— Памыляешся, зноў памыляешся. Калі хто любіць праўду і падпарадкоўвае ёй сваё жыццё, тады любоў павінна заставацца для яго пачуццём усёахопным і звышупарадкаваным у сваёй незямной дасканаласці.
— Незямной?
— Бо трыумфальная любоў узносіцца над намі, як зорка, як святло ў начы, і, асвятляючы бездарожжа, каб чалавек не заблудзіўся, паказвае сапраўдныя шляхі. Хто ж, аднак, спяшаючыся да мэты, нясе ў руках зорку або жывы агонь паходні? Жар асляпіў бы нас, спапяліў бы. Толькі водбліск любові нам служыць.
— Водбліск?
— Гэта і ёсць пагарда. Любоў дазваляе бачыць і ахоплівае вялікія мэты прадвызначэння, аднак жа мы можам выяўляць гэтыя высокія мэты не праз яе, а праз пагарду.
— Ойча, я губляюся, не могучы паспець за тваімі думкамі. Ты кажаш — пагарда. А што такое пагарда?
— Зямныя рукі любові. І падумай цяпер, якія моцныя і дужыя, палкія і адважныя павінны быць гэтыя рукі, калі яны пераворваюць людскія душы і помыслы гэтаксама, як плуг пераворвае зямлю, каб размякчыць, падняць глебу, павырываць зелле і падрыхтаваць грунт пад пасеў і будучы плён.
— Ты ўвесь час гаворыш пра будучае. Царства божае!
— Мы жывём дзеля яго.
— У чалавека толькі адно жыццё.
— Адно зямное і адно вечнае… Ці ж з гэтай непаўтаральнасці не вынікае наказ не кідаць сваім жыццём, сваімі думкамі і ўчынкамі ценю на тых, хто прыйдзе пасля нас? Чаму адно хворае існаванне павінна атручваць другое, а грахі і злачынствы аднаго чалавека павінны класціся цяжарам на плечы іншых?
Дыега маўчаў. Яму здавалася, што недзе вельмі далёка, у глыбіні нязмерна мёртвага і халоднага святла месячнай ночы б'юць званы. Нейкую хвіліну Дыега прыслухоўваўся, Было ціха.
Спытаўся напаўголаса:
— Ойча, навошта кажаш мне ўсё гэта? Ці ж я ўжо не асуджаны?
Тарквемада ўстаў з крэсла.
— Так, гэта праўда, — сказаў амаль дзіцячым голасам. — Твой вырак зроблены.
Дыега схіліў галаву. «Нельга мне баяцца», — падумаў.
— Ты сам сабе сказаў вырак.
— Я?
— Ці ж ты не адважны і не палкі?
— Я?
— Ты! І таму ты наш. Нічога не кажы, потым будзеш гаварыць. Мы ніколі не адмаўляемся ад таго, што наша. Думаеш, я не ведаю, як вакол Святых трыбуналаў збіраюцца, а часам і пралазяць у іх малыя і нікчэмныя, баязлівыя, людзі з карлікавай помслівасцю, ахопленыя прагай нажывы?
— Ведаеш і пагаджаешся?
— На жаль, мы мусілі пакуль што карыстацца і іх паслугамі, нават больш, мусілі цярпець іх нікчэмнасць, пакуль яны служаць нашым мэтам. А можа, ты думаеш, сыне, я не разумею, што не так сапраўднае вызнанне нашай справы і нашых мэт, як чэрпанне матэрыяльных каштоўнасцяў на ўмацаванне свецкай улады прываблівае да Святой інквізіцыі сама высокіх і годных асоб каралеўства? Так, мы сапраўды даём ім вялікія маёнткі і грошы, але, як бы ні расла, як ні мацавалася свецкая ўлада — наша ўсё ж вышэйшая за іхнюю, і калі цалкам авалодае чалавечымі думкамі, ніхто, ніякая сіла не здолее супрацьстаяць ёй. Мы павінны быць канчатковымі і адзінымі, разумееш, сыне? Але, каб мы сталі такімі, трон нашай улады павінны трымаць на сваіх далонях людзі нязломныя, як сталь, палкія і пільныя, адважныя і бязмежна адданыя. Ты будзеш адзін з іх. Ты не станеш аспрэчваць, што я ведаю гэта, а таму і прыйшоў да цябе, як да самога сябе. Ты адзін з нямногіх людзей, якія нараджаюцца з імкненнем да праўды. Патрэба ў ёй жыве ў табе, як кроў, як дыханне, як біццё сэрца. Ты памыляўся, блукаў, але, носячы ў сабе патрэбу праўды, як ты можаш ад яе ўцячы? Хочаш скочыць у прорву?
— Праўда, пра якую ты гаворыш, ойча, таксама як прорва. Чаму гэта так?
Тарквемада маўчаў.
— Ойча!
— Сыне мой, ты можаш яшчэ не разумець многіх складаных з'яў свету, але адно павінен ведаць з усёй, на якую толькі здольны, пэўнасцю, што толькі поўнае паслушэнства павінна запоўніць усе помыслы і ўчынкі чалавека, які змагаецца за праўду. Калі хочаш служыць веры, ты павінен падпарадкоўвацца ўсім яе абавязковым прынцыпам, без вагання, пытанняў і сумненняў, без ценю пабочных думак, з неабмежаваным даверам да кіраўніцтва.
— Нават не разумеючы?
— Калі праўда абсалютна запоўніць твае думкі, твае жаданні і ўчынкі, калі ты і яна станеце адзінствам, тады зразумеецца многае.