Яна сядзіць у вышыванай сарочцы. Вянок з кветак і васковых "божых слёзак" аблямоўвае яе залатыя валасы. А пад ім аблічча, крыху сумнае, але ўсё ж здаволенае сваёй пачэснаю роллю на гэтым свяце жыцця. Сінявокае, з празрыстым румянцам, з вішнёвымі вуснамі, што ўсміхаюцца сумнавата і адначасова расчулена.
— Горка!
Той схіляецца да яе, здаровы, чубаты, вясёлы, гаспадар. Вочы смяюцца. І вусны Аленчыны раскрываюцца насустрач ягоным прагным вуснам, як кветка. А вакол гудзе і гудзе:
"Божа, куды мне ўцячы ад усяго гэтага?"
…Таму праз некалькі там месяцаў ён і сядзеў ля ног іншай.
— Кіньце, — пасля доўгага маўчання сказаў ён. — Яшчэ некалькі месяцаў назад і я думаў, што свет абурыўся. Даходзіў да такога вар'яцтва, да такога свінства, да такой нізасці, што, каб вярнуць былое, згадзіўся б, каб увесь свет ляснуў, а засталіся толькі яна і я. І вось — нічога. Нічога. Можна жыць. Можна і трэба жыць.
— Дзеля чаго трэба?
— Хаця б дзеля таго, што чалавек зрэдку вось так, як зараз, патрабуе другога.
— Калі вы гэта вырашылі?
— Тады, калі сказаў сабе: не, з гэтым глупствам, з гэтай мукай трэба канчаць.
Яна паклала далонь яму на галаву, пагладзіла валасы.
— Ламанула вас, небараку.
І тады ён абняў яе доўгія моцныя ногі і прынік абліччам да яе каленяў.
— Ну што, што?
— Нічога, проста мне ўпершыню за апошнія месяцы амаль зусім добра.
Маўчалі. Цікаў гадзіннік, і яна адчувала, як, амаль у такт яму, няўхільна адмяраючы час, калоціцца ягонае сэрца. Незваротны, хуткаплынны, няўмольны час яе і яго жыцця.
Яна схілілася і прыпала галавою да ягонай галавы:
— Пусціце мяне, калі ласка, мілы вы мой.
— Ды не пушчу, — з уздыхам сказаў ён.
І раптам яна сама адчула, што яе сэрца, спячае, нібы замарожанае, безжыццёвае, пачало калаціцца ў тым жа рытме, што й ягонае.
— Вы што ж, усю ноч так і праседзіце тут?
— Калі спатрэбіцца, то і ўсю ноч.
— Гэтага не трэба, — з цяжкім уздыхам, нібы скідаючы нешта, сказала яна.
І ўстала. Ён, нібы зразумеўшы нешта, бязважна гладзіў яе ногі.
— Устаньце ж, — гудным голасам сказала яна.
У гэтым голасе гучала нешта такое рашучае, што ён падпарадкаваўся. Яна прыцягнула яго да сябе і халодна прыклала вусны да яго лба.
— Ну вось. Нікуды я вас не пушчу. Транспарт ужо не ходзіць. Вось ваша тахта. Кладзіцеся. Я зараз.
…Ён ляжаў і абыякава глядзеў у столь. Караблі, так бы мовіць, былі спаленыя. Чуў нейкія рухі ў кухні. Пасля даляцеў голас:
— Згасіце святло.
Ен працягнуў руку, націснуў выключальнік, і адразу пасвятлела чорнае дагэтуль акно. На яго фоне рухаўся сілуэт.