— Каб капуста расла такая ж вялікая і тугая, як гэты камень, — раздражнёна адказала свякроў, дзівячыся, чаму Тая не ведае такіх простых рэчаў.
У Малашынай душы ўсё больш спела незадаволенасць нявесткаю, таму што яна не такая, як вясковыя маладзіцы, не ведае звычаяў і не цікавіцца імі. Упарта трымаецца нейкіх сваіх перакананняў і не надта прыслухоўваецца да свякрухі, не пакорная і не паслухмяная. Праўда, Малаша ў вочы старалася незадаволенасць сваю не выгаворваць, а ўмела сказаць мімаходзь, напрыклад, праз песню. Калышучы ўнука, яна спявала:
Вазьмі, сынку, драцяну нагайку,
Счарні жонку на чорную галку.
Спяваць Малаша любіла і ўмела, песень ведала шмат, на кожны выпадак жыцця. Гэта быў яе невычэрпны скарб, якім яна магла падзяліцца з кожным, каму было цікава. Наогул была перакананая, што чалавечая душа павінна мець час для працы і для адпачынку, тады і прыходзіць на дапамогу песня, каб вызваліць чалавека ад будзённасці, даць волю ягонаму голасу, пачуццям і завалодаць душамі іншых людзей. Яна крыўдавала, што нявестка яе песень не пераймае, а калі і спявае, дык нейкія нечуваныя, свае. Малаша яе спевы пераймала, праўда, не ўсе словы разумела, вымаўляла не так:
Эх, паўным-паўна каробачка,
Ёсць і сіцец і тарчак.
Спявала Малаша і не разумела, што гэта за такі тарчак, для чаго ён? Які дурань прыдумляе такія мудрагелістыя словы? У песні ўсё павінна быць проста, каб кожнае слова да душы дападала, хвалявала, радавала ці засмучала. Нават смутак у песні — прасветлы, калі і выкаціцца сляза, дык не ад болю, а ад спачування.
12
З надыходам вясны хлопцы, дзяўчаты і маладыя сямейныя мужчыны ў Лядах пачалі збірацца на заробкі. Аўдзей таксама меў намер ехаць з гэтым гуртам. Разам доўга вырашалі, куды падацца, выбралі Палтаўскую вобласць. Летась нехта з лядчукоў там быў, казалі, няблага ўдалося зарабіць.
Раніцай увесь вандроўны гурт сабраўся ў Сені Голубава. Адвезці на чыгунку вяскоўцаў паабяцаў Мікола Ленінка, Аўдзееў сябар і сусед. Мянушку гэтую атрымаў дзяцюк яшчэ падлеткам. Аднойчы ў лесе ўбачыў на яліне шышкі — і падалося яму, што яны неяк гэтак склаліся, быццам стварылі бронзавы бюст правадыра пралетарыяту. Ён радасна крыкнуў сябрукам, маўляў, глядзіце: там Ленін, Ленін. Хлапчукі паглядзелі, але нічога, акрамя шышак не ўбачылі, не былі яны надзелены такім мастацкім уяўленнем, якое меў Мікола. З тае пары і замацавалася за ім мянушка Ленін, або ласкава Ленінка. Пакуль чакалі машыну, пілі самагонку, гаманілі, згадвалі леташнія паездкі на Украіну, якія здараліся далёка не заўсёды ўдалыя.
— Эх, хлопцы, там добра, дзе нас няма, — сказаў Сеня, праводзячы позіркам маці, якая паставіла на стол міску з квашанаю капустаю і адышла да печы.
— Чаму ж, летась мы някепска з’ездзілі ў Днепрапятроўскую вобласць. Антось Самота збіраецца туды з сям’ёй, — заўважыў Піліп Машынка, які атрымаў сваю мянушку за тое, што вельмі хутка прамаўляў словы, як і ягоная маці Ладзіха. Наогул у вёсцы надта гаваркіх людзей называлі ладамі, з націскам на другім складзе.
— Дык мо і нам туды рушыць? — спытаў Аўдзей.
— Не, усе кажуць, што ў Палтаве лепш, — запярэчыў Машынка.
У хату ўвайшла Таіса з немаўлём на руках, агледзела вясёлую кампанію. Ля стала сядзелі хлопцы і дзяўчаты. Аўдзей незадаволена зірнуў на жонку, маўляў, што ёй тут трэба, яшчэ пачне плакаць ды ўсчуваць. Дома ж ужо развіталіся. Сеня на правах гаспадара запрасіў маладзіцу да стала, а малое прапанаваў пакласці на падушку на запечку. Таіса сціпла прысела на край услона, ад чаркі адмовілася, сказала, што нельга ёй піць, бо дзіця корміць цыцкаю.
— Дык хоць закусі што-небудзь, — гасцінна прапанаваў Сеня.
Яна ўзяла кавалачак сала з хлебам, пачала жаваць, жаласліва паглядваючы на Аўдзея. А той, каб развеяць сумоту, голасна заспяваў, памахваючы правай рукой, быццам дырыжор: «Распрагайце хлопцы коней.»
Песню падхапілі, але тут жа і абарвалі, бо ў хату ўвайшоў Ленінка, дык наспеў час не распрагаць, а запрагаць коней. Новага госця таксама запрасілі да стала, але ён піць адмовіўся, сказаў, што за рулём піць забаронена і часу расседжвацца няма, трэба ехаць, пакуль старшыня не спахапіўся, што на калгаснай машыне калгаснікі дэзірціруюць з вёскі ў час палявах работ. Хлопцы і дзяўчаты пачалі ўставаць з-за стала, браць свае торбы, складзеныя ля парога ды выходзіць з хаты. Таіса падхапіла сына на рукі і пайшла ўслед за Аўдзеем, які не збіраўся доўга развітвацца, сказаў толькі:
— Жывіце тут.
Палез на машыну. Ужо было відно, што ён на добрым падпітку, бо ягоная нага саслізнула з кола, калі караскаўся ў кузаў. П’яны Аўдзей рабіўся злосны і жорсткі, таму Таіса нічога не казала, толькі моўчкі глядзела на яго і жадала яму шчаслівай дарогі. Загадзя ведала, што жыццё са свякрухай чакае яе несалодкае. Але куды падзенешся з малымі дзецьмі на руках. Яна згадала, як раніцай Малаша развітвалася з сынам, снедалі, пацягвалі самагонку. Свякруха сказала Аўдзею, ківаючы ў бок нявесткі:
— Не ведаю, сынку, як буду з ёю жыць? Яна ж не пакорная.
— Не бяры, маці, да галавы. Што тут вам дзяліць? — усмінуўся Аўдзей.
Гаварылі пра Таісу так, быццам яе няма ў хаце, хоць яна сядзела каля
калыскі на запечку, нібы яна не жывы чалавек, а так, нейкая жывёла прыблудная. Гэта яе абурала, але яна моўчкі трывала, баялася, каб на развітанне не ўсчалася непатрэбная сварка.
Аўдзей адзін сядзеў у кузаве машыны, паглядваў зверху, дарэмна спяшаўся, астатнія падарожнікі ўсё яшчэ развітваліся з роднымі, марудзілі, размаўлялі ўзбуджана і голасна. Мусіць, не надта хацелася сялянам пакідаць родную вёску, ехаць за свет, дзе іх чакае цяжкая праца і невядома якая за гэта будзе плата.
Аўдзей паездзіў па свеце, таму не любіў доўгіх развітанняў і размоў. Яго раздражняла, што жонка прыцягнулася сюды. І ён заспяваў гледзячы на яе, худзенькую і самотную, першае, што прыйшло ў галаву:
Ой, саджуся на машыну,
На зялёну лавачку,
Пакідаю сваю мілку