Чым глыбей залазілі ў багну, тым лепш лавілася рыба. Чым далей залазілі ў багну, тым больш на нагах было чорна-карычневых, пругкіх, як гума, і слізкіх п’явак. Некаторыя, якія не паспелі прысмактацца, аддзіраліся лёгка, а тых, якія не хацелі аддзірацца, даводзілася прыпякаць запалкай. Занятак, скажу табе — не з прыемных. Падносіш адну запалку, а другую напагатове трымаеш. П’яўка ад полымя падсыхае, сціскаецца, чарнее, а потым пачынае выгінацца, курчыцца, як пластмаса. Нарэшце адвальваецца. На скуры застаецца след — чырвоная плямка, з дробных кропак-дзірачак і пухліна. Пасля запалкі, нават калі і моцна была прысмакталася п’яўка, кроў не цячэ. Здаралася, што пакуль зловіш дзясятак карасёў, да ног прылепіцца столькі ж і тлустых п’явак. Мы падцягвалі трусы, завязвалі з бакоў вузламі, стаялі ў штанах, але п’яўкі лезлі пад тканіну, у пах. Не было тады ні ў мяне, ні ў сябра Валодзькі высокіх гумовых ботаў, а жаданне налавіць карасёў, далезці да самых патаемных месцаў на закінутых тарфяных кар’ерах, якія ператварыліся зноў у балота, было.
Я адпальваў п’явак Валодзьку, а ён мне, бо самому рабіць гэта нязручна, цяжка выкручвацца. Адпальваеш і лічыш: «Адна. Трэцяя. Сёмая. Цяпер ты мне...» Запалкі падаюць, падхапіць не паспеў. Скрыначка і запалкі мокрыя. Даводзіцца чорны і пругкі пухір зразаць ножыкам, а гэта зусім кепска і доўга.
Але карасі трапляліся на тых кар’ерах добрыя, здаралася і большыя за далонь. Аднойчы мне пашчасціла і я злавіў ліня. Ён быў слізкі, як п’яўка, і чорны, як мокры торф.
Менавіта на тым балоце, у 1935 годзе, здымалі фільм «Палескія рабінзоны».
Кропля
Мне не пашанцавала, бо пасля другога разу, толькі прыплыў на патрэбнае месца, вялікая залаціста-чырвоная блешня адарвалася. У тую блешню я верыў і ў швагра верыў. Памятаю краму, у якой давялося набыць вялікі набор толькі дзеля яе адной — залацістай і важкай. Цяпер яе не было. Возера было, лодканадзіманка, маленькі тэрмас з кавай, цыгарэты і запальнічка, цёплае травеньскае надвор’е было. Чаромха на берагах возера, яе пах прыносіў цёплы вецер, а блешні не было. Я прывязаў белую і каламутную, якая мне зусім не падабалася, да якой душа не ляжала. Пакурыў, тытунёвы сіні дым з’явіўся па-над вадой і знік, выпіў кавы, памыў накрыўку, і пачаў кідаць спінінг. Але той травеньскі дзень — быў мой. На цьмяную і непрывабную блешню злавіў трох ладных шчупакоў, два адарваліся побач з лодкай. Задаволены, выплыў на бераг, перакуліў лодку, каб высахла, а сам, з тэрмасам і цыгарэтамі пайшоў на пагорак, каб пасядзець, адпачыць і дачакацца швагра з машынай (жоўтая блешня, лодка і спінінг належалі яму). Вечар цёплы. Я прылёг на ватоўку і заснуў. Пахла маладой травой, вадой, чаромхай, а рукі пахлі рыбай. Калі я расплюшчыў вочы, то швагер сядзеў побач. Ён з восені не курыў, але трымаў мой пачак у адной руцэ, а запальнічку ў другой. Ён глядзеў на возера. Так глядзеў, як глядзяць у апошні раз. Ціха дыхаў. Потым сказаў, што хоча пакідаць спінінг, калі я не супраць і згодны пачакаць. Я прызнаўся, што ўтапіў яго любімую блешню, а ён не стаў ні сварыцца, ні здзіўляцца. Цяжка падняўся і пайшоў да лодкі. Перакуліў яе і паплыў, але хутка вярнуўся. Кожны ўзмах спінінгам прыносіў боль.
Гэта ён — старэйшы брат маёй жонкі — паказаў мне гэтае і ўсе іншыя азёры ў наваколлі. Гэта ён навучыў мяне лавіць на малой і вялікай рэчках. Паказаў, як трэба абводзіць блешняй купкі трыснягу і аеру, паваленыя дрэвы, як выкідаць праз траву на бераг рыбіну, як пераходзіць азёры па першым і апошім лёдзе, як правяраць яго трываласць чорнай дзюбай пешні.
Летам Пятра Іванавіча Марковіча не стане, але той яго развітальны позірк ці забудзецца?
.возера ляжала ў цёмных берагах выцягнутай светлай і жывой кропляй. Яно не было роўным, яно нагадвала вока. Вялікае светлае вока. Бачыць Бог, я хацеў тады і хачу цяпер паверыць, што магчыма ўзяць ад вялікай кроплі гэтага святла — маленькую кроплю. Што вялікае можа пераліцца праз вочы. І трапяткую кроплю можна перанесці з сабой туды — у цемру таго свету. І з кропляй гэтага святла там будзе лягчэй. Я хацеў паверыць. Паверыць у звычайную кроплю святла, хацеў і не верыў.
А можа, дарма не веру?...
Лёс і рыба
Ведаю шмат рыбакоў, ведаю і браканьераў.
Сашка, па мянушцы Карась, жыў праз вуліцу. Жыў з жонкай Мальвінай і сынам Віцькам. Карась здабываў рыбу па-рознаму. Гэта ён, калі ў нейкай сварцы яму нагадалі, што па яго віне загінула ў малой рэчцы дзіцянё, сказаў, задраўшы ў неба ссівелую калматую бараду: «А што? Пажыў малец трохі — хопіць!» Сказаў і зарагатаў. Ведалі вяскоўцы, што цягнуў Карась ад сваёй лазні да малой рэчкі драты. Ведалі, што біў рыбу токам, але доказаў следчыя не знайшлі, Сашку не пасадзілі.
Потым, гадоў праз восем, ці дзевяць, ягонаму сыну Віцьку ў суседняй вёсцы адбілі нутро. Віцька памёр на аперацыйным стале, у раённай бальніцы. І жонка Мальвіна праз год раптоўна памерла, сэрца парвалася. Так пра няшчасную вяскоўцы казалі. А Карась жыў. На рыбу не хадзіў, бо на руках пальцы пазакручваліся і не разгіналіся. Памёр ён пазалетась, у доме для састарэлых. Два гады праляжаў спаралізаваны.
Васіль, па мянушцы Будулай, з вудай на рыбу не хадзіў. Ток і сеткі былі асноўным рыштункам. Аднойчы я прыехаў на невялікае возера, за лясной вёскай, у якой жыло дзве сям’і. У берагах плавала здохлая рыба. Такой колькасці я ніколі не бачыў. Можа, праз тыдзень Васіль пахваліўся, што на тым возеры былі такія шчупакі, што ён ніколі не думаў, як бярвёны.
Будулая шмат разоў лавілі з сеткамі, але адпускалі. Нарэшце пасадзілі на тры гады. Мне здаецца, што за тыя тры гады рыбы ў рэчцы і азёрах паболела. Васіль згарэў у сваёй хаце, якую яму далі пасля турмы. І ніхто яго не пашкадаваў.
Можа, гэта мне здаецца, а можа, так супала, але браканьеры, якіх ведаў, паміралі і гінулі цяжка, лютай і пакутлівай смерцю.
Як не паверыць у казкі пра чароўную рыбу?
Срэбная лыжка
Спачатку пра срэбную лыжку і яе гаспадара пачуў ад вясковых рыбакоў, а потым і пабачыў.
Мужчына гадоў шасцідзесяці прыязджаў да возера на чорным матацыкле з люлькай. Падрульваў да самага берага і нетаропка злазіў. Здымаў белы шлем, акуляры, надзяваў кепку. Даставаў з люлькі чорную гумовую лодку. Разварочваў яе і чорным аўтамабільным насосам надзімаў. Потым падцягваў да вады. Лодка старая, лапленая. Мацаваў вёслы. Пераносіў у лодку руды заплечнік і дзюралевы спінінг з вялікай катушкай. Клаў упоперак лодкі дошку і адплываў. На вадзе на патрэбным месцы выцягваў з кішэні насоўку, у якой была загорнута блешня, няспешна і акуратна прывязваў яе да тоўстай жылкі. Блешня тая была зроблена з сапраўднай срэбнай лыжкі. З вялікай, якой суп ядуць. Блешня тая была не яркая, цьмяная, з чарнатой і жаўцізной. Мела яна сакрэт. Шмат хто яе бачыў, у руках трымаў, разглядаў-вывучаў. Некаторыя спрабавалі зрабіць такую ж, са срэбных і мельхіёравых лыжак. Рабілі. Здавалася, што можа быць прасцей, адрэж у лыжкі тое, чым суп з талеркі зачэрпваюць, напілкам край зараўняй, прабі дзве дзіркі, адну насупраць другой. Прымацуй у шырокай частцы кручок-трайнік, а там дзе вузейшая, то колца з карабінчыкам, і лаві сабе шчупакоў. Так і рабілі, але марна. Не хапалі тыя блешні шчупакі, не хапалі.
А дзядзька на чорным матацыкле заўсёды быў з рыбай. Полацкія, віцебскія, мінскія рыбакі прапаноўвалі за тую самаробную блешню грошы, скрыню гарэлкі, дзве скрыні, лодку новую зялёную, але блешня не прадавалася, радавала адно гаспадара. Бывалі выпадкі, што дзесяць рыбакоў на возеры спінінгамі размахваюць, а рыба толькі ў аднога, зразумела ў каго. Паловіць, блешню здыме, пакладзе ў насоўку і ў кішэнь, гузік зашпіліць.
І я таму дзядзьку колькі гадоў зайздросціў. Марыў пра яго срэбную блешню, ад якой шчупакі вар’яцеюць. Але гаспадар тую незвычайную блешню адарваў, страціў, пакінуў у возеры. Ён сядзеў у лодцы і сцябаў сваім жалезным спінінгам ваду, сек, лаяўся, плакаў.
Некаторыя рыбакі радаваліся яго бядзе, а я не радаваўся. У той дзень я злавіў чатырох шчупакоў, адзін — вялізны, ледзь выцягнуў. Большыя шчупакі мне на тым возеры ніколі не трапляліся.
Чужая вада
Чатыры летніх месяцы я пражыў у Карэліі, на баразе вялізнага, берагоў не відаць, Анежскага возера. Вядома, лавіў рыбу. Аднойчы на пяць дзён трапілі на Ямб-возера. Краявіды зусім бязлюдныя, дзікія. Белыя ночы, цішыня, выспы на цьмянай, як срэбра, вадзе, вялізныя светлыя камяні, крывыя, нізкія, цёмныя сосны. На далёкіх берагах маўклівыя, кінутыя гаспадарамі высокія паўночныя дамы. Часам не разумееш, дзе пачынаецца неба, дзе заканчваецца вада. Рыбы ў тым далёкім возеры шмат. Той выпадак, калі яна ловіцца амаль на голы кручок. Вялізныя акуні, плоткі, ляшчы.
Мы заплылі на выспу і пражылі на ёй чатыры дні. Цяжка, бо мяжа паміж ноччу і днём няпэўная, размытая. Глядзіш на гадзіннік і не разумееш, ці дзесяць раніцы, ці яшчэ дзесяць вечара. Ранне, вечар, ноч такія падобныя, што пачынаеш блытацца, губляцца ў часе і ў бясконцасці вады і неба.
Дзіўна, але мне Карэлія не сніцца. Не дамы на нізкіх берагах, ні Анега, ні Ямб-возера. А вось маленькая рэчка Вушачка сніцца. Зімовая, ранішняя, вясновая, калі ўсё вакол рудое і шызае, як попелам прыцярушанае, калі яшчэ няма зеляніны нават на вербах, калі вада сіняя-сіняя і хуткая, ці калі сыпле летні дождж, важкія кроплі разбіваюцца аб ваду. Маленькая рэчка, не параўнаць з Анегай, а сніцца, хвалюе, кліча.
Сон пачынаецца так. Набіраю ў далоні ваду. П’ю. Іду па беразе па толькі мне бачнай сцежцы і прападаю ў ранішнім тумане.
Бакеншчык