Малання — маладуха, нібы тая медавуха, ды ўсё ж глядзі, пальца ў рот не кладзі.
Брындзюкоўна — жонка бургамістра, на расправу быстра, але здараецца, і сама трапляецца.
I каго там яшчэ толькі не было:
Андрэй.
Кухар панскі, татарын.
Салдат Іван, Маланнін муж.
Манах.
Яцак, карчмар.
Адзін з мужыкоў.
Пастух.
Слуга.
Салдат.
Дзяўчаты-танцоркі.
Музыкі.
Вартаўнікі.
Лакеі.
Гараджане.
Стражнікі.
Карціна першая
Несцерка. Туды еду — сюды еду, карчмы не мінаю. Які чорт яе прыдумаў — Далібог, не знаю. Эгей, Яцак, здароў! Што гэта ў цябе сёння гэтак ціха? Нясі сюды цэлы кумпяк ды палову вядра заціркі. Даўно табе вінен не быў.
Яцак. У доўг — смалы б табе гарачай у глотку! Думаеш, не памятаю кірмаш? Ты што ж гэта мне прадаў?
Несцерка. А тое і прадаў, што ты купіў — на тое і кірмаш. Ды не сярдуй — грошы тыя я ж зноў да цябе ў карчму прынёс. Вядома — грошы. Сёння ў мяне, назаўтра ізноў у цябе. А багацце тваё — галоўнае, неразменнае — пры табе ж засталося (хлопае Яцака па жываце).
Яцак(б’е Несцерку ручніком). Ах ты, прайдзісвет! Зубаскал галодны! Без грошай не лезь у карчму!
Несцерка. Ды як тут не зойдзеш, калі яна якраз ля дарогі стаіць!
Яцак. Я цябе! (Б’е ручніком.) Сабака, валацуга.
Несцерка. Цішэй, цішэй, а то растрасеш багацце сваё, неразменнае.
Кудрачок. Несцерка? Ты? (Адпіхвае Яцака.) Ды супакойся! Вось не чакаў сустрэць — адкуль?
Несцерка. Ды ўсё адтуль — мімаходам. Га — дык гэта ж Кудрачок! I сапраўды, у карчме не прападзеш! Ты ж мяне галодным не пакінеш.
Яцак. Каб ты хадзіў мімаходам да самае магілы!
Несцерка(прыпыняецца і звяртаецца да Кудрачка). Ты не ведаеш, Кудрачок, чаго карчмары такія злосныя?