- Не ведаю, як доўга праляжаў я гэтак на цыноўцы. Раптам нехта дакрануўся да маіх плячэй. Я здрыгануўся. Гэта быў бой, які з баязлівым і пачцівым выглядам стаяў перада мною і трывожна ўглядаўся мне ў вочы.
- Сюды хочуць увайсці... хочуць бачыць яе...
- Не ўпускаць нікога!
- Гэта так... але...
У яго вачах быў спалох. Ён хацеў штосьці сказаць і не адважваўся. Яго яўна нешта мучыла.
- Хто гэта?
Ён, дрыжучы, паглядзеў на мяне, быццам чакаў удару. Потым сказаў - ён не назваў прозвішча... адкуль бярэцца раптам у такой першабытнай істоты столькі разумення? Чаму ў пэўныя моманты незвычайную чуйнасць праяўляюць зусім цёмныя людзі?.. Потым ён сказаў... зусім, зусім ціха і баязліва...
- Гэта ён.
Я ўскочыў з месца, я адразу зразумеў, і мною авалодала пякучае, нецярплівае жаданне ўбачыць гэтага незнаёмага. Бачыце, справа ў тым, што, як гэта ні дзіўна... але сярод усіх пакут, сярод ліхаманкавага хвалявання, страху і сумятні я зусім забыўся пра яго... Забыўся, што тут замешаны яшчэ адзін чалавек - той, каго кахала гэтая жанчына, каму яна ў парыве пачуцця аддала тое, у чым адмовіла мне... Дванаццаць гадзін, суткі таму назад я ненавідзеў бы гэтага чалавека, мог бы разарваць яго на кавалкі... Але цяпер... Я не магу, не магу перадаць вам, як я прагнуў убачыць яго... палюбіць яго за тое, што яна яго кахала.
Адным скачком я апынуўся каля дзвярэй. Там стаяў юны, зусім юны афіцэр, светлавалосы, вельмі збянтэжаны, вельмі тонкі, вельмі бледны. Ён быў падобны на дзіця, такі... такі пяшчотна малады ён быў, і невыказна ўразіла мяне, як ён стараўся быць мужчынам, паказаць вытрымку... схаваць хваляванне. Я адразу заўважыў, што ў яго дрыжыць рука, калі ён паднёс яе да фуражкі... Мне хацелася абняць яго... бо ён быў менавіта такі, якім я хацеў бачыць чалавека, блізкага з гэтаю жанчынаю... не спакуснік, не ганарлівец... Не, паўдзіцяці, чыстаму, пяшчотнаму стварэнню падарыла яна сябе.
Перада мною стаяў моцна збянтэжаны малады чалавек. Мой прагны позірк і парывістыя рухі яшчэ болей усхвалявалі яго; вусікі над губою пачалі па-здрадніцку ўздрыгваць... гэты юны афіцэр, гэты хлопчык ледзь стрымліваўся, каб не заплакаць.
- Прабачце, - сказаў ён нарэшце, - я хацеў бы яшчэ раз... пабачыць... пані.
Міжвольна, сам таго не заўважаючы, я абняў яго, чужога чалавека, за плечы і павёў, як вядуць хворага. Ён паглядзеў на мяне здзіўленым і бясконца ўдзячным позіркам... ужо ў гэты момант паміж намі ўзнікла адчуванне нейкай агульнасці. Мы падышлі да нябожчыцы... Яна ляжала, белая на белых прасцінах - я адчуў, што мая прысутнасць усё яшчэ гняце яго, і таму адышоў убок, каб пакінуць яго сам-насам з ёю. Ён паволі наблізіўся да ложка... няўпэўнена, ён валачыў ногі... па тым, як уздрыгвалі плечы, я бачыў, які боль ірве яго сэрца... ён ішоў... як ідзе чалавек насустрач жахлівай буры... І раптам ён укленчыў перад ложкам... гэтак жа, як раней укленчыў я.
Я падскочыў да яго, памог падняцца і пасадзіў у крэсла. Ён болей не саромеўся і заплакаў уголас. Я не мог вымавіць ні слова і толькі неўсвядомлена гладзіў рукою па яго светлых, мяккіх, як у дзіцяці, валасах. Ён схапіў мяне за руку... ласкава і разам з тым неяк боязна... і раптам я адчуў на сабе яго пільны позірк...
- Скажыце мне праўду, доктар, - выціснуў ён з сябе, - яна наклала на сябе рукі?
- Не, - адказаў я.
- А... хто-небудзь... вінаваты ў яе смерці?
- Не, - паўтарыў я, хоць у мяне ўжо гатовы быў вырвацца крык: «Я! Я! Я!.. І ты!.. Мы абодва! І яе ўпартасць, яе няшчасная ўпартасць!» Але я стрымаўся і паўтарыў яшчэ раз:
- Не... ніхто не вінаваты... гэта лёс!
- Проста не верыцца, - прастагнаў ён, - не верыцца. Пазаўчора яна была на балі, усміхалася, кіўнула мне. Няўжо такое ўвогуле магчыма? Як гэта магло здарыцца?
Я пачаў расказваць яму доўгую фальшывую гісторыю. Нават яму я не выдаў нябожчыцынай таямніцы. Усе гэтыя дні мы былі нібы два браты, быццам асветленыя пачуццём, якое звязвала нас абодвух... Мы не давяралі яго адзін аднаму, але абодва ведалі, што ўсё наша жыццё належала гэтай жанчыне... Часам словы так і прасіліся з вуснаў, але я сціскаў зубы - і ён не даведаўся, што яна насіла пад сэрцам яго дзіця... што яна хацела, каб я забіў гэтае дзіця, яго дзіця, і што яна ўзяла яго з сабою ў бяздонне. І ўсё ж мы гаварылі толькі пра яе ў гэтыя дні, пакуль я хаваўся ў яго... бо - я забыўся вам сказаць - мяне шукалі... Яе муж прыехаў, калі труну ўжо зачынілі... ён не хацеў верыць афіцыйнай версіі... людзі гаварылі рознае... і ён шукаў мяне... Але я не мог адважыцца сустрэцца з ім... убачыць яго, чалавека, з якім, як я ведаў, яна пакутавала... Я хаваўся... чатыры дні не выходзіў на вуліцу, чатыры дні мы абодва не пакідалі кватэры... Яе каханы купіў мне на чужое прозвішча месца на параходзе, каб я мог уцячы... Нібы злодзей, пракраўся я ноччу на палубу, каб ніхто мяне не пазнаў... Я пакінуў там усё, што ў мяне было... дом і работу, якая забрала сем гадоў жыцця. Усё маё дабро пакінута на волю лёсу, кожны можа ўзяць што хоча... і начальства, мусіць, ужо звольніла мяне са службы, бо я без дазволу пакінуў свой пост... Але я болей не мог жыць у гэтым доме, у гэтым горадзе... у гэтым свеце, дзе ўсё нагадвала мне яе...
Як злодзей, уцёк я ноччу... толькі каб пазбавіцца ад яе... забыць...
Але... калі я падняўся на борт... ноччу... апоўначы... мой сябар быў са мною... тады... тады... якраз падымалі нешта кранам... штосьці прадаўгаватае... чорнае... гэта была яе труна... вы чуеце: яе труна... Яна праследавала мяне, як раней я праследаваў яе... і я мусіў стаяць побач, з абыякавым выглядам, бо ён, яе муж, таксама быў тут... ён вязе цела ў Ангельшчыну... можа, ён хоча анатаміраваць яго... Ён авалодаў ёю... цяпер яна зноў належыць яму... ужо не нам... нам абодвум... Але я яшчэ тут... Я пайду за ёю да канца... ён не даведаецца, не павінен ніколі даведацца... я здолею абараніць яе таямніцу ад любога замаху... ад гэтага нягодніка, з-за якога яна пайшла на смерць... Нічога, нічога ён не даведаецца... яе таямніца належыць мне, толькі мне аднаму...
Разумееце цяпер... разумееце цяпер... чаму я не магу бачыць людзей... не выношу іх смеху... калі яны фліртуюць і прагнуць збліжэння... Бо там, унізе... унізе, у труме, паміж цюкамі з чаем і паўднёвымі арэхамі, стаіць яе труна... Я не магу прабрацца туды, трум замкнёны... але я адчуваю гэта ўсёю сваёю істотаю, адчуваю кожную секунду... і тады, калі тут іграюць вальсы або танга... Гэта, вядома, глупства, бо на дне мора ляжаць мільёны мерцвякоў, пад кожнаю пядзяю зямлі, на якую мы ступаем нагою, гніе труп... і ўсё-такі я не магу, не магу вынесці, калі наладжваюць тут маскарады і гэтак пажадліва смяюцца. Я адчуваю, што нябожчыца тут, тут яна, і ведаю, чаго яна ад мяне хоча... я ведаю, на мне яшчэ ляжыць абавязак... яшчэ не канец... яе таямніца яшчэ не схавана канчаткова... Нябожчыца яшчэ не адпусціла мяне...
На сярэдняй палубе зашоргалі крокі, зашлёпалі мокрыя швабры - матросы пачалі сваю ранішнюю прыборку. Ён здрыгануўся, як чалавек, якога злавілі на месцы злачынства; на яго змучаным твары адлюстраваўся спалох. Ён падняўся і прамармытаў:
- Пайду... пайду ўжо.
Цяжка было глядзець на яго - вельмі непрыглядны быў позірк апухлых пустых вачэй, пачырванелых ад віскі ці ад слёз. Яго бянтэжыла маё спачуванне, я адчуваў ва ўсёй яго згорбленай фігуры сорам, пакутлівы сорам за шчырасць са мною ў гэтую доўгую ноч. Міжволі я сказаў:
- Можа, вы дазволіце мне зайсці ўдзень да вас у каюту?
Ён паглядзеў на мяне, - жорсткая, здзеклівая, цынічная ўсмешка скрывіла яго губы, з нейкаю злосцю выціскаў ён з сябе кожнае слова.
- Ага... ваш славуты абавязак дапамагаць... ага... Гэтым самым слоўцам вы і спакусілі мяне, прымусілі развязаць язык. Ну не, паночку, дзякуй. Не думайце, што мне цяпер лягчэй, пасля таго як я перад вамі вывернуў наверх усе свае вантробы, аж да самых кішак. Жыццё сваё я скалечыў, і ніхто мне яго не паправіць... выйшла гэтак, што служба шаноўнаму галандскаму ўраду мне нічога не дала... Пенсія - цю-цю, як бяздомны сабака вяртаюся я ў Эўропу... Скуголю, як сабака, што ідзе за труною... Беспакарана нядоўга бягуць тыя, каго гоніць амок: рана ці позна іх збіваюць з ног, і я спадзяюся, што канец ужо не за гарамі... Не, дзякуй, паночку, за ласкавае жаданне мяне наведаць... У мяне ўжо ёсць у каюце сябрукі... некалькі пляшак добрага старога віскі, яны мяне часам суцяшаюць, а потым яшчэ - мой даўні сябар, да якога я, на жаль, своечасова не звярнуўся, - мой слаўны браўнінг... ён, зрэшты, паможа лепей, чым усялякая балбатня... Прашу вас, не турбуйцеся... у чалавека заўсёды застаецца адзінае права - здохнуць, як яму хочацца... і без няпрошанай дапамогі.