— Ведаю, — усклікнуў Дыега, — ты хочаш забіць маю свядомасць.
Тарквемада ўсміхнуўся, нібы нешта разумеючы.
— Наадварот.
— Хочаш, каб яна была тваёй?
— Падсунь мне крэсла, сыне мой, — сказаў Тарквемада.
Дыега зрабіў гэта, пасля стаў перад ім.
— Хочаш забраць у мяне маю свядомасць, — паўтарыў ён.
Тарквемада рухам, быццам яму холадна, падцягнуў пад шыю цёмную сутану. Маўчаў, раздумваючы.
— Бог, сыне мой, — сказаў нарэшце, — асаблівай любоўю адарае палкія душы. Не часта людзям даецца палкасць. Калі ж, аднак, ты так багата адораны, тым болей, сыне мой, ты павінен думаць, якім мэтам служыць твая палкасць.
— А, дык усё-такі яна мая!
— Ці служыць царству божаму ці царству сатаны.
— Іначай, ойча, чым ты, я ўяўляю сабе царства божае.
Тарквемада падняў галаву, і позірк яго цёмных глыбока пасаджаных вачэй застыў на Дыега.
— Памыляешся, бо нават сама смелай думкай ты не патрапіш асягнуць царства божае. Ты не бачыш і не разумееш яго. Думаў ты калі: можа, палкасць твая — выява волі божай, можа, абяртаецца супраць яе? Ці набліжае перамогу праўды, ці бунтуе супраць асноў праўды? Ці наша гэта, хрысціянская палкасць, ці чужая нам духам, ератыцкая, варожая? З палкасцю, сыне мой, бывае так, як з кожнай чалавечай рэччу; не існуючы сама ў сабе, яна, у адарванні ад заблытаных спраў свету, можа абярнуць сваю гвалтоўную сілу як на дабро, так і на зло, адзін раз служыць праўдзе, а другі раз кіруе сваё дзеянне супраць яе? Ты хрысціянін?
— Ойча вялебны, калі б я не быў хрысціянінам, не кранала б мяне так віна маіх братоў.
— Ты сын царквы?
— Ойча, калі б царква магла гучна і свабодна гаварыць вуснамі праведных, дык на ўвесь свет, на ўсе хрысціянскія краіны разнёсся б страшлівы крык роспачы, не! што я кажу? не роспачы… крык гневу скалануў бы зямлю. Божа мой, што зрабілі з вучэннем Хрыста? Якую праўду можна знайсці там, дзе яна трымаецца толькі на хлусні, гвалце і прымусе? Хрыстос казаў, што любоў усё можа, горы здолее перанесці…
— Горы, горы! — голас Тарквемады па-старэчы заскрыпеў. — Павярхоўна, сыне мой, разумееш навуку Хрыстовую. Ты яшчэ не прасякнуўся ўсёй глыбінёю праўды. Што ты ведаеш пра шляхі, якімі належыць весці люд да збавення? Што ты ведаеш пра павольнае, векавечнае збудаванне божага царства? Ты са сваім вопытам, меншым за жменьку пяску. Што ты бачыў, што перажыў?
— Многае, ойча, бачыў. Бачыў сама жудасны гвалт, які чынілі з людзьмі, бачыў, як глуміцца годнасць чалавечая…
— А што ты ведаеш пра ажыццяўленне вучэння Хрыста? Што табе вядома са складанага ператварэння слоў у дзеянне? Ці ведаеш ты формы і памеры зла? Ці ведаеш ты абавязкі, якія садзейнічаюць упарадкаванню? А чалавек, натура чалавечая! Што ты ведаеш пра чалавека?
— Я сам чалавек.
— Які?
— Чалавек.
— У чалавечай форме і ератыкі і паганцы. Ці прызнаеш ты, што вучэнне царквы — адзіная праўда і няма, апроч яе, ніякай іншай праўды?
— Ойча, я не адступнік.
— А праўда — ці не ёсць яна дабро?
— Дабро, ойча. Найбольшае дабро.
— Калі ж праўда — гэта дабро, дык што такое скрыўленне праўды — ці не зло гэта? А зло, ці не трэба яго вынішчаць і ламаць? Ці мы павінны дазволіць, каб яно ўбіралася ў сілу? Не, мой сыне, не дастаткова толькі прызнаваць праўду. Праўду трэба абараняць ад усякіх яўных і замаскаваных падкопаў зла. Праўду трэба мацаваць штодзённа, кожную гадзіну і хвіліну.
«Адкуль гэта святло?» — зноў падумаў Дыега. І сказаў няўпэўнена:
— Ойча, а калі мы абараняем праўду нягоднымі сродкамі, дык ці не агняздуецца зло ў самым сэрцы праўды?