На Жэнiка з шоргатам панясло сухi калючы снег, завесiла ўсё рэдзенькаю сiваю занавескаю.
Праз яе Жэнiк убачыў, як махала зялёнымi лапамi, нiбы сiлiлася яшчэ падняцца, гонкая ружаватая хвойка. Пад яе камлём, уткнуўшыся галавою ў снег, адкiнуўшы вывернутую далоняю ўверх руку, варушыўся, быдта дыхаў яшчэ, Мацюшка Бортнiк. Распаласаваўшы, як нажом, каля лапаткi бурку, у плечы яму ўпiўся тоўсты сук.
Жэнiк учуў, што нейкi амярцвелы страх аблiвае яго, i закрычаў, ужо не помнячыся:
— Во, дзядзьку Мацюшку!..
— Што там у вас? Што? — грузнучы ў глыбокiм снезе i высока паднiмаючы каленi, першым сюды бег Марцiн Ваўчок.
— Дзядзьку Мацюшку… — Жэнiк хацеў крыкнуць «забiла», але азiрнуўея туды, дзе ляжала гонкая з жоўта-ружаватым камлём хвойка, — пад ёю яшчэ хроп, нiбы захлёбваўся кроўю, стары Бортнiк, турзалася яго сiняватая, што была вiдаць вышай каравае анучы, нага.
Мiльгаючы за чорнымi, зеленаватымi камлялi хвоек, сюды беглi мужчыны. Збiўшы аб раскiдзiсты куст арэшнiку сваю шапку i прытоптваючы яе на галаве, сiгаў кашалеўскi ляснiк.
Мiця падбег сюды, калi мужчыны, падважыўшы дручком, паднiмалi хвойку: з-пад яе быстры i мэнткi Ваўчок выцягваў Мацюшку Бортнiка.
Узяўшыся за слiзкi ад лускi i настылы камель, каб памагчы мужчынам, Мiця ўбачыў, што ў Мацюшкi, закацiўшыся пад лоб, застылi нежывыя з сiняватымi бялкамi вочы, а на цеменi чырванеў цёмны, растоплены ад гарачае крывi снег, i не вытрываў, адышоўся ад мужчын. У грудзях пераварочвалася гарачыня.
Баяўся нават азiрнуцца на астатнюю падводу i потым, калi ўжо ехалi дадому, везучы на дзвюх, увязаных ланцугамi дзеравiнах накрытага выцвiлаю радзюжкаю нябожчыка. Перад вачыма ўсё стаяў гэты скамянелы твар i закочаныя пад лоб вочы з сiняватымi бялкамi, гэтая ружаватая, перамешаная са снегам кроў на цеменi.
На памяць набегла нават тое здарэнне, як улетку варочаўся з сяла дадому i раптам учуў, што пад Раковым плотам упоцемку нешта варушылася. Мiцю падалося, што гэта асiплы Ракоў сабака, што знянацку, не брэшучы, кiдаўся на людзей. Нагою абмацаў на сцежцы камень, выграб яго з пяску i шпурнуў туды пад плот, пацэлiўшы ў нешта жывое i мяккае. Але замест сабачага вiску ўчуў п’яны голас. Жахнуўшыся ад сполаху, што мо расквасiў па дурасцi каму голаў, пазнаў па голасе Мацюшку, кiнуўся назад, за гумнамi ўжо, як злодзей, прыбег дадому. Пасля гэтага саромеўся дзе сустрэцца з Мацюшкам — хоць той сп’яна ды ўпоцемку наўрад цi пазнаў.
Цяпер зрабiлася брыдка за тое леташняе здарэнне. Падумалася невядома чаму, што i сам незнарок мог забiць чалавека.
Хаваючыся ад ветру за каня, наперадзе iшоў Ваўчок. Уцягваў голаў у настаўлены каўнер. З хмурнага неба зноў пагнала косы снег, перамятаючы рудаватую шашу сiнявата-белымi палосамi.
Нечакана прыпынiўся, падняў на Мiцю чырвоны, спечаны ветрам твар, загаварыў, прыжмурваючыся ад калючага снегу, што гнала ў вочы:
— Я во, здэцца, i не адну чалавечую смерць бачыў, а сяраўно сцiшна на душы… Iншы раз думаеш — што ты значыш на гэтым свеце, — нiчога. Раз — i нямашука, як таго Мацюшкi.
У вёсцы фурманкi ўжо захапiў вечар.
Дзерава скiдалi на вулiцы каля Ваўчковай хаты, памаленьку зняўшы на радзюжцы i паклаўшы на снег скарчанелага Мацюшку.
Учуўшы пра бяду, сюды ўжо збягалiся бабы. Нехта ўжо наказаў Мацюшкавым. У лёгкiм каптанiку, з аб’еханай на плечы суконнай хусткай, сюды ўжо, слiзгаючы ў саннай каляiне, спяшалася Мацюшкава Сабiна. Мiця, каб не чуць звар’яцелага, што працiнае сэрца, бабскага крыку, скоранька выкiраваў каня на сваю вулiцу. Спяшаўся, чакаў моцнага, што надарвецца, жалоснага енку. Але яго не было, пачулася адно нейкае здушанае i глухое:
— Авой, а божачка мой! Авой!
Азiрнуўшыся, убачыў, як там, каля радзюжкi, дзе ляжаў стары Бортнiк, расступiлiся бабы i як, заламаўшы рукi, пахiснулася i абвяла, мусiць, страцiўшы прытомнасць, Сабiна.
Ужо на сваiм надворку ўчуў нейкi раптоўны, з падвываннем енк — туды, пэўна, бегла старая Бортнiчыха.
На тупат каня з хаты высунуўся бацька, задзёр голаў, паслухаў, спытаў, рассупоньваючы каня:
— Што гэта там за гамана?
— Мацюшку забiла.
— Як?
— Хвойка… У лесе…
— Во работнiкi! — спатыкаючыся на слiзкiх гулах лёду, скоранька спусцiўся да веснiкаў, адтуль яшчэ загадаў: — Глядзi, токi каня цяпер не паi, счакай, хай астыне. Я падбягу гляну. Во работнiкi, iцi тваю ма…
У хаце, нiчога яшчэ не ведаючы, сядзела пры нiзкай, павешанай на доўгi дрот лямпе Хрысця, цыравала, нацягнуўшы на шклянку, суконную панчоху. Счакала, покуль раздзенецца Мiця, паднялася з лавы:
— Мо павячэраеш? — I засмяялася: — Пытаю. Дзiва што! Выгаладаўся, нябось?
— Не хачу, — Мiця, прысеўшы на парозе, сцягваў валёнак.