Уночы Еўку здушыла гарачыня, як з кавальскага мяха, з яе пагнала дух. Пачырванелi, налiлiся крывёю вочы. Задыхаючыся, яна пачала паказваць на разяўлены рот — там, калi падняслi лямпу, быў вiдаць набрынялы карычняваты патрэсканы язык. Назаўтра, як ад плачу, у яе распух i змянiўся твар, на iм распаўзлiся лiловыя плямы.
Еўка качалася ў гарачцы, скiдала з сябе злямцаваную коўдру i, задыхаючыся ад плачу i вырачыўшы невiдушчыя шкляныя вочы, выцягвала спруцянелыя рукi, лезла на сцяну, хваталася за яе растапыранымi пальцамi.
— Ах, матка найсвенша! — чапляючыся за абшморганую цэглу, старая Мондрыха злазiла з печы, скоранька здымала з цвiка ручнiк i, ткнуўшы яго ў вядро з вадою, прыкладвала Еўцы да лоба.
Ачуняўшы i прыйшоўшы да памяцi, Еўка ацiхала, гэтымi чырвонымi, як у ангорскага труса, вачмi глядзела на жоўты i звялы твар старое Мондрыхi i, уздрыгваючы i турзаючыся, засынала зноў.
На пяты дзень Алеся паклiкала Ваўчка.
Зухавата насунуўшы на адно вуха стракатую пляскатую кепачку, ён прыйшоў са сваiм тоўсценькiм, абшморганым на кантах сакваяжыкам. Зняўшы i павесiўшы на цвiк стракатую кепачку, доўга прытоптваў на патылiцы, закiнуўшы за вуха, рэдзенькi касмык валасоў, доўга мыў над вушатым цабэркам рукi, тады ўжо раскрыў, пстрыкнуўшы замком, свой карычневы з абшморганымi кантамi скураны сакваяжык. Зiркнуў на печ, дзе зза мурка выглядвала сiвая галава старое Мондрыхi, здзiвiўся:
— Ого, дак вы тут усе ўпокат ляглi.
— Не кажы, Марцiнка, — старая Мондрыха перавярнулася на бок, падперла рукою голаў. — I што гэта на нас упала, цi не кара боская? Я ўжо ж каторая пара хварэю i нiяк во не выкачаюся, як тая паршывая авечка, i на табе, яна во…
— Даўно? — Ваўчок выцягнуў з сакваяжыка аблезлую бляшаную трубачку.
— Каторы дзень… Гарыць, як агнём. Здаецца, на ёй i скура зварылася. А ўчора гарачка была.
Нямая Еўка, як малое дзiця, нечым заняўшыся, нерухома глядзела ў столь, толькi высунутая з-пад коўдры рука шкрабла дошку палка.
Ваўчок, прысеўшы на кукiшкi, злавiў гэтую руку, сцiснуў яе ў запясцi сваiмi кароткiмi тоўстымi пальцамi. I раптам прыжмурыўся, сабраўшы каля вачэй павучыну маршчын, засоп носам, адсунуў далей коўдру — на згiбе рукi ў Еўкi стракатымi плямамi чырванеў трут.
— Мо шкарлатына якая? — цiкуючы сюды адным вокам, спытала Алеся.
— Не-е-е, — пакруцiў галавою Ваўчок, страсаючы зноў з цеменi на вуха абсмыканую пасму валасоў. — Падазрэнне тут на другое.
Нямая цяжка сапла разяўленым ротам. Як падбiтая пташка, падазрона касiлася на Ваўчка, калi ён адкiнуў з яе коўдру, загукала тонкiм вострым крыкам, паднiмаючыся i нацягваючы нiжэй на ногi караткаватую споднюю сарочку.
— Каб як гэта яна ногi паказала — цi няма там гэтай сыпкi? — азiрнуўся туды на печ, на старую Мондрыху, Ваўчок. — Але я i так бачу…
— Дак што ж у яе, — старая локцямi падсунулася на самы край печы.
— Я прызнаю тыфус, — Ваўчок злавiў над вухам касмык тлустых блiшчастых валасоў, закiнуў iх на цемя, прыгладзiўшы рукою. — Але не шкодзiла б, каб збадаў iншы дохтар. Тут з мяне помач слабая.
— Ах, божачка ты мой! — голас старое Мондрыхi перасох i змянiўся. — Так што ж мы рабiцьмем? Каб хоць якое лякарства?..
— Падстрыгчы яе трэба. Хвароба заразлiвая. Каб бронь божа… — Ваўчок спадылба глянуў на Алесю, не дагаварыў.
— Што ты кажаш? — адступiлася ад палка Алеся.
Пасля ўжо, выйшаўшы ўслед за Ваўчком на двор i прытупнуўшы на сучачку, што забурчала на яго, нiкога ўжо не тоячыся, перапытала:
— Кажаш, заразлiвая?
— Дзiва што — тыфус, — махнуў сваiм задзёртым i перакошаным набок брылём Марцiн Ваўчок. Доўга не зводзячы з яе твару сваiх вачэй, прыкмячаў, што яна цяжарная: на пакатым лобе, на верхняй падпухлай губе, у ямачцы падбародка распаўзалiся карычняватыя, як рабацiнне, плямы, выцвiталi вочы, iх марыў сон.
Яна, злавiўшы гэты пiльны зiрк, зацяла ад злосцi губу i адвярнула голаў. Чула, што ён, ужо забегшы з другога боку, гаварыў:
— Не шкодзiла б нямую дзе асобна палажыць.
— А дзе ж ты яе паложыш? — раптам спытала яна, зверху зiркнуўшы на Ваўчка.
— I проўда, дзе ты яе паложыш пры нашых хатах, — Ваўчок адапхнуў каленам веснiкi, схаваўшыся за частаколам, сказаў:
— А нямая будзе жыць! Я ўжо бачу — хвароба пайшла на спад. Толькi пiць ёй болей давайце, пiць!.. А так — жыцьме…
«Яна-то жыцьме, а як я во пры iх», — падумала Алеся ўслед Ваўчку, i нешта злое працяло яе.