Кудрачок. Э, браток, у цябе ні кала, ні двара, па свеце гойсаць лёгка. Але ты не падумай…
Несцерка. А што мне думаць, ад думак галава босай становіцца. У мяне свой клопат. Заўтра кірмаш, а ў мяне ў кішэні толькі вош на прывязі, ды і тая галодная. (Дастае з торбы варону. Яна каркае. Звязвае ёй дзюбу ніткаю.) Вось, галубка, каб не хвалілася, хто ты і адкуль.
Кудрачок. Навошта табе варона?
Несцерка. Не будзь сам варонай, спатрэбіцца і варона. Дзе мае фарбы? (Дастае з торбы фарбы.) Зробім з цябе птушку заморскую, як ні кажы — кірмаш!
Карціна другая
Несцерка. Які колер! А як выглядае, як трымаецца! Толькі сапраўдны пан можа трымаць у сябе гэткую птушку. Гэткія ў вашы краі і не залятаюць. Адно слова — заморская!
Брындзюкоўна. Палова сотні і за заморскую занадта.
Несцерка. Гэ! Палова сотні за яе і не грошы. У самога індыйскага імператара жыве. Канешне, хто не панскае пароды, той не ацэніць, не зразумее. Ну дык бераце?
Брындзюкоўна(азіраючыся на людзей). Канешне, бяру — я ж адразу бачу, што заморская.
Несцерка. Толькі з павагі да вас, яснавяльможная пані, і аддаю. Калі яшчэ ў вашых краях будзе магчымасць заморскую птушку набыць.
Ну вось, Пятро! (Аддае яму грошы.) Палова сотні ёсць. Я ж казаў — са мною не прападзеш, хаця гора і цяпнеш. Але ў астрозе сядзець не будзеш. Назбіраем яшчэ адзін чырвонец — вось і ўся твая нядоімка. (Купляе пірог, дае палову Пятру.) Крыху паштурхаемся сярод людзей, глядзіш, і яшчэ чырвонец набудзем.
Кудрачок. Век Бога за цябе мне маліць, як і разлічуся з табою, не ведаю.
Несцерка. Аб гэтым не турбуйся. Пусціш добрага чалавека з дарогі пераначаваць — вось і ўвесь доўг, дасі жабраку грош — вось і квіты, плюнеш пану ўслед — вось і разлічыліся. А ўжо калі што — вугалькамі на тым свеце разлічымся.
Кудрачок. Вугалькамі? Няўжо мы з табою ў пекле будзем? Нас за гэтае гаротнае жыццё ў рай пасля смерці трэба.
Несцерка. Не па кішэні нам туды квітанцыю купіць. У рай, браток, толькі тых пускаюць, у каго кішэня поўная.
Кудрачок. А нам поп на пропаведзі наадварот казаў.
Несцерка. Казаць ён казаў, а ў самога бруха — во! Трох гэткіх, як ты, трэба. Паглянь, а вунь і яшчэ адзін. Мала яму касцёла — і да ярмаркі дабраўся.
Манах. Браты! Браты, спыніцеся!
Браты! Успомніце пра Бога! Успомніце пра душу. Праз уцехі зямныя не згубіце царства нябеснага. Грошы, што на рынку нажылі, вуголлем гарачым будуць гарэць у пекле пад катламі грэшнікаў.
Забудзем дарогу сюды. Збярэм нашыя грошы на касцёл — райскімі птушкамі будуць звінець яны ў садах эдэмавых. Па загаду самога папы Рымскага пачалі будоўлю новага касцёла Святога Пятра — не пашкадуйце на Божую справу!
Не пашкадуйце, на тым свеце ўсё залічыцца.
Не пашкадуй, сын мой, на Святога Пятра.
Яцак. Няма, няма ў мяне.
Несцерка. Га, пачакай, пачакай, як гэта — няма? З усіх цягнеш — і няма? Бач, бруха ненасытнае. Усё яму ў карчму як у прорву, а як Пятру дык фігу! (Б'е Яцака па кішэні, там звіняць грошы.) А гэта што? А ну, высыпай на Пятра.
Ды не трасіся ты гэтак над грошмі. За поясам у цябе заўсёды чырвонец, я ж ведаю!
Манах(да Несцеркі). Дзякую, сын мой. Ведай, стараннасць твая не прападзе.
Несцерка. Яшчэ б, прапала. Але адным дзякуй не абыдзешся. (Забірае ў Манаха кварту з грашыма.) Ды тут два чырвонцы будзе, не менш. Людцы добрыя! I навошта Святому Пятру грошы? Яму ж ні падаткаў плаціць не трэба, ні дзетак карміць. I нядоімкаў у яго няма. А вось сябра мой — таксама Пятро, толькі зямны, гэткі ж бедалага, як і мы, — у астрог трапіць можа за нядоімку, а ў яго ж сем дзетак. Лепш аддадзім яму гэтыя грошы, а Пётр Святы пачакае.
Манах. Но-но! Ты хто такі, каб тут камандаваць?!
Несцерка. А ты хто такі?
Манах. Я ад самога папы Рымскага!