Мой стрыечны дзед Кірыла працаваў бакеншчыкам. Запальваў у бакенах ліхтары, каб светлыя параходы-прыгажуны, буркатлівыя буксіры і чорныя нізкія баржы маглі плыць па рацэ Сож ноччу. Пальцы мезенцы ў бакеншчыка былі, як мае вялікія, бо штодня ён плаваў па рацэ на доўгай чорнай лодцы, гнаў яе цяжкімі вёсламі. Ноччу на рацэ, а ўдзень дома.
Гэта ён — стрыечны дзед, аднойчы закінуў сетку на «маё шчасце» і выцягнуў рыбу. Столькі, што я дзесяцігадовы, ледзь дамоў у кашы прынёс. Гэта ён дазволіў мне плаваць па рацэ на сапраўдным чоўне, выдзеўбаным з камля старой асіны. Човен той хісткі і хуткі, завецца — «душагубка». Дзед Кірыла хаваўся за баржай і глядзеў, як я плыву, каб калі што якое, то дапамагчы. Але я плыў. Баяўся, але плыў.
Некалькі разоў плаваў з дзедам-бакеншчыкам на яго работу. Баба Куліна прымушала мяне тады цёпла апранацца, давала бутэльку малака, яйкі, сала, хлеб і цыбулю. Дзед Кірыла, як сапраўдны марак, не казаў, што «паплывём», а казаў — «пойдзем».
Сож пад Лоевам шырокі і моцны. Бакеншчык веславаў, а я сядзеў задаволены і трымаў то адну, то другую руку ў пругкай і цёплай вадзе. Мы пазапальвалі ліхтары — упрыгожылі раку і прыплылі на бераг, каб дачакацца світання, а потым усе ліхтары патушыць. Расклалі цяпельца, павячэралі. Я доўга глядзеў на начны Сож. На бакены, на неба, слухаў, як плёхаецца рыба, чуў галасы мужчын на баржах. Што везлі тыя доўгія баржы, не разгледзеў. Памятаю, што на адной грала музыка. Баржа павольна плыла ўніз па рацэ. Дзед Кірыла спаў на сене, а я сядзеў і глядзеў на раку.
Чарвякі
Сівавалосы дзядзька падыходзіў заўсёды ціха. Ківаў вітальна, здымаў кепку, сядаў, калі трава была сухая, а кепку клаў на калена. Мне падабаўся Бязрукі тым, што мог сядзець гадзіну і маўчаць. Не люблю тых, якія трындзяць на рацэ... А я мяняў на кручках аб’едзеных і абсмоктаных чарвякоў, перазакідваў вуды і чакаў сваю рыбу. Бывала, што і шчасціла — браўся ладны падлешчык. Тады Бязрукі смяяўся, але бязгучна і задаволена. Пасядзіць і пойдзе. Рукі яго чорныя, як у пальчатках, але пальцы не гнуцца — драўляныя ці пластмасавыя, я так і не даведаўся.
22 чэрвеня 41 года, яшчэ на досвітку, ён пайшоў на Бярэзіну. Хацеў налавіць рыбы. Пашчасціла яму, як ніколі. Нацягаў поўную палатняную торбу, ледзь прынёс. Рыба бралася, як дурная, як апошні раз. Каб не скончыліся чарвякі, то і яшчэ б гадзіну цягаў ладных падлешчыкаў і платву. Яму тады было без трох месяцаў васямнаццаць гадоў. У сорак другім ён — шафёр. Ездзіў на «Студэбекеры», вазіў людзей і снарады. Даехаў да Польшчы. Там і адмарозіў рукі, праўда, я думаў, што рукі яму гранатай, ці мінай адарвала. Але ўсё аказалася прасцей. Адмарозіў, гангрэна, ампутацыя.
Жывы, але чарвяка на кручок не ўздзенеш.
Сядзеў, маўчаў, глядзеў, як я выбіраю з бляшанкі самага лепшага, самага вёрткага і пругкага, самага чырвонага, працінаю джалам кручка, плюю і закідаю ў зацішок, пад паваленую чорную асіну.
Ведаю — Бязрукі мне моцна зайздросціў...
Дождж пад лодкай
Пачаўся дождж. Я хутка склаў вуды, парадаваўся, што не паспеў заплыць далёка і пачаў веславаць да берага. Выцягнуў сваю зялёную лодку-надзіманку. Перакуліў дагары чорным дном, падставіў вёслы і схаваўся пад яе. Сядзеў, курыў, піў каву і глядзеў на шэрую ваду, на пухіры. Вяскоўцы на тым беразе возера таропка накрывалі цэлафанам стажкі сена. Да іх сцяна дажджу яшчэ не дайшла. Калі падхопліваўся вецер, прытрымліваў лодку рукамі. Вада цякла ў рукавы. Халодная. Я нагадваў сабе слімака. І стажкі на тым беразе нагадвалі ракавінкі. Гэта было ў чэрвені 1985-га. Я колькі тыдняў як вярнуўся з войска і радаваўся, што цяпер не ў Маскве, а дома. Што сяджу пад лодкай «Нырок», што над галавой гумовы дах — чорны, бліскучы і надзейны.
Калі скончыўся дождж, то рыба не бралася. Але хіба гэта самае галоўнае ў жыцці?
Пірат. 1970 год
Мы з Воўкам прыехалі на кар’еры яшчэ і пяці не было. Перанеслі ровары праз дрыгву. Потым яшчэ праз адну і яшчэ. Паперадзе блішчэла вада нашага сакрэтнага кар’ера. Пакінулі ровары і торбачкі з ежай пад кустамі вярбы, надралі галля, насцялілі пад ногі, каб не правальвацца ў твань па грудзі. Уладкаваліся і пачалі лавіць карасёў. Нас поедам елі камары. Смакталі нашу кроў, але карасі так лавіліся, што было не да камароў-крывасмокаў. Вады ў кар’еры мала. Вада празрыстая. Карасі хапалі чарвякоў адразу, паплаўкі скакалі, знікалі.
Трэба было перапыніцца і папалуднаваць, паадзіраць п’явак, пасядзець на цвёрдай зямлі, якая не прагінаецца, не хістаецца, не булькае. Адпачыць. Мы гэта абмяркоўвалі, але зрабіць не паспелі. Пад кустамі з’явіўся вялізны руды сабака. Вялізны, як мядзведзь. Мы размахвалі вудамі, крычалі на яго, праганялі, але ён пагрозліва гыркаў, глядзеў налітымі крывёй вачыма і не дазваляў выйсці на бераг. Ён растрыбушыў нашы торбачкі, з’еў батон з кілбасой і маслам, патрушчыў вараныя яйкі, толькі шкарлупіна сыпалася з пашчы, і лёг пад кустом. Можа, сабака праляжаў бы ў цяньку да вечара, а можа, і да наступнага дня, каб з балота не пачуліся галасы: «Пірат, Пірат!? Сюды!» Пірат брахануў, страціў да нас цікавасць, і пабег на голас гаспадара.
Нам засталося два яблыкі, бутэлька з кампотам і гурок. Да дому, ад тых кар’ераў было кіламетраў восем.
Але карасёў мы тады нацягалі. Я злавіў восемдзесят сем, а Валодзька яшчэ больш, бо яго вуда была трохі даўжэйшая.
Паэт
Мікола Пігулеўскі ездзіў на ровары, без рамы. Шчыткі на ягоным ровары зайздросныя, храміраваныя, бліскучыя. А сам ровар звычайны — бабскі. Мне было дзесяць гадоў, а дзядзьку Міколу сорак пяць. Ён круціў колы адной нагой, а другую трымаў прамой, бо яна не згіналася. Парыпваюць колы, патрэскваюць і пстрыкаюць каменьчыкі. Пігулеўскі цяжка дыхае і едзе спярша па Кастрычніцкай, потым па Школьнай, і на шашу. Ён коціць на сваім бабскім ровары да цагельні. Пакуль ён праедзе побач са старым калгасным садам я абганю яго. Перанясу свой ровар праз чыгунку і паімчу з гары па ўтрамбаванай сцежцы да цагельні. А ён будзе круціць адной нагой, будзе цяжка дыхаць і мармытаць сабе пад доўгі і тонкі нос нешта незразумелае. На той час, калі Пігулеўскі даедзе да цагельні, то я ўжо закіну сваю вуду ў непразрыстую, як какава, ваду кар’ера, сцішэю ў чаканні рыбы. Пігулеўскі спыніцца кроках за дзесяць ад мяне. Няспешна адвяжа ад свайго бабскага ровара пук бамбуковых тохкаленак. Разбярэ і складзе вуды, начэпіць на кручкі вяртлявых чарвякоў і закіне ў маўклівую і нерухомую ваду. Далёка закіне — вуды ў яго доўгія. Як тры травіны стануць тырчэць яго аднолькавыя чырвоныя паплаўкі. Пігулеўскі сядзе на раскладны зэдлік і пачне чакаць вялікую рыбу.
Гэта я згодны на любога карасіка, а яму трэба толькі вялікі. Ён сядзіць нерухома. Выцягнутая, як палка, нага, доўгі брэзентавы плашч з башлыком. Кепка, папяроса. Побач цыратавая торба, а ў ёй біклажка з вадой.
Ты не ведаеш, што будзе далей, а я ведаю. Пігулеўскаму надакучыць глядзець на паплаўкі, курыць надакучыць, ён дастане з кішэні маленькія, як нататнічак, шахматы і пачне гуляць. Зрэдку стане паглядаць на паплаўкі. Праз гадзіну памяняе чарвякоў, на весялейшых і жвавых. Узыдзе і спыніцца над калгасным садам пякучае летняе сонца. Высахне раса на траве, а Мікола Пігулеўскі будзе весці гульню з бела-чорнымі маленькімі коньмі і пешкамі.
Аднойчы Пігулеўскі склаў маленькія шахматы і схаваў у кішэнь плашча. Паклікаў мяне да сябе. Я падумаў, што ён мяне цукеркай пачастуе. Пігулеўскі ж выцягнуў з торбы газету. Беражліва разгарнуў і паказаў некалькі слупкоў вершаў, пад якімі я прачытаў яго прозвішча і імя. «Гэта мае вершы, — няўпэўнена, як мне падалося, прамовіў дарослы мужчына і тыцнуў пальцам у слупкі словаў. — Пра прыроду».
Вось так, на беразе кар’ера з нерухомай, як нежывой, вадой, я ўпершыню пагаварыў з паэтам. Было горача. Паэт Пігулеўскі даў мне напіцца са сваёй жалезнай біклажкі. Самая звычайная вада з-пад крана.
Але сёння мне здаецца, што менавіта тады я і глынуў атруты.
Галаўні
Шмат разоў пераходзіў раку па гэтай доўгай кладцы, зробленай з пяці абчасаных і змацаваных жалезнымі скобамі бярвёнаў. Нават калі спяшаўся, то абавязкова прыпыняўся і трохі стаяў, каб паглядзець на раку зверху. Вада чыстая, дно відаць. Водарасці жоўта-зялёныя, як валасы расчасаныя, рыбкі дробныя мітусяцца. Рака, як у каньёне, бяжыць, заціснутая высокімі берагамі. Я спыніўся на кладцы, паставіў вуду, зрабіў крок, абапёрся на парэнчыну і пачаў глядзець на ваду, праз ваду.
На рацэ ляжаў цень берага. На мяжы святла і цемры стаялі чатыры вялізныя рыбіны з чорнымі спінамі, стаялі на струмяні, толькі плаўнікі трымцелі, а бакі цьмяна зіхцелі. Такіх вялікіх галаўнёў я на свае вочы бачыў упершыню. Самы вялікі, які мне аднойчы трапіўся, быў большы за кілаграм, я злавіў яго насупраць могілак, і тое ледзь выцягнуў. Гэтыя ж былі разы ў чатыры большыя. У мяне сэрца сціснулася. Вуда мая стаяла побач, за крок ад мяне. Я пачаў цягнуцца да яе рукой, як маньяк да зброі. Не хацеў, каб рыбіны мяне заўважылі. Ведаў напэўна, што такі галавень парве маю жылку, як павуту, зломіць вудзільна, як запалку. Але гэта мяне не хвалявала. Няхай парве, няхай зломіць, галоўнае, адчуць яго моц, адчуць, як рыбіна ірванецца.
Асцярожна, аднымі толькі пальцамі, паправіў коніка на замалым кручку і пачаў ціха апускаць яго на ваду. Калі конік дакрануўся да паверхні, зварухнуў яе ледзь бачна, то чатыры рыбіны так імкліва кінуліся пад трыснёг, што толькі аблачынка са жвіру закруцілася на тым месцы, дзе толькі што стаялі галаўніволаты.
Я з расчараваннем і палёгкай уздыхнуў. І сам не ведаю чаму, але пачаў шкадаваць гэтых вялізных і моцных галаўнёў, бо падумаў, што ўваб’юцца дзенебудзь у сетку, заблытаюцца і нават на вочы больш ніколі мне не трапяцца. Зняў з кручка коніка, кінуў у раку, прасачыў, як яго схапіла плотачка. Сабраў вуду. Рыбу лавіць расхацелася.