- Так, дык вось... пачакайце... дык вось як яно было. Сяджу я там, у сваёй праклятай глушы, сяджу нерухома, як павук у павуціне, ужо не адзін месяц. Гэта было якраз пасля дажджоў. Тыдзень за тыднем дождж барабаніў па даху, ніводная душа не заглядвала да мяне, ніводзін эўрапеец; дзень пры дні сядзеў я дома са сваімі жаўтатварымі жанчынамі і сваім добрым віскі. Я тады быў у вельмі прыгнечаным стане, я быў проста хворы Эўропай: калі я чытаў у якім-небудзь рамане пра светлыя вуліцы і белых жанчын, у мяне пачыналі дрыжаць пальцы. Я не магу дакладна апісаць вам гэты стан; гэта своеасаблівая трапічная хвароба - лютая, ліхаманкавая і разам з тым бяссільная туга па радзіме, якая часам авалодвае чалавекам. Так я сядзеў тады, здаецца, з геаграфічным атласам у руках і марыў аб падарожжах. Раптам пачуўся трывожны стук у дзверы, і я ўбачыў свайго боя і жанчыну. Твары абаіх адлюстроўваюць надзвычайнае здзіўленне. Яны моцна размахваюць рукамі, вочы вытарашчаны - прыйшла нейкая дама, ледзі, белая жанчына.
Я ўсхопліваюся з месца. Я не чуў шуму экіпажа або аўтамабіля. Белая жанчына тут, у гэтай глухамані?
Я гатовы ўжо збегчы ўніз па лесвіцы, але раблю намаганне і застаюся на месцы. Гляджу мяльком у люстэрка, хуценька прыводжу сябе крыху ў парадак. Я нервуюся, адчуваю непакой, мяне мучыць нядобрае прадчуванне, бо я не ведаю нікога на свеце, хто па дружбе прыйшоў бы да мяне. Нарэшце я спускаюся ўніз.
У пярэднім пакоі чакае дама; яна паспешна ідзе мне насустрач, убачыўшы мяне. Густая дарожная вуаль закрывае яе твар. Я хачу прывітацца, але яна сама пачынае гаварыць.
- Добры дзень, доктар, - гаворыць яна плаўна па-ангельску. (Яе гаворка здаецца мне вельмі ўжо плаўнай і як бы наперад завучанай.) - Прабачце, што я ўрываюся да вас. Але мы былі якраз на станцыі, наш аўтамабіль застаўся там. - «Чаму яна не пад'ехала да дома?» - маланкаю прамільгнула ў мяне ў галаве. - І вось я ўспомніла, што вы жывяце тут. Я гэтак шмат чула пра вас, з віцэ-рэзідэнтам вы зрабілі проста цуд, яго нага выдатна загаілася, ён зноў ужо гуляе ў гольф. Так, так, у нас усе гавораць пра гэта, і мы ахвотна аддалі б нашага бурклівага ваеннага ўрача і абодвух другіх у дадатак, калі б вы пераехалі да нас. Наогул, чаму вас ніколі не відаць? Вы жывяце, быццам йог...
І гэтак яна сакоча бясконца, спяшаецца і не дае мне ўставіць ні слова. Штосьці нервовае і неспакойнае адчуваецца ў гэтай пустой балбатні, і я сам заражаюся непакоем наведніцы. Чаму яна так многа гаворыць, пытаюся я ў сябе, чаму не называе сябе? Чаму не знімае вуалі? Ліхаманка ў яе, ці што? Можа, яна хворая? Звар'яцела? Я ўсё мацней хвалююся, адчуваю сябе ў смешным становішчы, калі стаю вось так перад ёю пад невычэрпным патокам яе балбатні. Нарэшце яна на момант спыняецца, і я прашу яе наверх.
Яна робіць свайму бою знак застацца і першая падымаецца па лесвіцы.
- Як у вас хораша, - кажа яна, аглядваючы мой пакой. - О, якія цудоўныя кнігі! Я хацела б іх усе прачытаць! - Яна падыходзіць да паліцы і разглядвае назвы кніг. Упершыню з таго часу, як я выйшаў да яе, яна на хвіліну змаўкае.
- Дазвольце прапанаваць вам гарбату? - пытаюся я. Яна, не паварочваючыся, працягвае разглядаць каранцы кніг.
- Не, дзякуй, доктар... нам трэба зараз жа ехаць далей... у мяне мала часу... гэта ж была проста прагулка... Ах, у вас ёсць і Флабер, ён мне так падабаецца... цудоўная, выдатная рэч яго «Education sentimentale»*... Я бачу, вы чытаеце і па-французску. Чаго толькі вы не ведаеце!.. Так, немцы... іх усяму вучаць у школе... Сапраўды, цудоўна - ведаць столькі моў!.. Віцэ-рэзідэнт марыць аб вас і ўвесь час паўтарае, што вы адзіны хірург, якому ён лёг бы пад нож... Наш стары доктар прыдатны толькі для гульні ў брыдж... Дарэчы, ведаеце (яна ўсё яшчэ гаворыць не паварочваючыся), сёння мне самой прыйшло ў галаву, што добра было б параіцца з вамі... а мы якраз праязджалі міма,. і я падумала... Ну, вы сёння, мусіць, заняты... я лепей прыеду другім разам.
* «Выхаванне пачуццяў» (фр.)
«Нарэшце ты раскрыла свае карты!» - адразу ж падумаў я. Але я і выгляду не падаў і запэўніў яе, што буду лічыць за гонар быць карысным ёй цяпер ці калі ёй захочацца.
- У мяне нічога сур'ёзнага, - сказала яна, напалову павярнуўшыся да мяне і ў той жа час перагортваючы кнігу, якую яна ўзяла з паліцы, - нічога сур'ёзнага, драбяза... жаноцкія справы... галавакружэнне, мленне. Сёння раніцаю, калі мы ехалі, на павароце мне раптам зрабілася дрэнна, я самлела, raide morte... бой вымушаны быў дапамагчы мне і прынесці вады... Ну, можа, шафёр занадта хутка ехаў... як вы думаеце, доктар?
- Вось так адразу цяжка вызначыць. Вы часта так млееце?
- Не... хоць, зрэшты, часта... апошнім часам, якраз самым апошнім часам... так... непрытомнасць і млосць.
Яна ўжо зноў павярнулася да кніжнай шафы, ставіць кніжку на месца, вымае другую і пачынае яе гартаць. Дзіўна, чаму гэта яна ўсё гартае... так нервова, чаму не падымае вачэй з-пад вуаля? Я наўмысна нічога не кажу. Мне хочацца прымусіць яе чакаць. Нарэшце яна зноў пачынае тонам бесклапотнай балбатні:
- Праўда, доктар, у гэтым няма нічога сур'ёзнага? Гэта ж не якая-небудзь небяспечная... трапічная хвароба?
- Я павінен спачатку пабачыць, ці няма ў вас гарачкі. Дазвольце ваш пульс...
Я накіроўваюся да яе, але яна лёгенька адхіляецца ўбок.
- Не, не, у мяне няма гарачкі... безумоўна, безумоўна няма... я мераю тэмпературу кожны дзень, з таго часу... з таго часу, як я пачала траціць прытомнасць. Гарачкі няма, заўсёды трыццаць шэсць і чатыры. І страўнік у парадку.
Я маруджу. У мяне паступова расце падазрэнне: я адчуваю, што гэтая жанчына чагосьці ад мяне хоча, сюды не прыязджаюць пагаварыць пра Флабэра. Я застаўляю яе чакаць хвіліну, другую.
- Прабачце, - гавару я потым проста, - дазвольце мне задаць вам некалькі пытанняў?
- Канечне, доктар! Вы ж урач, - адказвае яна, але тут жа зноў паварочваецца да мяне спінаю і пачынае перабіраць кнігі.
- У вас ёсць дзеці?
- Так, сын.
- А ці было ў вас... ці было ў вас раней... я хачу сказаць... тады... ці былі ў вас падобныя адчуванні?
- Так.
Яе голас стаў цяпер зусім іншы, выразны, без аніякай манернасці і нервовасці.
- А магчыма, каб вы... прабачце пытанне... магчыма, каб цяпер была тая ж прычына?
- Так.