Але ж пры нашай нерашучасці… Мне здаецца, што ў такіх варунках, як нашы, летувісы, напрыклад, вярнулі б дарэформенны правапіс ужо на другі дзень перабудовы. Проста явачным парадкам газеты і часопісы сталі б выходзіць паводле Тарашкевіча, а не паводле Галадзеда і Кандыбовіча.
Вялікая справа таксама — удасканаленне лексікі. З аднаго боку, мова зусім не урбанізаваная, з другога — спрэс пашкоджаная той самай падменай паняццяў. І ўсё таго ж не стае — адпаведнасці.
ПАДМЕНА ПАНЯЦЦЯЎ выявілася і ў шэрагу тых “стандартных рэчаў” — апорных пунктаў нацыянальнай свядомасці, з якіх уласна і пачынаецца нацыя. (Памятаеце — “С чего начинается родина? С картинки в твоём букваре”, альбо — “Кім ты естэсь?”). Гэта беларуская сімволіка і беларускія грошы. Гэта і сталіца — цэнтр нацыі і яе рэліквія.
У нас (у кулуарах) неяк стыхійна сфарміраваўся стэрэатып чатырох беларускіх сталіц — Полацак, Наваградак, Вільня, Менск. Гэта справядліва, бо толькі ў такой суме мы і атрымліваем поўны вобраз беларускае сталіцы. Але ў справе фармавання нацыянальнай свядомасці найбольшая вага тут была, ёсць і яшчэ доўга будзе ў Вільні.
Скажаш каму пра Скарыну, Каліноўскага, нашаніўцаў, заходнебеларускіх адраджэнцаў, а ў адказ пытанне: “А что они там, в Вильнюсе, делали?”
Сапраўды, што? І пры чым тут мы з нашым Адраджэннем?
Шлях любога дзеяча, любога мастацкага, літаратурнага кірунку, навукі, ды ўсяго беларускага ўвогуле спрадвеку і да пачатку ХХ ст. пралягаў праз Вільню. Мяжа БССР тут сталася нажом гільяціны, які апусціўся на шыю нацыі. І адчужэнне Вільні сёння — гэта адчужэнне і амаль усяе беларушчыны. Без усведамлення беларусамі гэтага гораду як свайго наша нацыянальнае Адраджэнне вельмі праблематычнае. Маральна мы тады — на пустым месцы. Мы можам так і застацца прэтэндэнтамі на эфемерную Старую Беларусь, а не праваднікамі магутнай нацыянальнай традыцыі.
Наш рацыянальны ўрад высунуў прэтэнзіі на Вільнюс. Між тым, нашаму рацыянальнаму ўраду яшчэ ўчора трэба было падбаць пра рэальную дапамогу віленскім беларускім асяродкам, пра беларускія школы для тысяч віленскіх беларусаў, якія апынуліся цяпер у недарэчным становішчы часткі няіснага савецкага народу і натоўпамі ходзяць у “інтэрах” ці “паляках”, а галоўнае — падбаць пра даступнасць Вільні для Беларусі пры ўсіх магчымых межах і мытнях на іх.
Беларусі не пашанцавала і яшчэ з адным апорным пунктам — з саманазвай. Гэтая рэч мае больш глыбокія карані, чым нават мова. І хоць у свеце не адрозніваюць Беларусь ад Расеі, мяняць назву (а такія прапановы ёсць) не рацыянальна. Гэта амаль тое, што змяніць насельніцтва, якому належыць стаць нацыяй.
Але ў такім разе нам ніколі не разабрацца ва ўласнай гісторыі без прысваення словаў Літва (літоўскі, літовец) і Русь (рускі). Гэта ж мы, беларусы, фігуруем у гісторыі як Літва і Русь, тады як нашыя суседзі спрэс называюцца маскавітамі і жмудзінамі. Падмена паняццяў. А паколькі назвы Літва і Русь супадаюць з сучаснымі назвамі суседніх краін і народаў, дык адзінае, што мы можам зрабіць,— гэта змяніць іх сучасныя назвы ў нашай мове. Літва — гэта гістарычная Літва на тэрыторыі сучаснай Беларусі, і больш нічога. Літоўцы — нашыя з вамі продкі, пра што вам скажуць усе летапісы. Яны ж, летапісы, назавуць старабеларускую мову літоўскай. Сучасных нашых суседзяў мы мусім называць іхняю сучаснаю саманазвай, так, як гэта робіць беларуская эміграцыя: Летува — летувіс — летувіскі. Другіх нашых суседзяў трэба называць у старой (і яшчэ жывой) беларускай традыцыі — расейцамі, а краіну іх — Расеяй.
Трэба называць рэчы сваімі імёнамі. А ў нас дакладнасці няма амаль у кожным слове, якім мы карыстаемся. Нацыяналізм прызнаны за шавінізм, нацыянальныя нігілізм — за інтэрнацыяналізм, касмапалітызм — за нацыянальны нігілізм. Як растлумачыць, што трэба класці падмурак, а не страху, калі і тое і тое называецца адным словам — будаўніцтва?
ЧАСАМ МНЕ ЗДАЕЦЦА, што пераацэнка, натуральнае развіццё беларушчыны гатова прарвацца ў наш побыт, у свядомасць мільёнаў людзей, і што гэта мы, “людзі культуры”, найбольш гэты прарыў і стрымліваем. Мы — не прафесійныя беларускія нацыяналісты, а мы — аматары роднага слова, ручнікоў і задушэўнай песні. Гэта, між іншым, увесь набор нацыянальнага, рэгламентаваны сталіншчынай: псеўдаэтнаграфізм, псеўдафальклор, псеўдароднае слова (Саветы, напрыклад), ручнікі вакол партрэта Ільіча, зычна-зыкінская народная песня, балалайкі з домрамі ў аркестры беларускіх народных інструментаў. Глыбінная сутнасць падмены, якая адбылася у гэтай справе, зноў жа вяртае нас да суадносінаў аб’ект — суб’ект. Перш трэба берагчы і развіваць суб’ект Беларусі — сябе і з сябе,— а не разглядаць Беларусь як аб’ект сваіх слёзных эмоцый, заклікаючы любымі сродкамі (напрыклад, пастановамі КПБ) гэты аб’ект ратаваць. Трэба зразумець, што без Беларусі не мы застанёмся абдзеленымі, а папросту нас не будзе.
Трэба адмовіцца ад шаманства. І найперш — ад такіх аб’ектаў нашых эмоцыяў, як савецкі камунізм і У.Ленін. Пасля — адмовіцца ад “велічных постацяў” ва ўласнай гісторыі і культуры. Усялякі манументалізм тут — гэта прыкмета контррэфармацыі. Адраджэнне ж — гэта адраджэнне жывога.
500-годдзе Скарыны атрымалася канстатанцкае. Ніводнае арыгінальнае інтэрпрэтацыі! Між тым, толькі ін’екцыі новых ідэй падтрымліваюць сапраўднае жыццё ў такіх постацях. А што будзе з М.Багдановічам, пра якога ўжо ўсё сказана і дваццаць разоў паўторана? Зноў — урачыстае дунды-дунды?
Ці ж гэтак глядзіць наш адраджэнцкі працаўнік, скажам, на ўласнае жытло, якое: трэба было б змяніць на большае і бліжэй да цэнтру і рапарацыю зрабіць, новую газавую пліту паставіць, новае кола на “унімісу” (гарадская лексіка) прыдбаць і г.д. Тут ён — чысты рацыяналіст, прагматык. Але чаму дзве сферы жыцця сталіся для яго ўзаемавыключнымі? Духоўнае і фізічнае…
Індыкацыя паводле рацыянальнага-эмацыйнага і суб’ектыўнага-аб’ектыўнага дазваляе вызначыць, якія высілкі сённяшняга Адраджэння канструктыўныя, якія дэструктыўныя (а таму непатрэбныя). Напрыклад, вядомая спрэчка Н.Гілевіча з С.Букчыным. Гэта праява Беларусі-аб’екту, аддаленая спроба на беларускай глебе змадэляваць расейскую спрэчку “славянафілаў” з “касмапалітамі”. У кожным разе, сутнасць спрэчкі зводзіцца да процістаяння ўсялякіх філій усялякім фобіям, г.зн. — да эмоцый. Гэта з таго раздзела дэструктыўных высілкаў нашага Адраджэння, які можна назваць — чужымі праблемамі, што адбіраюць у нас шмат часу і энергіі.
Ужо ёсць прыклады поўнай інтэграцыі ў чужыя праблемы прадстаўнікоў тутэйшай творчай публікі. Напрыклад, А.Адамовіч і Э.Скобелеў, тэматыка і пафас выступленняў якіх усё больш неактуальныя для беларускага Адраджэння.
“Адмаўляеш — прапануй” — вось формула канструктыўнага дзеяння. Але мне больш даспадобы іншае, Абдзіраловічава: “творачы — зруйнуем”. Мы ж пакуль больш адмаўляем: хто дазволіў? чаму не працуе закон пра мову? чаму раёнка перайшла на расейскую мову? чаму ўсё яшчэ не знішчаны сепаратыст Шэляговіч?..
Антыдзеянне нічога не дадае да нашага палітычнага і культурнага капіталу (калі гэта не самаачышчэнне, не самаўдасканаленне, у выніку якога той капітал падымаецца ў вартасці). Не ператварыцца б Адраджэнню ў адну вялікую скаргу. А такое ператварэнне, дарэчы, толькі на руку русіфікацыі і ўсялякім сепаратыстам.
Трэба адназначна зразумець, што Беларусь — калонія ў зусім неметафарычным сэнсе. Гэтак назолець Дземянцею і Сакалову, каб вялі сходы па-беларуску, можна. Можна вярнуць раёнку ва ўлонне мовы, але… Нельга будаваць здаровае нацыянальнае жыццё на зыбучым грунце псеўдабеларушчыны. А ўся савецкая “беларушчына” — гэта псеўда. Навошта нам чапляцца нацыянальным за атавізмы пакуль яшчэ дужых сацыяльных фантомаў, кшталту КПБ? Куды занясуць нас нясучыя канструкцыі гэтай арганізацыі з яе лідэрамі, друкам і апаратам? Ці не апынецца беларушчына ўрэшце на могілках камунізму?
А вось у Бабруйску выйшла газета “Гоман”. Самастойнае і ўжо амаль прафесійнае выданне, цікавае і па-беларуску. І нікім не інспіраванае, СВАЁ. “Навіны БНФ”, “Унія”, ксераксныя беларускія газеты разам з найбольш дэмакратычнымі нацыянальнымі выданнямі, найперш з “ЛІМам” — вось хто заўтра будзе адстойваць і развіваць беларушчыну ў рыначнай канкурэнцыі з рускамоўнай і, як правіла, дэмаралізаванай прэсай. Перамогуць найлепш арганізаваныя і найбольш прафесійныя і згуртаваныя выданні.
Тут ключ мне бачыцца ў слове: СВАЁ. Я не веру ў тое, што мова — галоўная перашкода для пашырэння друку. Больш за паўгоду мы выдаём СВАЮ газету “Свабода”, выдаём старой арфаграфіяй, без якой-кольвек сенсацыйнай “маліны”, і кожны нумар разыходзіцца, і кожны нумар дае прыбытак, і няма ніякіх датацый. Ёсць свой штат, ёсць нармальныя ганарары. Іншая рэч — якімі высілкамі гэта ўсё дасягаецца. Але ёсць чытачы, ёсць пошта, ёсць водгук. І хоць нашае выданне яшчэ вельмі і вельмі далёкае ад таго, што можна было б назваць газетай, у нас не апускаюцца рукі. Усё залежыць толькі ад нас.
І таму я мала веру ў датацыі для нашых часопісаў, якія нікому не з’яўляюцца ў поўнай меры СВАІМІ, г.зн. не маюць непадзельнае адказнасці і поўнае свабоды чыннасці. Удыхнуць жыццё ў часопісныя структуры, фармаваныя яшчэ пры Сталіне і Брэжневе — ці магчыма? Будучыня беларускага друку мне бачыцца ў прыватных ініцыятывах. Зрэшты, так па ўсім свеце і ёсць.
Дзякуючы новым апазіцыйным аб’яднанням, беларуская мова пачала ставаць мовай дэмакратыі, мовай антыкаланіяльнага змагання, мовай Свайго Дому, мовай апазіцыі і нязгоды. Трэба ўсяляк берагчы гэты набытак. Бо толькі у такім выглядзе беларуская мова і можа спатрэбіцца свайму народу.
Што да сепаратызмаў, дык і тут усё вырашыцца толькі шляхам стварэння моцных і аўтарытэтных беларускіх асяроддзяў у Пінску, у Ваўкавыску, у Горадні. Людзі выберуць самі.
Калі ж будзе рашэнне ўрада і КПБ: ліквідаваць! альбо: заснаваць! — гэта толькі адштурхне людзей.
Сіла беларушчыны сёння — у апазіцыйнасці чужому ці марыянетачнаму афіцыёзу. Сіла яе і ў нашым адзінстве, на якое таксама трэба глядзець цвяроза.
Я разумею, што мы ўсе — за Беларусь. Але ўжо сёння мэта дыферэнцыюецца. Мы за розную Беларусь. І гэта нармальна. Нехта бачыць яе па-ранейшаму скамунізаванай, нехта — шматпартыйнай, нехта — увогуле беспартыйнай. Які аптымальны крытэрый нашай кансалідацыі, дакуль усе нацыянальныя сілы выступаюць разам? Такі крытэрый ёсць: мы — за Беларусь. І калі ў адраджэнца камуністычныя ці, скажам, панславянскія, русско-православные ці польска-каталіцкія, ці яшчэ якія тэндэнцыі пераважаюць над нацыянальнымі — тады і сканчаецца наша кансалідацыя.
Асабіста я не веру ў дэмакратычны інтэрнацыяналізм. І не магу прыняць як свае, беларускія, захады “Апреля” на Беларусі ці “Молодой гвардии”, якой досыць непаслядоўна следуе часопіс “Маладосць”. Я веру ў касмапалітызм, такі, якім падаў яго ў “ЛІМе” У.Конан. Касмапалітызм — гэта засвоеная чалавекам уласная нацыянальная сутнасць, гэта звышнацыянальнасць. І я цвяроза бачу, што ў слове “звышнацыянальнасць” галоўнае — нацыянальнасць, без якога “звыш” — службовае слова, не больш. І таму найперш я веру ў рацыянальны нацыяналізм. Гэта — зусім нераскрытыя патэнцыі беларушчыны, а значыць і нашае людскасці. Успомніце І.Абдзіраловіча: “Яны не ўцямілі, што разам з беларушчынай мы трацім і лепшую частку чалавечнасці”.
1990 г.