Марына ніколі і нічога ад яго не патрабавала. Нават у той, першы, вечар.
Яны, урэшце, дайшлі да яе пад'езда. Стаялі, не дужа ведаючы, што і гаварыць, як і сказаць гэтыя апошнія словы. І раптам ён адчуў…
— Бывайце, Марына, — усё ж сарвалася ў яго з языка.
…І раптам ён адчуў, што яна не будзе супраць, калі ён зойдзе. І яшчэ адчуў сябе такім самотным у гэтым горадзе і ўвогуле ў гэтым свеце, што яму стала холадна… Але як? Усяго некалькі слоў, якімі яны абмяняліся, нязначных, пустых. Што яны маглі вырашыць?!
А можа, гэтая сухасць, гэта яе нянавісць — можа, гэта яны? Калі гэта ўсё так, то гэта не болей чым пагарда да яго. І, магчыма, жаданне адпомсціць за нейкую вялікую, нясцерпную крыўду. Тады гэта яшчэ горай.
Дзяўчына, відаць, да канца зразумела.
— Зойдзем, — проста сказала яна.
Толькі тут, пры нізкім святле таршэра, ён паглядзеў на дзяўчыну больш уважліва, і раптам яго як стукнула: бог мой, да чаго ж прыгожая! Валасы чорныя-чорныя, мяккія нават на выгляд, мяккі авал твару, у чорных веях сінія вочы. Грацыя рухаў, калі прыносіла сёе-тое на столік, такая, якая бывае толькі ў жанчын з дасканалай фігурай. Чаму не заўважыў раней?
Вельмі проста. Знік з аблічча злы выраз. Цяпер на ім толькі лёгкая грэблівасць і стома.
— Ну вось, сядайце. Будзем павольна піць віно і маўчаць.
— Чаму маўчаць?
— Аб чым гаварыць? Аб холадзе?
— Ну, не так ужо і халодна.
— Ды я не аб тым холадзе.
— І я не аб тым.
Маўчанне.
— Слухайце, — сказаў ён. — Што з вамі, ну што? Вы крыху адышлі толькі тут.
— Тут мая крэпасць. А ўвогуле што ж, мы дарослыя людзі. Бываюць на зямлі такія крыўды, за якія няма даравання.
"Помсціцца. На мне".
Але дзіўна, гэтая думка, тое, што ён здагадаўся правільна, на гэты раз аніяк не абурыла яго.
— Вось бачыце, а вы накінуліся на мяне на пероне, як дзікая звярына, — іранічна сказаў ён. — У бібліі гэта называецца: свая сваіх не пазнаша.
— Я ведаю, таму вы й зайшлі сюды. Я за вечар зразумела тое, што з вамі. У мяне, па некаторых прычынах, за апошні час нюх на такое.
"Значыць, думае, што і я хачу помсціць. Не, гэта даўно, некалькі месяцаў, як перагарэла. Толькі пустэча. Проста пустэча, і ўсё".
І яна зноў зразумела гэта без слоў. Ён сеў ля яе ног на падлогу.
— Гэта вы кіньце, — сказаў ён. — Нічога добрага з гэтага не атрымаецца. Для вас.
— А я не думаю зараз ні аб сабе і ні аб кім. Самоты людзей, крыўды людзей — каго яны абыходзяць?
— Не заўсёды ж самота.
— А потым зноў пустка.
— Ну, бываюць жа, згадзіцеся, хаця дні без усяго гэтага.
— Так.