць. Пакуль яны з татам ездзілі па сена, мама атрымала пасылку ад цёці Сімы, якая прыслала пляменніцы казку пра залатую рыбку, новы сшытак і аловак. Атрымаць адразу такое багацце — было вялікім шчасцем. Цёцю Сіму, малодшую маміну сястру, Ліза помніла мала. Згадвалася толькі, як яна ўпершыню ўзяла пляменніцу ў кіно. Ліза, калі зараз заплюшчыць вочы, дык бачыць тое залатое поле, якое красавала буйнымі каласамі на экране. Пры гэтым гучала песня:
Стеной стоит пшеница золотая,
И ни конца, ни края не видать.
За дзедавай хатаю расло такое высачэннае жыта, што Ліза баялася нават туды хадзіць, каб не заблудзіцца, а яшчэ там магла жыць гадзюка, якая церлася аб сцябліны і скідала сваю старую скуру. Дзяўчынка ведала, што гадзюка можа балюча ўкусіць, пасля чаго чалавек памірае. Таму гадзюк не любяць і забіваюць.
Ліза адразу разгарнула тоненькую кніжачку, спачатку пагартала, разгледзела малюнкі, пачала чытаць пра тое, як жылі-былі на свеце дзед з бабаю і задумалася, чаму так атрымліваецца, што бабуля Хрысціна даўно памерла, а з яе дзедам жывуць толькі ягоная дачка Поля і ўнук Віця, а ў бабы Малашы няма дзеда, ён таксама даўно памёр. Чаму людзі паміраюць? Няхай бы жылі і жылі. Але тут жа забылася і пачала чытаць далей пра тое, як дзед злавіў залатую рыбку. Віця таксама браў з сабою Лізу на рыбалку. Хлопцы залазілі ў ваду з таптухамі, сплеценымі з лазы, заганялі ў іх рыбу, а дзяўчынка чакала на беразе. Малая так захапілася чытаннем, што нічога не чула і не бачыла. І раптам да яе даляцела песня бабы Малашы. Тая спявала пра нейкую раку Дунай. Ліза спыніла сваё чытанне і прыслухалася.
Ды рынула вада з Дуная,