Палае вялізны корч, абкладзены лаўжамі: грэюць неба, каб прыйшоў сонцаварот. Палаць яму суткі, пакуль не будзе бойкі між світаю зімы і світаю лета, пакуль не перамогуць, пакуль не спаляць чучала зімы.
…Грукат колаў цягніка.
…Яны з Аленай Наваграй ідуць побач у натоўпе каляднікаў. Мікола часам паварочвае галаву, бачыць яе ўсмешлівыя, незразумелыя вочы і вусны, якія таксама ці то ўсміхаюцца, ці проста іхні краёчак прыўзняты ўгору.
— Невыносны. Ты не на мяне вочы вытрэшчвай. Ты — унь туды.
"Туды" — гэта наперадзе. Там прыскоквае каза, паважна — да часу — выступае "дзед" з ільняной расчасанай барадою, "цыганка", з абліччам, пафарбаваным бураком ледзь не да колеру слівы, а сама ў неймаверных рызманах, механоша, калматыя "воўк" і "мядзведзь", што паказвае і як дзеці гарох крадуць, і які аграном бывае злосны на падпітку. Тут жа і "чорт" з ляскаўкай. Яму пазней, калі накалядуюць, круціцца і старацца ўхапіць каўбасу з торбы.
Цымбалы, і скрыпка, і бубен.
Мікола ідзе і часам сціскае ёй локцік, і такая гарачая хваля пракотваецца па ім ад гэтага дотыку, што ён замірае.
І равуць, равуць над усім беларускія палескія трубы з вярбовай кары. У восем — дзесяць чвэрцяў даўжынёй: два з паловаю метры.
І яму, калі ён дакранаецца да яе, такой цёплай — ён адчувае — пад гэтым рудым кажушком, здаецца, што гэта ім равуць трубы, што ўсё гэтае шэсце дзеля іх, што гэта іх вядуць на вечнае каханне, на гора і радасць. Зірнуў — здаецца, і яна адчувае.
"Пэўна, і труб такіх ужо даўно няма. Іхняя вёска заўсёды лічылася глухой".
Гудуць трубы. Як архангелы ў дзень судны, як трубы Ерыхона, як на страшнага ворага. І як жа не гармануе — і гармануе з імі — пяшчотная песня каляднікаў:
Увайшлі ў хату, запоўнілі двор.
— Святы вечар.
— А, сёння ў нас усе вечары — грэшныя, — не па правілах адказвае гаспадар.
"Як мне гэта забыць?!"
— А ну, — гэта дзед, — паскачы, каза, павесялі гаспадара. "Што ж гэта за насланнё?!"
— Ды пакланіся гаспадару, гаспадыні, каб нашу казу дый падарылі: рашато аўса, а наверх каўбаса, рашато грэчкі на варэнічкі.
Сала, ружовае на зрэз, стылае кельца каўбасы, хлеб яшчэ цёплы.
Зноў з гоманам, песнямі, гікам валіць проста праз гурбы натоўп каляднікаў… А зоры ўверсе былі спакойныя, амаль не дрыжалі. У снегавых пульхных падушках гарэлі агеньчыкі ў вокнах. І паўсюль гучалі, здалёк гучалі песні каляднікаў. У адным канцы сяла. У другім.
— Аленка, даражэнькая ты, добра як!
Яны адарваліся ад усіх, бягуць проста па гурбах у завулак і далей, у закінутую дрывотню, над якой пустой перагорнутай шапкай — буслянка.
— І добра, яшчэ лепей, што ўцяклі, — сказаў ён.
Дзяўчына ўпершыню не вырвалася. Стаяла, прыціснуўшыся да яго, і зрэдку ўздрыгвала. Ён скарыстаўся з гэтага.
— Не бойся. Ніхто не зойдзе. Усе там.
— Я не таму, — глуха сказала яна. — Ты застацца не мог бы?
— Я і застануся. Ля цябе. Усё адно дзе.
— Тут… Бо што ж я ў горадзе. Я там з нудоты памру.
— Не памрэш. Звыкнеш.
— Не звыкну. Была двойчы. Смурод, дым. А ў нас у полі вецер — такі празрысты. Дый смяяцца там будуць, што гавару не так. Застанься. Ну, добра?
"Не, досыць пра гэта".