Забаве зрабілася крыўдна.
— Дык што з таго?
— Анічога. Я папярэдзіў на ўсялякі выпадак, бо гэта не вельмі прыемна. Заляцаецца да Зінкі. Лазіць і лазіць.
Увечары падалі гарбату з манпансье замест цукру. Чэкіст піў са сподка; гучна сёрбаў гарачую вадкасць. Напіўся гарбаты і перакуліў шклянку на сподку донцам угару. Пачаў свідраваць вачамі Забаву.
— А таварыш, здаецца, прыезджы, гм?
— Так, з Бабруйска.
— Угум! Тэхнік?
— Так. Наглядчык тэлеграфа.
— М-м. А гэта… тут службова?
— Не. Па асабістай справе да камісара Магілёўскага паштова-тэлеграфнага вузла.
— Так! Зрабіў таварыш сваю справу?
— Яшчэ не. Але спадзяюся, што зраблю.
— Не сакрэт: якая справа, гм?
— Які сакрэт?.. Жадаю перасяліцца ў Магілёў як марзіст, бо ў Бабруйску працую на лініі, а лінейная служба для мяне шкодная. Я маю слабое здароўе.
— Таварыш марзіст?.. Добры? М-м-м?..
— Вядома, добры. Выхваляцца не буду.
— Колькі знакаў за хвіліну?
— Залежыць ад спрыту. Даваў ад 120 да 133.
— М-м-м.
Потым пацікавіўся, ці Забава партыйны, на што той адказаў: сочувствующий. Распытваў як арыштаванага; відаць, гэта была ягоная благая звычка. Хочучы перапыніць той допыт, Забава сам пачаў дэталёва распытваць яго пра ўсё. Чэкіст перш адказваў яму, але неўзабаве вярнуўся да размовы з дзяўчатамі. Гутарка адбывалася такім чынам, што ён гаварыў, а яны слухалі, робячы, у залежнасці ад тэмы гаворкі, адпаведныя выразы твару, якія па чарзе выяўлялі: захапленне, весялосць, жах, расчараванне.
З аповедаў чэкіста Забава даведаўся, што той сын садоўніка з Царскага Сяла.
Неўзабаве чэкіст зноў звярнуўся да Забавы:
— Ці таварыш быў на вайне, у баявых дзеяннях ці прымаў удзел?
— Не, як «спец» быў вызвалены ад службы на фронце і прыкамандзіраваны да вайсковага тэлеграфа ў Менску, — гладка хлусіў Забава.
— А я ваяваў! Так! — грукнуўся далонню ў грудзі чэкіст, пазіраючы на дзяўчыну. — Нават пад Варшавай быў. Не адзін палячышка вось гэтай рукой у зямлю пахаваны!
— Дык таварыш Польшчу трохі ведае? — спытаў Забава.
— Трохі?.. Ха-ха-ха. Ведаю як сваю далонь!..
— Цікава мне, што гэта за краіна? Няўжо там добрая зямля?
— Зямля? Цьфу! Адны пяскі! Пяскі і балоты, балоты і пяскі!
— З чаго ж яны жывуць, калі гэткая неўрадлівая зямля?