Мы насцярожыліся.
— Бо два жыцці ў чалавека не бывае. А калі чалавек і хавае што, то хавае для некага, каб расказаць пра яго.
— М-да,— уздыхнуў хтось.
Мы выйшлі на вуліцу. Прэсная сырасць, як ад рэчкі, дыхнула на нас. Блішчаў мокры асфальт. Недзе з-за хмар азірнулася нізкае сонца, і асфальт зрабіўся чырвоны. Мы звярнулі ў скверык. На жвірыстую сцежку вецер нарваў зялёнага лісця. А калі ападае лісце, заўсёды думаеш, што блізка восень, што мінуў год, што шмат чалавекам перажыта і шмат перадумана.
Два злоты
У гэтую весну каля нечае хаты, што стаяла пры самай вуліцы, высунуўшыся адным вуглом на тратуар, я ўбачыў бярозавы пень — высокі, роўны з плотам — у чорнай струпаватай кары. Гэтыя струпы здаліся мне падобныя да шышак, што растуць у каня на пярэдніх нагах.
Пень быў свежы і ўвесь абліўся сокам.
Кожны раз, едучы ці варочаючыся з работы, я наравіў стаць, а то і сесці, калі выпадала слабоднае месца, каля акна ў тралейбусе, каб убачыць гэтую нізкую хату з закурэлаю ватаю ў падвойных вокнах, гэты абліты сокам бярозавы пень каля мокрага спаднізу плота. На надворку стаяла лужына, і нехта паклаў ад тратуара да парога на чырвоныя цагліны дзве вузкія дошкі.
Далей за хатаю пачыналася пустое дворышча з старымі, мусіць здзічалымі, яблынямі — іхнія голыя абветраныя лапы блішчалі шараю сухою карою.
Недалёка ад яблынь стаяла помпа: павесіўшы на загнуты кончык трубы вядро, маладзіцы з голымі рукамі, у лёгкіх сукенках, у гумовых ботах, што не сыходзіліся на поўных лытках, бралі ваду, азіраючыся на тралейбус.
Канчаўся марац. Каля плота раставаў сцукраваны і чорны, як абсыпаны сажаю, снег.
Вясна была зімная. Нанач браўся мароз: пад крохкім лёдам высыхалі плыткія лужыны; раніцаю дзеці білі нагамі белы сухі лёд, ён трашчаў і лускаў, як лускае і трашчыць шыба, і аж калола ў сэрца: звон шкла — звон бяды.
Сярод дня пачыналі крычаць разамрэлыя гракі, пацелі сцежкі, гразь на іх рабілася слізкая, і на бярозавым пні раставала і адлушчвалася ледзяная кара, што намярзала за ноч.
I кожны раз, калі я глядзеў на гэты бярозавы пень з абмерзлым сокам, мне ўспаміналася даўнейшая вясна, свая вёска яшчэ перад вайною, як у нас кажуць, за польскім часам, пусты надворак у перапрэлай і счарнелай за зіму траве, пад якою там-сям была знаць дробная, з трыма лісткамі, як раса ў завоіне, зелянюткая дзяцеліна, прысадзісты куст голага бэзу і сцежка з сіваю плесняю, рыхтык на гурочным расоле, што асталася ад снегу — яго сагнала скрозь; сцукравеўшы, ён ляжаў толькі ў старых увернутых картапляных ямах і на тым месцы, дзе ўвосень дзед мой, перабіраючыся на хутар, павыкопваў маладыя яблыні.
Спамінаюцца мне і два бярозавыя пні, аблітыя маладым сокам. Дзедаў пляц адышоў суседзям, і дзед ссек зімою на дровы дзве старыя бярэзіны. Бралася цяпло — сок на пнях ружавеў і броснеў. У засыпаных картапляных ямах раставаў паточаны сонцам, з вострымі сухарыкамі лёду, снег. Гэтыя сухарыкі абвальваліся, і чуваць было, як шахкалі. Снег шыпеў, усё роўна што яго тачылі чэрві. Паказваліся белаватыя, нібы лысыя, камяні, чорнае шкло ад разбітых бутэлек — нехта прыносіў гэтыя асколкі ў фартуху, у прыполе сюды ў ямы, далей ад свае хаты. Потым ужо прабівалася маладая крапіва і дрыжала, як кісель, на пустым ветры, што свішча голаю вясною ў цёмныя вокны і сушыць у кутку каля шкла зялёную плесню.
На дзедавым пляцы збіраліся ставіць новую хату — на друках ляжала абагнанае ў тартаку дзерава і на чатырох камянях быў зачаты першы вянок; сохлі і скручваліся ў трубкі дробныя трэскі — большыя гаспадыня збірала ў прыпол, каб падкладваць пад трыножкі, калі трэба было частаваць цесляў.
Пляц быў абгароджаны калючым дротам у адну столку, але новы гаспадар яшчэ не звыкся, што тут яго, і людзі, нагінаючы і пераступаючы дрот, хадзілі цераз гэты пляц. А мой дзед жыў на хутары, перавёзшы і перасыпаўшы старую хату, жыў у Азярышчы — так называлася балота, што было за грудом за вярсту ад нашае вёскі. На сярэдзіне яго, за грэбляю, як казалі — на лавах, цвіла слепата, і балота было жоўтае; бліжай сюды, да поля, дзе стаяла дзедава хата, дзе рос ялавец, яно было белаватае, як выпаласканае дажджамі, іржышча, ад сухога леташняга сушніку. Сушнік дзеці выпальвалі, і сярод ялаўцу аставаліся чорныя лапікі — дождж змываў попел, і лапікі рабіліся чорна-жаўтаватыя, як абскрэбеная спіна на асмаленым япруку.
Дзедава хата стаяла на сухім грудку, пры дарозе, што ішла між полем і балотам і называлася граніцаю. Далей, за балотам, пачыналася ратамская зямля. Самое Ратамшчыны не было відаць, яна схавалася за грудамі, на якіх сядзеў жаўтлявы, выцвілы за зіму хвойнік; сярод яго стракацелі выспы белаватага пяску. Я ведаў, што на гэтым мяккім, як вальцаваным, пяску валяюцца вялікія, ад конскіх ног, косці, шэрыя зверху і нейкія зеленаватыя, цёмныя спаднізу, доўгія пашчэнкі з двума пярэднімі зубамі. Там былі конскія могілкі, там можна было надысці на воўчы след велічынёю з добры мужчынскі кулак. Рабілася сцішна, браў страх, выдавала, што недзе ззаду крадзецца воўк, паўзе, як да авечкі. Яны і прыходзілі адтуль, з пяскоў, ужо ўвосень, як выганялі на ўмерзлую рунь авечкі, красці маладых ягнят, што, збіўшыся ў гурт, скакалі каля каменя. Там, у хвойніку, на жоўтых пясках круціў віхор, заўсёды на адным месцы, паднімаючы слупом пыл. Там было нейкае нехрышчонае месца, вялася нячыстая сіла. Адтуль, з-за ратамскага лесу, з Пяскоў, як называлі яго, заўсёды ішла бура, уставала цёмная хмара, вецер дзёр і гнаў, паднімаючы да неба, пясок. Свет рабіўся жоўты. Перакочваліся сівыя нізкія хмары, яны ішлі проці ветру. Раптам сярод дня пачынала цямнець, рабілася страшна...
Я заўсёды баяўся цёмных хмар, што сунуліся адтуль, з Ратамшчыны: яны засланялі сонца, а калі яго няма — чалавек заўсёды чуе адзіноту, яму ўсё нечага недалягае.
Сонца хадзіла з другога боку грудоў, за Азярышчам, дзе была відаць хата з атынкованым белым шчытом і дзве высокія тычкі: там, у хаце, было радыё са слухаўкамі, пэўна, гэтакае самае, як у майго дзядзькі, і калі я, бывала, у нядзелю прыходзіў да яго, дзядзіна надзявала мне на голаў і вушы блішчастую дужку з чорнымі круглымі баначкамі: у слухаўках нешта трашчала, шкраблося, як хрушч у пустой каробцы ад запалак, а потым чуваць было — спявалі; цётка казала, што гэта перадаюць «імшу з Кракова».
Хата з белым атынкаваным шчытом, у якім блішчала, нібы зашклёнае слюдою, акенца, была асаднікава: туды цераз Азярышча каля гразкіх лаваў, дзе некалі, казалі, тапіліся каровы, ішла грэбля, па ёй на шасцерыку ездзіў пан — там быў калісьці фальварак з броварам, з сажалкамі, з паперняю недзе каля рэчачкі. Цяпер грэблю размыла, фальварак перайшоў да асаднікаў: за хатаю з белым шчытом былі відаць яшчэ будынкі, расло высокае разложыстае дрэва.
На гэты бок Азярышча стаяла толькі адна дзедава хата.
Перабіраючыся на хутар, дзед яе перасыпаў: паклаў новыя падваліны і ўставіў па мацнейшай дзеравіне пад вокны, астатняе дзерава было старое, сточанае шашалем, у чорных глыбокіх, здавалася — аж навылёт, дзірачках з жоўтаю парахнёю. Яна сыпалася з гэтых дзірачак, чапляючыся за павучыну. Адтуль вылазілі дробныя жоўценькія і перашчыкнутыя ў поясе восы.
Перад вялікаднем дзед бяліў хату: у старым дзіравым, заточаным лапікам, вядры разводзіў мел, рабіў з саломы пэндзаль і дзеля блізіру пэцкаў знадворку сцены. Быў такі загад з гміны: бяліць платы, хаты і каміны.
Плота, балазе, у дзеда не было — ад дарогі, дзе сядзелі, выпусціўшы дробнае лісце, і ніяк не маглі акрыяць перакопаныя з вёскі яблыні, дзед нацягнуў між калкоў у дзве столкі калючы дрот. За яго, ідучы блізенька і махаючы хвастом, чаплялася карова і вырывала з хваста пучок доўгае валасні.
З плотам у дзеда клопату не было. Але каб «паляк» не аштрафаваў, дзед мусіў бяліць комін. Паставіўшы на падворку вядро, мачаў у разведзены мел анучу і, прыжмурыўшы адно вока, цаляў ёю ў комін. Ануча ляцела на той бок хаты.
— Ух, паляк, каб табе вочы засляпіла! — плягаў дзед і выпраўляў мяне шукаць анучу.
«Паляка» дзед не любіў. Прайшла камасацыя: скасаваўшы шнуры, каморнік падзяліў поле на дзялкі. Людзі з вёскі перабіраліся на хутары. Грошай дзед не меў, каб прыплаціць за лепшы надзел, і яму прыйшлося тры гектары нішчымнага пяску: зямля на гэты бок Азярышча ялавела і не ўраблялася гадамі, на ёй нават не хацеў расці ялавец — у канцы дзедавага поля сядзела тры прысадзістыя кусты. У маладое лета на жаўтлявых, загнутых, што ягнячы хвосцік, вяршках гайдалася і ціўкала шэрая пташка — янчык: у густым кусце было звітае з пырніку і выкладзенае конскаю валаснёю яе гняздо, у ім ляжала сем нябеснага колеру яечак.
Каля ялаўцовых кустоў рос шэра-зеленаваты мох — сухі і калючы, як жарства, у гарачыню, сыры і мяккі, хоць да раны прыкладай, у дажджлівы дзень.
Увесну на ялавіне купінкамі зелянеў малады сушнік — шорсткі і пруткі, як пэндзаль. Карова, чмыхаючы ноздрамі, зжынала яго зеленаватым ад травы языком, як сярпом. Тут, на дзедавай ялавіне, я пасвіў сваю Чарнавуху; вушы ў яе папраўдзе былі чорныя, і дзве чорныя плямы, велічынёю з авечыя аўчыны, былі на скабах. Пастухі казалі на яе — бык: Чарнавуха, калі я гнаў яе на пашу ў Азярышча, пускаючы сліну, ляцела за чужымі каровамі і чаплялася на каторую — яна бегалася за весну ўжо трэці раз.