Раптам, у цішыні і холадзе, пачынае ісці снег. Вялікія сняжынкі з цёмнага неба растаюць на цёмнай вадзе. Свет цямнее, сінее, змрачнее. А мне падабаецца. У мяне ёсць яшчэ адна яміна, і я спяшаюся да яе. Што мяне туды гоніць і цягне? Што не дазваляе спыніцца і глядзець на ваду, ці няспешна пайсці дамоў? А што прымушае паляўнічага сабаку бегчы і задыхвацца, гнаць і гнаць казулю, лісіцу, зайца?.. Па лесе, па раллі, па пожні, балоце... Жарсць!
На душы спакой, у мяне ёсць дзве рыбіны.
Месцы дзікія, калі што здарыцца, то доўга будуць шукаць. Яміна вялікая, глыбокая, але да яе цяжка далезці, бо трыснёг такі, што толькі вар’ят праз яго папрэцца. Я — вар’ят, пруся, лезу, адно спінінг, як снайпер стрэльбу, берагу. Даходжу да ракі. Паперадзе, у вадзе, пахілены трыснёг. Да яго пару крокаў. Вецер дзьме ў твар. Сняжынкі мільгацяць хутка. Замахваюся, прымерваюся, кідаю за трыснёг, што тырчыць з вады, а калі дацягваю блешню да яго, кручу хутчэй і перакідаю блешню сабе пад ногі. Іншых варыянтаў няма, бо лаўлю з берага, а не з лодкі. Пакуль атрымліваецца.
Блешня ляціць супраць ветру, падае зусім не туды, куды меўся пацэліць. Спахопліваюся і спрабую круціць катушку. Жылка напялася — катушка не праварочваецца. Лаюся сам на сябе, бо разумею, што зачапілася моцна. Апускаю спінінг, кідаю на траву, выціраю мокры твар. Зноў бяру спінінг і разумею, што там вялікі шчупак. Такі, пра якога можна марыць, але так і не злавіць. Катушка вішчыць, а жылка размотваецца, сыходзіць і я не магу даць рады. Не спыніць, не стрымаць!
Двойчы дацягваю цяжкага шчупака да трысняговай сцяны, а на трэці раз ён захрасае ў траве. Магчыма, каб рыбіна была меншая, то я не стаў бы скакаць у ваду. Магчы-ма-ма. Скачу, вада па грудзі. Падбіраюся да травы, спінінг трымаю над вадой. Бачу залаты бок, белае пуза. Шчупак зусім невялікі, ну, можа, на тры кілаграмы. Рука ідзе ў ваду, пальцы сціскаюць шчэлепы. І я цяпер разумею, чаму ён так супраціўляўся. Блешня зачапіла яго за пуза, пад галавой.
Вылезці з ракі нашмат цяжэй, чым залезці. Я мокры і брудны.
Бягу па балоцістай пожні, па палеглай, блытанай-пераблытанай траве. Бягу ў лес, бо там ёсць дарога. Бягу па гразкай каляіне, па калюгах. Снег, дождж, цёмна, халодна, цяжка, мокра. Не, ёсць на мне і сухія месцы, у ботах, там, дзе пальцы.
Думаеш я пра рыбу? Не, гэта пра звычайнае шчасце.
Падман
Ёсць такія людзі, да якіх адразу ўзнікае давер і сімпатыя. Мужчына быў на выгляд старэйшы за мяне. Ішоў дождж, мы стаялі пад дрэвамі, чакалі калі ён скончыцца і можна будзе далей лавіць рыбу. Я лавіў з лодкі спінінгам, а ён з берага вудамі.
Я сказаў, што раней на гэтым возеры не было столькі сетак, а цяпер праз раз блешня за сетку чапляецца. І ён сказаў сумна, што браканьераў не паважае. Пакурылі, папілі гарбаты з яго тэрмаса, а потым кавы з майго. Дождж не сунімаўся. Ён сказаў, што гэта возера яго любімае, бо тут заўсёды ціха і прыгожа.
На вадзе з’явіліся белыя пухіры, а потым дождж скончыўся. Віталь, так яго звалі, пайшоў да сваіх вудаў, а я выліў з лодкі ваду і паплыў кідаць спінінг. Той восенню, на тым жа лясным возеры яшчэ двойчы сустракаў свайго знаёмага. Гаварылі, як быццам ведалі адзін аднога ад нараджэння. Ён хваліўся сваімі дзецьмі, я сваёй дачкой. Нават аднойчы трохі выпілі, каб сагрэцца.
Мінулай восенню Віталь патануў. Мясцовы малец, калі я здзівіўся сумнай навіне, заўважыў, што большага мярзотніка, чым той Віталь, ён ва ўсім раёне не ведаў. Гадоў пятнаццаць не працаваў, а жыў з таго, што лавіў рыбу ўсімі забароненымі прыладамі. Лавіў, прадаваў, будаваўся, дзяцей гадаваў. Пасля яго на мясцовых азёрах рыбы не заставалася. Выграбаў усю чыста. А патануў позняй восенню, на лясным возеры. Лодка кульнулася, рукі трапілі ў сетку. Цёмна, ветрана, вада халодная.
Возера тое я ведаў.
Той бераг
Ведаю, што калі прыйдзе мой час, калі паплыве малым і хісткім чаўном труна, то першымі на тым беразе сустрэнуць яе мае сябры-рыбакі. Не мастакі і пісьменнікі, не вайскоўцы і сваякі, а рыбакі. Яны і пададуць мне руку, дапамогуць выйсці на бераг. Можа, спытаюць, а ці прывёз я добрых кручкоў? Бо тут з імі праблема, адрываюцца — такая рыба. Усё да маёй сустрэчы будзе падрыхтавана: вуды і спінінг, крыга і таптуха, вопратка, боты і, можа нават ровар будзе ляжаць на траве і пабліскваць спіцамі. Рыбакі пачнуць расказваць пра чароўныя і патаемныя месцы на рацэ і на возеры, пра копанкі і сажалкі, поўныя белых і жоўтых карасёў, пра ляшчоў і шчупакоў. Можа, пачнуць прапаноўваць, каб я хутчэй пераапранаўся, збіраўся, каб выпраўляўся з кім-небудзь з іх. Але я адмоўлюся.
Пайду адзін. У кожнага свая рака, свая вада і кожнаму свая рыба. Так было, а інакш і быць не можа. Цень мой пойдзе паперадзе, ляжа на ваду, скалане яе.
І як толькі дакрануся да той вады, як толькі празрыстая жылка разрэжа хвалю, так адразу вуда мая фірмовая зробіцца дубцом з ляшчыны, а паплавок каляровы стане крываватым гусінам пёркам, колеру пазногця.
Вось тут я пра ўсіх вас і забуду, бо час спыніцца назаўсёды.
Нёман
Чым большыя грошы гатовы выдаткаваць на рыштунак рыбак, на новую вуду ці спінінг, тым больш пераборлівым той рыбак робіцца. Капрызліва выбірае, адкладае, прыглядаецца, прымерваецца, кратае, узважвае, крывіцца, моршчыцца, перажывае. А потым раптам бярэ ў руку спінінг, узмахвае ім, робіць ледзь заўважны рух, як падсякае нябачную рыбу, і на твары з’яўляецца задавальненне. Ён ідзе з гэтым спінінгам праз краму, быццам берагам ракі.
У вачах туман і чаканне. Лёгка аддае грошы, бо спінінг сам «лёг у руку», бо рыбак у яго паверыў, а гэта, ці не самае галоўнае — паверыць у прыладу і даверыцца ёй...
Бачыў, як на высокім беразе Нёмана наракалі сталічныя рыбакі на свае фірмовыя спінінгі, бо не злавілі ні рыбіны. А мясцовы падлетак са сваім прымітыўным, можа, тым спінінгам яго бацька некалі лавіў, выцягваў рыбіну за рыбінай. Мужчыны хадзілі за падлеткам, як вучні за настаўнікам, паўтаралі яго дзеянні, а ён, як ні стараўся, а так і не змог растлумачыць сакрэт свайго ўмельства. І спінінг абы-які, і катушка прымітыўная, і жылка блыталася праз раз, і блешня ніякая, а шчупакоў малец выцягваў і выцягваў.
Ведаю, што ён верыў у свой спінінг, у сваю раку, у свой бераг і сваю ўдачу.
Палкоўнік
Можа, тыя, хто даўно бегае, ці гуляе ў парку па-над Свіслаччу, яшчэ памятаюць старога. Ён стаяў з вудай і каля шэрай ратонды, і насупраць другой бальніцы, побач з Траецкім, і недалёка ад плаціны, у дзіцячым парку, дзе шумлівы вадаспад. Шмат дзе ён стаяў і глядзеў на раку. Гарадскія рыбакі казалі, што гэты драбнатвары, сівенькі дзядок — палкоўнік. Ён прыходзіў да ракі рана, сыходзіў у другой палове дня. З рыбакамі амаль не размаўляў, адно вітаўся. Ніколі я не бачыў яго з рыбай.
Калі ішоў дождж, то гэты дзядок стаяў побач з ракой у доўгай вайсковай плашч-накідцы. Стаяў спінаю да ветру, а па калянай тканіне бегла вада, цёмны плашч здаваўся жалезным. Кавалак батона размякаў на шурпатым парапеце. Г ады тры і я сустракаў Палкоўніка ці не штодня ў парку, але ні разу не бачыў яго са злоўленай рыбінай, хаця торба заўсёды была пры ім.
У Палкоўніка была тайна, якую я раскрыў і пра якую не расказаў знаёмым рыбакам. Пра тайну дазнаўся выпадкова, а потым двойчы пераконваўся, што не памыляюся. Хаця, якая гэта тайна? Ён глядзеў на раку. Зяблікі і вераб’і дзяўблі ягоны хлеб. Паплавок гайдаўся на хвалях, вуда ляжала на парапеце. Кручка на ягонай вудзе не было.
Палкоўніка збіла машына, на скрыжаванні Камуністычнай і Багдановіча, калі раніцай ён ішоў да ракі. Ён лавіў адзіноту.
Чорны лінок