— Зноў адпасылаеш, ойча, да будучыні.
— А хто ты сёння без будучыні? Ад цябе залежыць, каб наблізіць яе.
— І тады?..
— Час, які ідзе, сыне мой, — як гара. Або па ёй узыходзіш на вяршыню, або коцішся ўніз.
— А калі дойдзеш да вяршыні?
— Не ведаю, — памаўчаўшы, сказаў Тарквемада. — Гэтага чалавек не можа ведаць. Гэта ведае толькі Бог.
Дыега зноў закрыў твар далонямі. Шчокі і скроні палалі, а рукі былі халодныя. У сабе ён таксама адчуваў холад.
— Чаго ж ты хочаш ад мяне, ойча? Што я павінен зрабіць?
— Ведаеш, якая розніца паміж чалавекам адважным і баязліўцам?
Дыега адступіў на крок.
— Ведаеш?
— Ведаю, — адказаў ціха. — Але ведаю не сваімі думкамі. Гэта ўжо твае думкі, ойча.
— Зноў вяртаешся да вонкавага размежавання: ты і я, а гэта ж думкі, у якіх праўда. Ты ўсё яшчэ баішся самога сябе? Ці падумаў ты, што адважны чалавек прымае паслушэнства добраахвотна, а баязлівец слухаецца са страху?
«Нельга мне баяцца», — падумаў Дыега.
— Не павінна так быць, каб людзі мусілі баяцца, — сказаў.
— Наадварот, — усклікнуў Тарквемада, — чалавек у істоце гаротны, і яго страх не толькі патрэбны, але абавязковы, неабходны. Калі мы хочам панішчыць зло, мы павінны ўсюды яго выяўляць і адкрываць, каб яно, паказанае ва ўсёй сваёй брыдоце, абуджала агіду, а найперш страх. Вось гэта праўда ўлады! Калі б у нейкі дзень раптам не хапіла вінаватых, мы вымушаны былі б стварыць іх, бо яны ж нам патрэбныя, каб бесперастанна, у кожную хвіліну можна было публічна асуджаць і караць злачыннасць. Праўда, пакуль яна не пераможа канчаткова, не можа існаваць без свайго супраціўніка — фальшу. Непарушнасць нашай улады, сыне мой, залежыць перш за ўсё ад таго, каб страх — выключаючы жменьку дабравольна паслухмяных, — стаў паўсюдным, запоўніў усе сферы жыцця, усе сама патаемныя яго шчыліны і куточкі, каб ніхто не мог уявіць сабе жыцця без страху. Жонка няхай не давярае мужу, бацькі хай баяцца сваіх дзяцей, жаніх — абранкі, высокапастаўленыя — падуладных, і ўсе яны разам — усёведнай, усюдыіснай, карнай справядлівасці Святой інквізіцыі. Мы павінны мець многа правоў і многа страху, разумееш, мой сыне?
Халодны бляск месяца асвятліў раптам келлю, і ў гэтым незямным святле чорная постаць вялебнага айца Вялікага інквізітара як бы расла і раздавалася. Дыега, уражаны мёртвым святлом, заплюшчыў вочы.
— Ойча! — крыкнуў з роспаччу. — Царства страху ці не ёсць царства сатаны?
І ў гэты момант, чуючы рэха свайго голасу, пачаў падаць у прорву.
Абудзіўся ўвесь у поце, сэрца пульсавала моцнымі ўдарамі. У келлі быў змрок. У глыбіні гарэў аліўкавы каганец. Затое непадалёк ад ложка, заклаўшы рукі ў рукавы хабіты, стаяў падрэ дэ ла Куэста.
Брат Дыега паспешна падхапіўся і, хоць ледзь трымаўся на нагах, сілай прызвычаенасці схіліў галаву і скрыжаваў на грудзях рукі.
— Мір з табою, брат Дыега, — напаўголаса сказаў вялебны айцец. — Прынёс табе вялікую навіну.
Удалечыні азвалася сігнатурка сясцёр кармелітак. Дыега не смеў выпрастацца.
— Думаю, — трохі ўзвысіў голас падрэ дэ ла Куэста, — ты нават не здагадваешся, якое вялікае шчасце выпала табе.
— Ойча, — шапнуў Дыега.
Той з хвіліну маўчаў.
— Як твайму вярхоўніку дастойны і вялебны айцец Вялікі інквізітар, — сказаў нарэшце, — даручыў мне паведаміць табе, сыне, што ты закліканы на пасаду асабістага сакратара Вялікага інквізітара.
Дыега стаяў нерухомы. Не думаў зусім. Усё яшчэ адчуваў халодны пот на скронях і камяк у горле.
— Чакае цябе, мой сыне, вялікая будучыня, — сказаў падрэ дэ ла Куэста.
Брат Дыега толькі цяпер адважыўся паглядзець на яго. Прыёр стаяў за некалькі крокаў ад яго. Усміхаўся лагодна, а ў вачах у яго гарэла нянавісць.