Калі на душы бывае скрушна, то супакойваю сябе згадкай пра вялікіх і моцных галаўнёў, і пра той жнівеньскі дзень на рацэ Вушачка.
Не забываецца
Бліскучы вужык сцякае, як звілісты чорны струмень, з берага, з травы ў раку, і плыве. Па ружовых ранішніх аблоках, па сінечы, побач з месяцам, паміж цёмных, як цыратавых, лістоў гарлачыкаў. Ён так годна трымае над вадой маленькую галаву з жоўтымі плямкамі, ён такі спрытны, што я дарую яму той халодны сполах, які адчуў, калі ён праслізгацеў побач з маімі нагамі, побач з бляшанкай, з якой я даставаў чарвяка. Вужык плыве на той бок ракі.
Злоўленая рыба
Сядзеў нерухома, рукі трымаў пад пахамі. І вуды мае стаялі нерухома. Начны туман ператвараўся ў кроплі, якія віселі на напятых жылках, на павуце, на траве. На тым беразе, крокаў за дваццаць ад мяне, захрабусцеў трыснёг. З яго высунулася галава казулі з высокімі вушамі. Яна паглядзела на мяне, падумала, а потым нязграбна зайшла ў раку. Хваля дабегла да майго берага, хіснула жылкі, абсыпаліся кроплі. Казуля пераплыла раку, выскачыла на бераг, зірнула на мяне і пайшла поплавам у блізкі лес, які хаваўся за туманам. Я падняўся, выпрастаў рукі, працёр вочы. Мне было зябка і весела.
Злоўленая рыба існуе ў мінулым часе, як скончаная карціна, як надрукаваны верш.
Жабкі
Чаму рыбакі лезуць на крыгі, пруцца па першым і апошнім лёдзе, які няпэўны, які ў любы момант можа захрабусцець і праламіцца? Чаму адплываюць у непагадзь, не спяшаюцца да берага пад халоднай залевай? Мерзнуць, мокнуць. У мяне ёсць адказ.
Жабак там шмат. Яркія жоўта-зялёныя, колеру какавы, з цёмнымі рыскамі, большыя і меншыя. Яны глядзелі на мяне дванаццацігадовага з раскі, з купак травы. Быццам не верылі, што ў мяне хопіць смеласці. Але я ўзяў торбачку з ежай, вуду з новым каленам, і ступіў у твань. Пругкія жабкі пачалі скакаць, як гумовыя. Мне трэба было далезці да выспы, да пагорка, за якім пачынаўся глыбокі кар’ер. Хоць і боязна, але сунуся. Твань робіцца глыбокай, булькае, пускае пухіры. Чым далей, тым халадней. Расказвалі, што адзін рыбак тут патануў, яго засмактала дрыгва. Можна вярнуцца, але мяне цягне на той пагорак з чорнай сухой вольхай. Твань па грудзі. Я ведаю, што паплыць не атрымаецца, твань густая, ліпкая і халодная.
Да пагорка тры крокі. Іх лёгка зрабіць на зямлі, на асфальце, на лёдзе, на даху. Я шпурляю торбачку, потым вуду, перабіраю нагамі. Дацягваюся рукой да галіны, якая хрубасціць і абломліваецца. Мяне адцягвае ў твань. Але я выпаўзаю на пагорак. Мокры, стомлены, брудны. Пагорак доўгі і вузкі. Мыю адзежу, выкручваю, чапляю на сухую алешыну. Гляджу на ваду, думаю, што я — малайчына, і зусім не думаю, як буду вяртацца.
У той дзень я злавіў чатырох карасёў. Вялікіх і важкіх, з бронзавымі бакамі. А вяртацца праз дрыгву не давялося. Незнаёмы дзядзька перавёз мяне на гумовай лодцы. Праўда, давялося доўга абыходзіць балота, і дамоў я прыцягнуўся, калі сцямнела. Суседзі прыходзілі глядзець і дзівіцца на маіх карасёў. І мама дала меншага цётцы Ніне.
Мне часам здаецца, што кожны рыбак, калі пажадае, можа ператварыцца ў паэта, ці мастака.
На беразе
«Нашто рыбаку жонка, калі ў яго ёсць рака? Яна і накорміць, і памые, і супакоіць. У кожнай ракі свой пах, не пераблытаеш, як у жанчыны. Рака не здрадзіць, не кіне, а калі і падмане, то ёй даруеш.» — гаварыў Антон Порах і глядзеў на Бярэзіну.
Прайшоў дождж. Па рацэ плылі сувоі вечаровых туманоў. Мне было цёпла побач з вогнішчам. Цёпла ад выпітай гарэлкі. І неяк маўкліва, так бывае, калі самому і слова прамовіць цяжка, бо нешта адбываецца вакол, і не ведаеш добрае яно, ці кепскае.
«У мяне была жонка. Але я кінуў яе, калі яна прапанавала выбраць яе, ці раку.» — Голас у Антона быў ціхі, але ўпэўнены.
Ён зацягнуўся, шпурнуў недапалак у вогнішча і лёгка падхапіўся. Басанож заспяшаўся да сваіх вудаў-донак. На адной бомкаў званок, зроблены з латуннай гільзы. І я пайшоў да вады, каб, калі што, то дапамагчы, падхапіць падсакам ляшча.
Той восенню мне было трыццаць два, а Антону Пораху шэсцьдзясят пяць.
Вераб’і
Каб потым не губляць час, мы заносілі ровары ў кватэры, пакідалі іх начаваць у калідорах. Я жыў на трэцім, а Валодзька паверхам вышэй.
У тры гадзіны раніцы, мы выносілі свае «лайбы» ў двор. Прывязвалі да рамаў вуды, прымацоўвалі на багажнікі торбачкі і выпраўляліся. Вуліцы пустыя, гараць ліхтары, але з кожнай хвілінай іх святло губляе яркасць і пачынае злівацца з колерам неба. Наш гэпэ патанае ў прахалодным бэзавым паветры. Лісце каштанаў здаецца вільготным. Рыпяць ровары, пстрыкаюць з-пад колаў каменьчыкі. Мы моўчкі праязджаем побач з паркам, паварочваем, і выязджаем на шашу. Яна хоць і цёмная, але на ёй светла.
А потым, калі праязджаем завод, прыпынак, сады, то трапляем пад агромністыя таполі, якія растуць уздоўж дарогі.
Таполі прачынаюцца, ажываюць. На гэтых старых дрэвах тысячы вераб’ёў — столькі ж, як лісця. Здаецца, што гэта лісце ціўкае, хрубасціць, рыпіць, сіпіць, патрэсквае, пішчыць. Усе вераб’і шэрыя, як пыл, надзьмутыя, круглыя. Яны пырхаюць вакол нас, круцяцца, палохаюцца, разлятаюцца ў бакі, як вялікія мятлікі.
За спінамі ўстае сонца. Мы блямкаем у званкі, смяёмся і круцім педалі з усёй моцы. Пачынае здавацца, што вераб’і дакранаюцца да нас то цвёрдымі дзюбамі, то вострымі кіпцямі, а найчасцей мяккімі крыламі.
Калі вяртаемся з рыбы, то на таполях крэкчуць вароны, жоўтае сонца свеціць у спіну, і мы з Валодзькам ледзь круцім педалі.
Трыццаць гадоў таму ўсе старыя таполі спілавалі, шашу зрабілі шырокай. І цяпер той шчаслівы кіламетр пралятаеш на машыне за мінуту. Усяго за мінуту...
Мост
Тарфяныя буры прыносіў усходні вецер. Неба рабілася цёмна-бэзавым, а балота пачынала хвалявацца і хістацца. Здавалася, што вада ў кар’ерах закіпае. Якая тут рыбалка? Трэба ўцякаць. На роўным балоце, на карычневым полі, якое вакол балота — няма дзе схавацца.
Трэба паспець даехаць да чыгункі, да моста. Вецер збівае, валіць, здаецца, што падхопіць разам з роварам, закруціць, падкіне і потым шпурне. Вецер распранае, здзірае пінжак, замятае карычневым торфам сцежку. Баюся азірнуцца, бура мяне даганяе.
Мост. Сяджу на кукішках пад бетоннай сцяной, далонямі закрываю твар, затыкаю вушы. Карычневы туман. Торф лезе ў вочы, вушы, цяжка дыхаць. Карычневая цемрадзь пануе вакол і вецер скуголіць пад мостам, але пашанцавала. Паспеў схавацца. Я зусім адзін і мне страшна.