— Добра, я пачну спрытна... Чатыры гады назад я абараніў доктарскую. Гора спазнаў многа. Бараніўся я ў Маскве, бо тут проці мяне падняўся ўвесь інстытут.
— Ого! — пакруціў галавою Чэмер.
— Ага, так... У Маскву прыйшла заява, яе падпісалі аж дваццаць чалавек... Але бог з імі... Я абараніўся — і на выдатна. I змучаны, знерваваны, узяў пуцёўку ў Крым. Можа хто ведае: недалёка ад Ялты ёсць такая санаторыя — «Горны». Я паехаў туды. Помню, як сёння, сяджу ў самалёце, а поруч каля аконца — лысы, гадоў пад шэсцьдзесят чалавек у выгладжанай палатнянай тэнісцы навыпуск, закрываючыся локцем, піша вершы. У такім просценькім з кардоннымі вокладкамі блакноціку за сем капеек. Краем вока я нават паспеў прачытаць. Было гэта нешта бездапаможна-графаманскае — пра каханне. Мне здаўся смешным гэты стары чалавек са сваімі вершыкамі. Смешнымі былі гэтакія лысыя дзядзькі і там, у санаторыі, калі яны, раздабрэўшы на казённых харчах, выграўшыся на сонцы, распесціўшыся пасля ўсялякіх масажаў, вечарам на танцах пачыналі дзяцініцца, з падскокам, смешна падкідваючы ногі, танцаваць, загаворваць да маладжавых кабет і іграць у розныя фанты. I яны здаваліся горшымі за маладзенькіх хлопцаў і дзяўчат — у тых было нешта натуральнае: і смех, і жарты.
— Старэем, браце,— перабілі мы Петраша,— і зайздросцім усяму маладому.
— Можа, і так,— згадзіўся Петраш.— Ад маладзейшых я ўжо адышоўся, а да старых таксама яшчэ не прыстаў. I мяне там разбірала нейкая адзінота. У першы дзень я палез у мора і прастудзіўся — купацца болей мне ўжо не было як, іншы раз, лежачы пад тэнтам, я іграў у шахматы — нас такіх, абыякавых да ўсяго, сабралася трое. I я ўжо зарокся, што паехаў сюды: усё тут здалося чужое: і людзі, і прырода — нейкія дзікія калючыя кусты, пад якімі заўсёды шалпочацца рудая, велічынёю з нашага дразда, пташка; млосная гарачыня, і толькі мора — яго бясконцая, як сцяць вокам, велічыня цягнула да сябе. Надта хораша было на яго глядзець вечарам, калі на вадзе блішчыць яснасць ад месяца — здаецца, там кішыць, пераліваецца, бліскае лускою рыба, а ў сіняватай цемрадзі моргаюць агоньчыкі караблёў... Тады неяк трывожна на душы ад гэтай прасторнай ночы над морам і хораша...
Любіў я яшчэ вільготны пасля дажджу і ветраны, бывае, вечар: густа шумяць цёмныя высокія кіпарысы, і гэты іхні мяккі шум, і вастраваты сыры вецер прыпаміналі мне далёкую пору, калі я быў малы, калі ў голую яшчэ раннюю весну перад вёскаю пры дарозе густа і мякенька, лашчачы душу, шумеў ялавец; і кажаны, што ціхенька, як сполах, снавалі каля кіпарысаў, напаміналі мне пра нашае маладое лета, калі на надворку перад хатаю ў чыгунку на трыножках варацца яшчэ вадзяныя картоплі, што фарбуюць у чорнае пальцы, і пахне кропам і гаркаватым дымам, і шарай гадзінай над плеценым яловым сухім плотам мільгае кажан.
Чужыя кабеты, што шпацыравалі тут каля цёмных кіпарысаў, накінуўшы на плечы шарсцяныя кофты — далёка ў цемнаце было відаць іхнія белыя, мусіць, выфарбаваныя румянкам валасы,— напаміналі мне пра жонку, і я шкадаваў, што паехаў адзін. Але я быў давольны — тут не было абрыдлых разумных гутарак,— я спачываў душою. Я заўсёды любіў і люблю адзіноту. Ды я, мусіць, урадзіўся такі — бо некалі, помню, ходзячы за кіламетраў пяць у школу з вёсачкі ў невялікі горад, я любіў невядома чаму восень, познюю восень, ветраныя дні, макрэчу і жаласлівы звон тэлефонных правадоў — на душы было смутна, але я любіў гэты смутак, думалася пра нешта радаснае, і ад гэтай радасці і шкадавання да самога сябе на вочы набягалі слёзы. Я быў як хворы. А можа, гэтую хваробу павінен перажыць кожны. Я таксама тады пісаў вершы, як кожны з вас у гэтую пору, але мяне не надрукавалі ў раённай газеце. Мне не пашанцавала, як усім вам, а то я, напэўна, пайшоў бы ў паэты.— Петраш паглядзеў на нас і крыва ўсміхнуўся.
За акном мільганула маланка, стрэліў пярун, аж страсянулася пад нагамі падлога. На дварэ прыпусціў спорны дождж, задрыжала лапушыстае лісце на клёне, за альтанкай на дварэ разлілася лужына, на ёй збіраўся шум, скакалі бурбалкі.
Я, каб не перабіць Петраша, ціха адчыніў акно — у пакой хлынуў роўненькі шэпт дажджу, пацягнула прэснай і лёгкай сырасцю, як ад рэчкі.
— Во, стала лягчэй,— сказаў Петраш, усё гэтак дзвюма рукамі каля вушэй падгладжваючы назад свае валасы. Ён склаў рукі на каленях і, адхіліўшыся ад стала, пачаў расказваць зноў: — Ды я там мала з кім гаварыў. Хіба са сталяварам з Магнітагорска, з якім жыў у адной палаце. Сталявар любіў, як кажаце вы, узяць чарку. Ён кожны дзень заглядаў да «цешчы» — гэтак называлі паграбок, што быў недалёка ад санаторыі і ў якім дзябёлая ўкраінка ў вышыванай кашулі прадавала на разліў «Гарылку». Не помню, але, мусіць, гуляючы на пляжы ў карты, я пазнаёміўся, а потым і сышоўся з адным інжынерам з Харкава, маім, здаецца, равеснікам, ціхім добрым чалавекам і, можа, трохі дзіўнаватым — ён прызнаўся мне потым, што хоча нагледзець сабе кабету, тры гады назад ад яго ўцякла жонка — другая, бо першая памерла ад родаў, пакінуўшы яму малое дзіця.
Іншы раз вечарам мы гулялі з гэтым харкаўскім інжынерам па санаторным парку, заглядваючы на адкрытую веранду, дзе, здаецца, разы са два ці тры ў тыдзень былі танцы і дзе вось гэтыя самыя лысыя немаладыя дзядзькі дзеразаваліся, як маленькія — балазе іх ніхто ні з блізкіх, ні са знаёмых не бачыць. А чалавек, калі ён думае, што ён адзін і ніхто яго не бачыць, бог ведае што пачынае вычвараць.
Інжынер, бывае, ціхенька мне шаптаў, няўзнак паказваючы на якую-небудзь маладзіцу,— ён ведаў, хто да яе заляцаецца ці ў якое ўжо каханец паехаў.
Вось праз сватаўство гэтага харкаўскага інжынера ўсё і пачалося.
Неяк, здаецца, нядзеляю, у ціхі час, што бывае ў санаторыях з трох да чатырох гадзін, калі я лёг прыдрамаць, ён пастукаўся да мяне ў палату.
— Ты спіш? — спытаўся ён, прыадчыніўшы дзверы і ўваткнуўшы галаву.— Ідзём, паіграем у карты.
— Не, — я нацягнуў да самага падбародка коўдру. Мяне ўжо змарыў сон, уставаць не хацелася.
— Ідзём-ідзём, там у мяне сядзяць кабеткі,— ён схіліў набок галаву і прыжмурыў вочы.
— Я ж не выручу цябе, не ўмею іграць,— я не змахляваў: я папраўдзе не люблю і не ўмею гуляць у карты.
— Ой, шкода,— ён цмокнуў языком і зачыніў дзверы.
Але толькі я сцішыўся і пачаў драмаць, як у дзверы пастукалі.
— Заходзьце! — крыкнуў я, злуючыся, што гэты харкаўскі інжынер выб’е мяне са сну.
Дзверы адчыніліся, і паказалася прысадзістая, гадоў недзе дваццаць сем маладзіца, спярша нават сумеўшыся, што ўбачыла мяне ў ложку, і прыстакнуўшы ў парозе.
— Ой, выбачайце, я не ведала, што вы спіцё,— і на твары ў яе плямамі выступіла чырвань. На ёй быў лёгенькі карычневы халацік у белыя кветкі, што пасаваў да яе загарэлых і голых да пляча рук, да яе маладжавага твару і белых, коратка падстрыжаных, але высока начэсаных валасоў.
Мне ўспомнілася, што я недзе, здаецца, бачыў яе — ці не ўчарашнім вечарам, калі разышоўся спорны дождж і пазаганяў усіх на ганак санаторыі.
— Іван Мікалаевіч (гэтак называлі таго харкаўскага інжынера) просіць, каб вы прыйшлі да яго,— загаварыла яна, стоячы ў парозе і не ідучы далей у палату.
Мне было таксама брыдка перад ёю, што ляжу на ложку, але ўстаць я не мог — быў раздзеты.
— Добра, я прыйду, тым болей, калі кліча такая дзяўчына,— і я сказаў, здаецца, яшчэ нешта банальнае, як заўсёды гавораць людзі, не знайшоўшыся, што сказаць.
Яна адступілася за парог і зачыніла дзверы. Скоранька апрануўшыся, я спусціўся на другі паверх і зайшоў у палату, што была якраз пад маёю,— тут жыў харкаўскі інжынер.
— Знаёмцеся,— сказаў ён, няўзнак падморгваючы мне.
Я пакланіўся, назваўшы сваё імя, і сеў на слабоднае крэсла напроці чарнявае сытае кабеты з кароткімі поўнымі рукамі. З левага боку ад мяне сядзела гэтая самая дзяўчына ў карычневым халаціку, з-пад якога былі відаць яе маладыя круглыя калені. Імя яе я спярша не разабраў, але калі мы пачалі гуляць у карты, ужо чуў, што сытая кабета з кароткімі рукамі называла яе Кеня. Імя такое я чуў першы раз, і для мяне яно было нязвыклае. Потым ужо дазнаўся, што яно перароблена з самага простага — Аксеня.