Словам, мы пачалі гуляць у карты. Маёй партнёршай была гэтая кабета з кароткімі поўнымі рукамі. Мы гулялі ў «дурня», і мне невядома чаму вязло, картавалі харкаўскі інжынер і Кеня. I гэта ўсім абрыдла. Інжынер дастаў з тумбачкі бутэльку «Гарылкі», гэтай самай украінскай, што прадавалася ў «цешчы» з вялікай нацэнкай. Шклянкі ў палаце знайшліся толькі дзве, і мы пілі па калейцы: спярша — жанчыны, потым я з інжынерам. Кеня неяк скора разружавелася і пачала смяяцца, а чарнявая поўная кабета ўсё саромелася, вочы яе асалавелі і хацелі спаць.
— Ідзём на мора,— сказала раптам Кеня,— я ведаю месца, дзе нікога няма.
— А што, сходзім,— падхапіўся інжынер — ён быў даволен. Кабеты пабеглі недзе, мусіць, да сябе ў палаты, каб пераадзецца.
— Табе, Віктар, пэўна, не цікава, але дзеля мяне...— гаварыў ён, прыбіраючы са стала.
Я нехаця, але згадзіўся.
Месца тое і праўда было зацішнае — стромы бераг, унізе каля самага мора вострыя жаўтаватыя каменні, па якіх скакалі два цыбатыя, у выцвілых плаўках, хлопчыкі. За гэтымі каменнямі быў невялікі пляжык — якраз напроці двух вялікіх валуноў, што ляжалі ў вадзе, як нешта вялікае, жывое.
Мы памаленьку спусціліся з берага нейкаю сцежкаю, трымаючы адно аднаго за рукі, і пачалі распранацца. Я рассунуў зверху гарачую гальку і лёг недалёка ад гэтых вялікіх карычнявата-шэрых каменняў з белымі рагамі птушынага памёту. Вада плюхала на каменні, віравала між імі, ціха набягаючы на спаховы бераг, і сцякала, адкочвалася назад, цягнучы за сабою круглыя каменьчыкі — яны шоргалі, нібыта хто іх падварушваў шуфлем. Далей ад берага мора было лянівае. На ім толькі блішчала, пералівалася разарванае сонца. Далёка за чырвонымі буямі памаленьку сунуўся белы, здаецца, сёння пафарбованы, параход. За ім сыходзілася неба з вадою — і было не разабраць, дзе канчаецца мора, а дзе пачынаецца неба: там была сіваватая смуга, і на душы рабілася смутна і лёгка, калі доўга глядзіш туды.
Кеня расшпіліла і зняла з сябе свой карычневы халацік, застаўшыся ў чорным купальніку з дзвюма доўгімі белымі палоскамі, і пайшла да вады, не скідаючы з ног басаножкі. Было ў яе хадзе нешта лёгкае, маладое. Яна нацягнула на галаву гумовую шапачку, неяк раптам пабрыдчэўшы, скінула басаножкі і палезла ў ваду. Распрануўся і кінуўся туды з чырвонаю апечанаю спіною і чырвонымі апечанымі лыткамі харкаўскі інжынер. А я застаўся тут, на беразе, з гэтаю паўнаватаю кабетаю, што дастала з белае цыратовае сумкі выцвілую санаторскую капу і, не скідаючы з сябе сукенкі, лягла блізенька ад вады. Мы, здаецца, пра нешта гаварылі. Кабета перабірала каменьчыкі і кідала ў мора.
Вярнулася Кеня. Вада з купальніка цякла па яе гладкіх маладых нагах. Яна глыбока дыхала — падымаліся яе вострыя грудзі. Сцягнуўшы з галавы гумовую шапачку і пахарашэўшы зноў, яна лягла жыватом на гарачую гальку. Я бачыў яе маладую шыю, карычневую бародавачку з боку ад вуха, мокрую кудзерку валасоў на патыліцы, што недзе вылезла з-пад шапачкі і намокла.
— Не распісвайце, Віктар Антонавіч,— зарагатаў Чэмер.
Петраш вінавата ўсміхнуўся і змоўк. За акном яшчэ ўсё ішоў дождж, але выглянула сонца, і кроплі блішчалі, як доўгія шкляныя палачкі. Яснасць з вуліцы пачынала калоць у вочы. Петраш жмурыўся.
— Не перабівай,— прыкрыкнуў нехта з нас на Чэмера.
Петраш нібы пасмялеў, учуўшы, што мы хочам слухаць далей, і пачаў расказваць:
— Словам, у той дзень мы сабраліся схадзіць на танцы ў суседнюю санаторыю — падбіў усіх Іван Мікалаевіч, але ўжо дарогаю няўзнак шапнуў мне, што яго схапіў жывот і што яму трэба вярнуцца. Я астаўся з кабетамі. На танцах яны, здаецца, забыліся і пра мяне, і пра ўсё чыста на свеце — танцавалі то адна з адной, то з нейкімі мужчынамі, што запрашалі іх, мусіць, дзеля Кені. Я стаяў, прыпёршыся да парэнчы (танцпляцоўка была зроблена на даху аднаго круглага будынка, як гэта робяць танцпляцоўкі звычайна ў санаторыях), і злаваў то на самога сябе, што не ўмеючы танцаваць, павалокся сюды, каб стаяць тут як пень, то на Івана Мікалаевіча, што, пэўна, знарок кінуў мяне з гэтымі дзвюма кабетамі. Варочаліся дадому мы ўжо недзе пасля адзінаццаці. Круглы і белы месяц церусіў сіняватую яснасць. Суха, як у ветраны дзень, блішчала лісце на дрэвах. Як чорныя хмары, паднімаліся на захадзе горы. Паўнявай кабеце трэба было ісці спаць на пляж. Там пад навесам стаяла каля сотні ложкаў — гэта для тых, каму дактары прыпісвалі сон каля мора.
Мы давялі да пляжа гэтую поўнаватую кабету (і я нават памог ёй пералезці цераз высокі дашчаны плот, бо веснікі былі ўжо замкнёныя) і варочаліся назад у санаторыю між цёмных сцішаных кустоў. Усё шумела і ніяк не магло ўлегчыся мора. I зноў блішчала ад месяца вада, нібыта там кішэла, варушылася рыба. Каля цёмных гор густа мігцелі агоньчыкі — там недзе была Ялта. Кругом галавы ў Кені напроці месяца быў відаць сіняваты арэол. Мы спыніліся. I бог ведае, што са мною пачало рабіцца. Я ўзяў Кеню за руку і ўчуў, як яна дрыжыць. I ці ад таго, што мы былі адны, што была гэтая ціхая сіняватая ноч з ясным месяцам, з гэтым трывожным і цяжкім плёскатам мора, я лёгка прыгарнуў да сябе Кеню і пачаў цалаваць у губы, у вочы. Яна неяк сцішылася і ўздыхала. I я аж сам задыхнуўся ад нейкага шаленства, радасці. Потым яна схамянулася ад гэтага нечаканага страху і ўжо спакойна загаварыла:
— Чаму вы цалуеце ў вочы? Гэта нядобры знак. Вы не будзеце мяне любіць.
Я маўчаў, я не ведаў, што сказаць — мяне душыла радасць.
— Позна ўжо, санаторыю закрыюць,— яна пайшла, а кругом яе галавы ад яснага месяца стаяў гэты сіняваты арэол.
I пасля гэтага вечара бог ведае што пачало рабіцца са мною. Прыходзячы ў сталовую, я ўсё шукаў вачыма той столік, дзе сядзела яна, і кожная кабета з белаватымі, каротка падстрыжанымі валасамі здавалася ёю, у мяне аж сціпалася сэрца, і я аж задыхаўся, як задыхаецца хворы чалавек ад раптоўнага болю. I я зрабіўся як хворы. Я тады ўбачыў, што каханне — гэта хвароба, пра якую, невядома чаму, не піша навука. I мне было дзіўна і трохі смешна з самога сябе, што не магу жыць без чалавека, якога стрэў выпадкам, што я стаў як здурнелы, і смешна, што я ведаю, разумею гэта, але адкаснуцца, аслабаніцца ад яго, ад гэтага дурману, не магу, што гэта звыш мае сілы. Я ніколі не спадзяваўся, што нешта вось такое ўчыніцца са мною. I чым болей мяне цягнула да Кені, тым ласкавейшыя пісьмы пісаў я жонцы, ці ад таго, што чуў віну перад ёю, ды не толькі віну, а нейкую брыдкасць, і гадка і неяк непамысна было самому, і тым часам я быў давольны і нейкая вар’яцкая радасць працінала мяне. Рабілася са мною нешта як дурное. Гэтакае ж самае было і з ёю: Кеня прызналася мне, што вось такое перажывала некалі, як вучылася ў школе, недзе ў старшых класах, і ўлюбілася ў аднаго школьніка.
Іван Мікалаевіч, той харкаўскі інжынер, стаў падсмейвацца з мяне, ці мо ад зайздрасці, ці мо ад злосці, што я адбіў у яго Кеню, але ўжо болей з ім не хадзіў, я быў з ёю... Ды што многа гаварыць...— Петраш уздыхнуў, паглядаючы недзе на вуліцу — там ужо перасціх дождж, у лапіку разарваных хмар паказалася неба — сіняе, як бывае яно на згоне зімы, блішчала мокрае лісце на маладзенькім, прывязаным да калка, клёніку. Недзе з другога боку дома сюды на двор глянула нізкае сонца — нейкай яснай, як перамешанаю з малаком чырванню адлівала лужына, што сабралася за альтанкаю, гэтай чырванню адліваў і мокры асфальт на дарожцы. Свет зрабіўся малады, ясны, як выкупанае дзіця. Усе сталі паглядаць на двор — ці не пара ісці дадому.
— Ну і чым усё скончылася? — нецярпліва спытаў нехта з нас.
— А тым,— Петраш падняўся з-за стала, мусіць, убачыўшы, што трымае нас тут, у рэдакцыі,— што скончылася мая пуцёўка. Кеня праводзіла мяне да Сімферопаля — я ўзяў таксі. I быў як сам не свой. Душу разбіраў нейкі смутак, рабілася шкада, што не ўбачу болей ні гэтых маладых жаўтлявых вінаграднікаў каля дарогі, ні гэтых вішань з цемнаватымі вочкамі ягад у закурэлым лісці, ні яе, Кені, што гэта ўсё міне, што мы з ёю больш не сустрэнемся, што пра ўсё гэта астанецца толькі памятка. На вочы ў мяне набеглі слёзы, калі я садзіўся ў вагончык, у гэты аўтобусік з пяці вагончыкаў, што звычайна падвозіць да самалёта пасажыраў, калі ўбачыў, як расце, шырэе далечыня асфальту, калі далее гэта пафарбаваная ў чорнае, вывітая ў карункі чыгунная агароджа, калі далее яна, Кеня, і ўжо не пазнаць яе твару, толькі відаць яе жаўтлявыя валасы, белая ў карункі блузка, яе рука, якою яна, пэўна, усё махае мне. Сэрца маё дрыжала, і ў грудзях расла нейкая пустэча, і боль сціскаў іх. Я як нежывы зайшоў у самалёт. I ўжо стаў баяцца самога сябе, каб са мною што не зрабілася. Як даляцеў у Мінск, не ведаю, помню толькі, што быў дождж і самалёт доўга не ішоў на пасадку, і кольвек-каго закалыхала. Маладзіца, што сядзела каля мяне, ззелянела ў твары, ёй блажыла, толькі мяне нічога не брала — я ўсё думаў пра Кеню, пра жонку (я адбіў ёй тэлеграму, што лячу дадому), як гляну ёй у вочы. Мяне браў страх, перамешаны з брыдкасцю, сорамам і нейкай хворай вінаватасцю.
Я выйшаў з самалёта і, не зважаючы на лужыны, пад шчырым дажджом выправіўся да багажні, куды, раскрыўшы парасон, з гаманою і смехам беглі ад нашага самалёта кабеты. Я ішоў унурыўшыся, і калі падняў галаву, то ўбачыў жонку і неяк спярша ўтрупянеў — яна бегла сюды давольная, і радасць была ў яе на твары. Я раптам, мусіць, ужо як старонні, убачыў, якая яна прыгожая, якая ў яе спрытная хада, які ў яе прыгожы твар. Брыдкасць і віна перад ёю змяшаліся ў адно, у нейкі камяк крыўды, і я, мусіць, першы раз падумаў: на каго ж я прамяняў яе. I рады ўжо, што яна тут, што яна бяжыць да мяне, а тое ўсё, што было там, у Ялце, асталося за нейкай мяжою, што яно ўсё, тое брыдкае, гадкае, не трэба. Я прытуліў да сябе жонку і, чуючы ў ёй нешта сваё, роднае, асцярожна, ціха пацалаваў у знаёмы холад яе шчакі.
— I ўсё, Віктар Антонавіч? — спытаў нехта з нас у Петраша. Мы ўсе падняліся, каб выйсці з кабінета.
— Не, не ўсё,— сказаў Петраш, азірнуўшыся,— ён першы адчыняў дзверы.
Я згроб са стала паперы, упіхнуў іх у шуфлядку і выйшаў у калідор. Там яшчэ стаялі ўсе. Заклаўшы рукі за спіну і прыпёршыся да сцяны, Петраш расказваў:
— Але гэтая любасць да жонкі праз колькі дзён прайшла. I мне свет засланіла зноў яна,
Кеня. У тралейбусах, на вуліцы, словам, скрозь і ўсюды я прыглядаўся да дзяўчат з бялявымі валасамі, і кожная з іх выдавала падобнаю да Кені. Я пісаў ёй пісьмы, бегаючы ўкрадкам на паштамт. Жыла яна ў невялікім гарадку пад Масквою, на вуліцы Пірагова, як я помніў, дом нумар васемнаццаць, кватэра чатыры, але пісаў ёй на пошту «да запатрабавання». Жонка нічога не ведала, але недзе на сподзе душы чула, што са мною робіцца. I самае кепскае, што, калі аднаго разу мы выйшлі з ёю на вуліцу і быў гэтакі самы цёплы, як там, у Ялце, сіняваты вечар, з высокаю яснаю поўняй, калі мне спомнілася мора і гэты бляск на вадзе ад месяца, калі, здаецца, там трапечацца, бліскае лускою рыба, я, мусіць, як на мяне што надышло, забыўшыся, назваў жонку Кеняй.
Схамянуўшыся, пачаў усё зводзіць на жарты. Але дома было плачу. I я не ведаў, як супакоіць жонку, што сказаць. Але пасля таго вечара ў нас з ёю шмат што змянілася, нейкая адчужанасць знайшлася ў нашай прыязні, яна ціха і незаўважна, гэтая прыязь, раз’язджалася, як раз’язджаецца слабкі вузел..
Я рашыў болей не пісаць Кені. Лёгка сказаць — рашыў. Але ж хіба ўсё так адразу выкінеш з памяці. Праўду, мусіць, пісаў Міцкевіч: «Ты скажаш: «Сыдзі з вачэй!» — і я пакаруся; «Прэч з майго сэрца!» — і сэрца паслухае, але калі ты скажаш: «Прэч з памяці!» — то ні твая і ні мая памяць з гэтым не пагодзяцца».