Наткнуўшыся на дрот, Мішка завярнуў у свой падворак. У цёмных вокнах адсвечваў смутны чырвоны месяц. I Мішку зноў падалося, што ён, як і даўней, стаіць сярод падворка і зараз пагрукае ў акно,— у хаце загарыцца агонь, рыпнуць дзверы і маці спытае з сяней: «Міша, гэта ты?»
Нейкай глухатою і сцішанасцю маўчала хата. Мішка пастаяў, спомнілася яму, калі астатні год маці ўжо недамагала і ён вярнуўся з танкера, зволіўся з работы, каб даглядаць яе. Дзеля весялосці купіў транзістар, круціў яго ад ранку да вечара і незнарок патрапіў на аб’явы: перадавалі, што пры сельэлектрабудзе адкрыліся курсы і што туды прымаюць без прапіскі. Мішка сказаў маці.
— Што ж ты мецьмеш адзін сядзець,— згадзілася маці, але ў голасе была нейкая туга, не то па ім, не то па сабе.— Едзь ужо, калі хочацца, едзь...
I Мішка паехаў, а праз два месяцы быў на лініі, ставіў апоры, рабіў зазямленні, жыў у вагончыку, а найбольш кватараваў па вёсках.
Аднаго разу Мішка ўбачыў на сваёй полцы тэлеграму: «Памерла мама. Прыязджай. Тоня». Тэлеграму адбіла сястра, што была замужам тут, у вёсцы. Мішка прачытаў першае слова і здранцвеў, у вачах усё завалаклося нейкім туманам. Галаву сціснуў, як абручом, цемны боль. Нешта даўкае, сухое засела ў горле — і Мішка выбег з вагончыка, баючыся, што зараз заплача і ўсе ўбачаць. I Мішка, нават не адпрасіўшыся ў брыгадзіра, паехаў дадому. Ехаў прыгарадным поездам праз Баранавічы — не паспеў узяць білет на аўтобус. А поезд, здаецца, доўга стаяў на кожным паўстанку: Мішка глядзеў на пустыя платформы, прысыпаныя снегам, на чорныя рэйкі, што роўна блішчалі на сонцы, на чалавека з флажкамі ў похве, што вымятаў са стрэлак снег, на заінелыя цыстэрны ў тупіку, на белае поле, на пахіленыя шчыты ўздоўж чыгункі, на чорныя стрымбукі сухога быльніку, што тырчаў па белым снезе на адкосе, на жоўтае ў смузе сонца, на будкі каля пераездаў, на людзей, што тапталіся каля санак — конь перабіраў сена,— было ўсё звыклае на свеце, але Мішка чуў, што ў ім нечага недалягала, як недалягае маленькіх зморшчаных лісцікаў на маладой бярэзінцы ў голую раннюю вясну.
Мішка сядзеў як скамянелы, і яму ўсё не верылася, што маці ўжо нежывая, што яна ляжыць у труне, што ён не ўчуе яе голасу, не ўбачыць, як мільгне за акном яе выцвілая суконная хустка, што пра яе астанецца толькі памяць.
Дома быў Мішка толькі пад вечар. Нанач браўся туман, сіняваты, густы, як завараны крухмал. Капала са стрэх на раскіслы снег, моцна: «Шах-шах...» Здалёк не было відаць хат, а толькі агні ў вокнах, ружавата-сіняватыя, як праз пару. I не было відаць здалёк людзей, а толькі чутна, што шахкае ў некага пад нагамі раздражджэлы снег.
Мішка падышоў пад хату, яшчэ ўсё не верачы, што гэта праўда, што памерла маці, але яшчэ з вуліцы пачуў плач: «А мамачка! А родненькая! На каго ж ты нас пакінула?..» Мішка пазнаў Касін голас, і ў яго перасохла ў горле. Дзверы ў хату былі адчыненыя — там стаялі, сцішыўшыся, кабеты. З сяней Мішка ўбачыў спярша не маці, а свечку, жоўты язычок хіліўся ад скразняку. Маці ляжала ў труне, і твар у яе быў чужы. Са свечкі цёк воск на яе ўжо скурчаныя, нежывыя пальцы. На сцяне нехта завесіў люстэрка кужэльным з доўгімі кутасамі ручніком.
Хавалі маці назаўтра. Дзень быў сонечны, сіняваты ад мурзатага снегу. Ад сырасці пачарнеў плот і камлі ў дрэвах. Набрынялі вадою глыбокія сляды ў зляжалых курганах. У вадзе блішчала сонца і сляпіла вочы. У гародчыках у голым бэзе шчабяталі вераб’і і спускаліся на чорныя лапікі ўжо голае зямлі. Пад нагамі ў кабет шастаў снег — за труною ісці іх сабралася цэлая вёска. У мужчын вецер варушыў сівыя рэдкія валасы.
Мішку доўга помніўся гэты дзень, як хавалі маці, і гэтыя мужчыны з сухімі выбрытымі шчокамі, без шапак. I яму цяпер зноў убачылася, як неслі труну, як вецер варушыў выразанае зубкамі палатно на труне, як перабіраў у мужчын рэдкія сівыя валасы, убачыўся нежывы мацерын твар, складзеныя накрыж рукі і ў іх абразок.
Сыры холад стаў красціся Мішку за плечы. Мішка нагнуў рукою дрот, пераступіў яго і выйшаў на вуліцу. У вокнах чырванеў нізкі смутны месяц. Чорны позні вечар раптоўна будзіў востры дзіцячы крык — дзеці яшчэ таўкліся на вечарынцы. У хатах не было агню — у цёмных падворках шапацела порсткаю палахліваю саломаю сцішанасць. Толькі ў крайняй хаце свяцілася завешанае акно. Мусіць, не спала сестрыное дзіця.
Праз тыдзень кончыўся Мішкаў водпуск, праз тыдзень Самусь Дзедзіч прывёў чужых мужчын у пакамечаных кепках, з наточанымі сякеркамі за папругамі. Мужчыны пахадзілі кругом хаты, зазначылі вянкі і палезлі на страху. Адзін з іх усеўся на самым чубку, як на кані, развесіўшы ногі, падважваў сякеркаю дранку, адрываў ад латаў і кідаў у гародчык. Дошчачкі падалі на прысадзістую яблыню.
Убіралася ў сілу вясна — цвіў куст агрэсту за плотам. Бабы, не акрыўшыся, з голымі рукамі, насілі на каромыслах ад калодзежа поўныя, як вока, вёдры. Адна з іх спынілася каля хаты, не ставячы на зямлю вёдры, загаварыла да мужчын тыя зарагаталі на страсе. «Яна засаромелася гэтага рогату, апусціла галаву і, гледзячы ў цёмныя, пустыя вокны, сказала сама сабе «Вот і звяліся Галубцы ў нашай вёсцы...»—і пайшла сагнуўшыся,— вада бліскала ў вёдрах і выплюхвалася на дробную траву.
Калі ападае лісце
Бралася шостая гадзіна, пара было збірацца дадому, а мы сядзелі ў рэдакцыі, каб перачакаць дождж. 3-за шарага цаглянага дома, што быў відаць з нашага акна, высунулася сіняя, з папяловымі краямі хмара — у пакоі сцямнела, нахапіўся прыцемак, бытта на дварэ звечарэла, і я ўключыў тую адну, што вісела пад самай столлю, запырсканую мелам лямпачку. Перад нашым домам на вытаптаным, без жаднай травіцы, надворку вецер дзёр і круціў слупом пясок, нёс, скінуўшы з нечага балкона, старую, зжоўклую газету, гнуў маладзенькія, папрывязваныя да калкоў, кляны.
У пад’езд, адкідаючы з вачэй доўгія рассыпаныя валасы і абгладжваючы іх дзвюма рукамі аж неяк за патыліцу, пабегла высокае дзяўчо з загарэлымі чарнаватымі нагамі — вецер паднімаў на ёй лёгкую, у буйныя салатавыя кветкі сукенку.
— А ніц сабе ножкі,— сказаў нехта з нас, і падняліся ўсе, каб глянуць у акно.
Але дзяўчына ўжо схавалася ў цёмным пад’ездзе, а на шарай сцежцы асфальту застракацелі чорныя плямы — пайшоў дождж, спорны і раўнюткі, як з цэўкі, забарабаніўшы па блясе на той бок акна.
— I каго вы там угледзелі? — спытаўся Петраш — фізік, доктар навук, аўтар нашага часопіса, які тады-сяды заходзіў да нас у рэдакцыю, каб паслухаць, як ён казаў, «пісацельскія» навіны. Петраш сядзеў за маім, што стаяў недалёка ад дзвярэй, сталом і гартаў перакідны каляндар.
Перад гэтым чалавекам мне было неяк заўсёды несамавіта, як бывае несамавіта перад знакамітымі людзьмі, але тымчасове ты маеш нейкі гонар, што вітаешся, гаворыш з ім, як з раўнёю. Петраш быў на год пяць старэйшы за мяне — яму падбіралася пад сорак, але ён быў увесь сівы, хоць з твару выглядаў маладжава; і гэтая заўчасная сівасць пасавала да яго і дадавала яму таго дужага і сталага мужчынскага хараства, якое, бывае, прыходзіць да чалавека не ў пору маладосці, а недзе каля сарака. Іншы раз, узіраючыся на яго, я думаў, што за ім, пэўна, лекацяць кабеты, і ў душы ў мяне варушылася нязлая, глыбокая рэўнасць, бо хіба чалавеку хочацца згадзіцца з тым, што ён горшы за некага.
На ім была віскозная, вайсковага колеру тэніска, праз разрэз якое чырванелі загарэлыя грудзі з чубком залацістых валасоў; у гэтакіх трохі выгаралых валасах былі і яго гладкія, як у кабеты, паўнаватыя, але цвёрдыя рукі.
— I што вы там угледзелі? — спытаўся зноў ён, кінуўшы гартаць каляндар і беручы ў руку аловак, каб, мусіць, забаўляцца з ім, нават не думаючы пра гэта: у чалавека ёсць такая звычка — абы за што зачапіць рукі.
— Дзевачку харошую,— сказаў адзін з нас, апускаючыся на крэсла.
Петраш чмыхнуў носам, сам сабе смеючыся.
— А што, Віктар Антонавіч? — мы ўсе невядома чаму называлі Петраша па імені і бацьку.— Дзевачкі ў такія гады, як у нас з табою, самы раз...— Гаварыў гэта загадчык аддзела публіцыстыкі — Чэмер, ліслівы перад усімі чалавек. Ён кожны раз, калі ў рэдакцыі збіраліся мужчыны, пачынаў гутарку пра кабет і гаварыў пра іх многа, хітра падморгваючы, як гавораць пра ўсё гэта мужчыны, якія менш за ўсё ведалі ці спазналі жанчын. I, мусіць, Петраш дагадаўся і пра гэтую наіўную хітрасць, і гэтую смешную мужчынскую фанабэру Чэмера, бо пільна і з нейкай прытоенай ухмылкай паглядзеў на яго. Я дагадваўся, што ўмешвацца ў гутарку ён не хацеў, але ў душы ў яго нешта зрушылі, як бывае зрушыш грэблю, за якою поўна вады, і яна шукае сабе выйсця, каб хлынуць адтуль.
— Вы кажаце — дзевачкі...— сказаў ён, нешта крэслячы алоўкам на чыстым адваротным лісціку календара.— А мяне адвярнула ад іх пасля аднаго выпадку...— Петраш перасціх: за акном мільганула маланка і моцна, як у наш дом, стрэліў пярун.
— Ого, як ляснула,— сказаў Чэмер і, задраўшы голаў, махнуў ёю, як бы падганяў Петраша.— Ну і што?..
— А тое, браце, што я адчуваў такую брыдкасць,— ён адвярнуўся, мусіць, недзе бачачы перад сабою ўсё тое, пра што расказваў нам.— Два разы я адчуваў гэтую брыдкасць: першы раз, калі закахаўся, але тады пакута і радасць змяшаліся ў адное, і я быў як хворы. Тады я чуў віну перад жонкаю, перад дзіцем, перад сабою, бо я спалохаўся гэтага кахання. Мне здавалася, што да мяне прыйшло тое, у чым іншы раз я баяўся прызнацца сам сабе. Бо ведаеце, кожнага чалавека точыць нейкі чарвяк. У чалавека ёсць жонка... Усё добра... Ён любіць яе, як любяць другія, а можа нават і болей за іншых, але яму ўсё нечага недалягае, яму ўсё думаецца, што ў яго каханні нешта недзе страчана, не, не цяпер, а некалі... даўно...
— Нешта цямніш, Віктар Антонавіч,— засмяяўся нехта.
Петраш зачырванеўся, нібы яму папраўдзе зрабілася брыдка, што ён нешта тоіць. Ён прыгладзіў абедзвюма рукамі сівыя, з глыбокімі залысінамі валасы і падняў голаў: