— Заб’ю!
Таіса калоцячыся ад страху, туліла да сябе Лізу, але калі ўбачыла, што Паўлюсь закладвае ў рулю каменьчыкі, каб страляць, трохі супакоілася. Яна перажыла вайну ў акопе пад гарою над Дняпром і добра ведала, як страляюць з аўтаматаў і зенітак, як узрываюцца міны і гранаты. Пад гарматным агнём поўзала з гары ды пад гару, ратуючыся ад смерці, калі нашы білі па немцах з процілеглага берага, а вяскоўцы апынуліся паміж двух агнёў гэтай зацятай барацьбы пры фарсіраванні Дняпра. Са злосцю і пагардай падумала пра тутэйшых людзей: «Праседзелі тут у балоце, вайны не бачылі.» Ліза не разумела, што адбываецца, але матчын страх перадаўся і ёй.
Шворан за акном усё сіліўся стрэліць са сваёй іржавай стрэльбы каменьчыкам, брудна лаяўся і ўсё крычаў:
— Выходзь! Ты маю маці зганьбіла! Усё роўна табе не жыць!
Таіса забілася ў самы куток, было страшна, раптам гэты боўдзіла разаб’е акно і ўваліцца ў пакой, як тады ад яго адбіцца? Хата ж замкнёная. Няма куды ўцякаць. А яна цяжарная на апошнім месяцы, яшчэ дзіцяці нашкодзіць. Які жах! Што за сямейка вар’яцкая.
Пачуліся яшчэ нейкія галасы. Таіса выглянула з-пад запечка і ўбачыла за акном Малашу і ўчастковага міліцыянера. Сэрца яшчэ шалёна калацілася, але ўжо прыйшла палёгка ад думкі, што самае страшнае мінула. Здагадалася, што свякроў прывяла ўчастковага, дзякуй і на гэтым, выратавала будучага ўнука ці ўнучку.
Паўлюсь, прыстрашаны міліцыянерам, уваліўся ў воз і паехаў дамоў. Дамінка адамкнула хату, увайшла з Малашаю ды Алесяю.
— Злякалася? — спачувальна спытала свякроў.
— Вядома. А чаго ён на мяне ўз’еўся? — спытала Таіса.
— Адарка Сымонкава расказала яму, як ты мне не захацела ліст прачытаць, што бацьку пісала. Ён і прыехаў помсціць.
— Дзе ён узяў стрэльбу?
— Дык жа сторажам працуе. Вось яму і далі гэтую ламачыну.
— І што цяпер будзе? Мо ён заўтра зноў прыедзе ваяваць?
— Не, мусіць, не. Міліцыянт сказаў, што пасадзіць яго ў турму, калі ён будзе са стрэльбаю па вёсцы без ладу ездзіць. Ён спалохаўся і кінуўся наўцёкі.
Таіса зморана паплялася дамоў. Пасля перапуду адчула млявасць ва ўсім целе, прылегла на запечку, занепакоена думаючы: «Дзе той Аўдзей? Чым займаецца? Усё з нежанатымі хлопцамі бавіць час. Не нагуляўся. Навошта я сюды ехала? І што мяне чакае? Ці не будзе тое, што і ў першым замужжы."
Яна адчувала сябе ў варожым атачэнні. Нават малодшы Дамінчын сын Алёша не даваў спакою да апошняга часу, выцікоўваў, калі яна ішла ў хлеў, ускокваў туды і пачынаў ганяцца за ёю. Яна саромелася нават каму пажаліцца, трывала. А потым, калі аднойчы і Ліза паскардзілася ёй, што Алёша стаяў каля запечка і качаргою ганяў яе на печы з кутка ў куток, Таіса аднойчы не вытрымала, схапілы вілы, рушыла на яго і крыкнула:
— Ідзі прэч, бо прапару наскрозь .
Хлопец спалохаўся, ажно збялеў, выбег з хлява, і пасля таго разу больш не чапляўся.
Дзіця нездаволена варухнулася ў жываце. Стараючыся супакоіць яго, Таіса пагладзіла жывот і падумала, што трэба ўціхамірыцца і самой, каб не здарылася чаго благога.
11
Ноччу Ліза прачыналася некалькі разоў. Яе будзілі галасы: размаўлялі сямейнікі. Чамусьці кіравала ўсімі суседка, бабуля Настуся, якая загадвала падаць ручнік ці балею з цёплаю вадою. Потым дзяўчынка пачула, як моцна заплакала дзіця, і зноў заснула. А раніцаю даведалася, што ў яе з’явіўся маленькі брацік, ружовенькі і пісклявы. Тры дні мама ляжала на запечку хворая. Побач з ёю час ад часу папісквала дзіця. А Лізе была дадзена воля хадзіць дзе заўгодна. Яна выкарыстала гэтую магчымасць і зноў пайшла да старой таполі, якая ўжо акрылася маладым зялёным лісцем, а шэрыя кутасікі, якіх раней шмат было раскідана па зямлі, некуды зніклі. Ліза падумала, што статак яе авечак некуды разбегся, і рушыла далей, да балотца і сажалкі, якія яна бачыла, калі ездзіла з татам па сена. І як жа здзівілася, калі згледзела ў вадзе ярка-жоўтыя кветкі лотаці. Раней дзяўчынцы ніколі не сустракаліся такія кветкі. У Дняпроўскай затоцы раслі толькі белыя і жоўтыя гарлачыкі, таксама вельмі прыгожыя, з тонкімі, быццам фарфоравымі пялёсткамі. Ліза разулася, зайшла ў халодную ваду, нарвала букет гэтых дзівосных кветак. Потым пасядзела на маладой траўцы, пасушыла ногі і зноў абула чаравічкі. Агледзелася. Тут было хораша. Лёталі чырвоныя з чорнымі кропачкамі на крылах матылі і лупатыя стракозы. Зводдаль хадзіў бусел на цыбатых нагах, нешта вышукваў у траве. Потым узняўся і паляцеў у чыстым блакіце. Лізе таксама хацелася вось гэтак жа паляцець, але яна ведала, што ў яе не атрымаецца, бо ўжо не раз спрабавала, ды ўсё дарма. Каб вывучыцца на лётчыка! Тады б яна ўздымалася на самалёце высока-высока, куды і буслам не даляцець.
Ліза абышла поплаў па дарозе, узнялася на ўзгорак і ўбачыла круглы сіні сподак сажалкі, якую тата назваў Цагельняй. Берагі яе густа зараслі аерам і стрэлалістам. Дзяўчынка пастаяла на беразе, паўзіралася ў цёмную каламуць. У Дняпры вада была празрыстая, калі стаяць ціха, дык можна было ўбачыць, як падплываюць да берага вялізныя шчупакі. Тут у вадзе нічога не было відно, толькі чулася крумканне жаб. Дзяўчынка села на траву, доўга слухала спеў жаўрука над полем, якое падступала да сажалкі з боку вёскі. Мройлівы, невыказны спакой апанаваў яе душу, яна быццам заснула з расплюшчанымі вачамі, узіраючыся ў нерухомую цёмную ваду.
Вярнулася домоў недзе ўжо ажно пад абед. Яшчэ з вуліцы пачула, што баба Малаша з некім сварыцца ў гародзе. Ліза пайшла на голас і ўбачыла, што старая хапала прыгаршчы зямлі ад гарода Сымонкавай Адаркі і прыплясквала іх да сваіх радкоў, дзе была пасаджана бульба. Паміж гародамі не было плота.
— Баба, што ты робіш? — здзівілася Ліза.
— Гондэ цэлы мой радок да сябе прыаралі, — абурана адказала Малаша. — Каб ім вочы павылазілі! Каб іх яма пазавальвала, калі яны не бачылі, дзе мая зямля, а дзе іхняя! Мала ім! Мала! Ніяк іх Бог не ўкорміць!
На бабіны крыкі суседка не выйшла, і не стала даводзіць сваю праўду. Малаша суцешылася тым, што свой радок усё ж прыляпала да ўласнага гарода.
Пад вечар Таіса і Малаша ўскапалі, узбілі зямлю на градзе, як пярыну, і пачалі садзіць расаду капусты, якую дала Параска Рачычанка. У гэтай гаспадыні добра вяліся памідоры, гуркі і капуста. Агарод яна мела ў нізінцы, там добра ўсё радзіла. Малашына сядзіба стаяла на ўзгорку, тут расліны трэба было асабліва даглядаць ды паліваць, на што ў гаспадыні не хапала ні жадання, ні цярплівасці. Таму толькі ў дажджлівы год яна магла назапасіць капусты ды гуркоў на зіму. Ліза ўважліва назірала за працаю, вельмі хацелася і самой што-небудзь зрабіць. Мама дала ёй два каліўцы капусты і сказала:
— Пасадзі тут і тут. Гэта будзе твая капуста.
Пакуль Таіса садзіла расаду, Малаша прынесла вялізны камень, паклала на граду.
— Навошта ён тут? — здзіўлена спытала нявестка.